Апэратары электрасувязі ў Беларусі будуць мець абавязак пытаць абанэнтаў пра якасьць сваіх паслуг

Ілюстрацыйнае фота

З новай пастановай выступіў урад Рэспублікі Беларусь.

У Беларусі ў апэратараў электрасувязі зьявіўся абавязак праводзіць апытаньні абанэнтаў аб якасьці паслуг. Гэта вынікае з пастановы ўраду «Аб радыёчастотным спэктры», якую 5 сакавіка падпісаў прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын.

Размова пра якасьць паслуг электрасувязі, а таксама працу сеткі электрасувязі і абслугоўваньня абанэнтаў. Апытаньне можа адбывацца з дапамогай як SMS-паведамленьняў, так і тэлефонных званкоў.

Дакумэнт таксама абавязвае апэратараў электрасувязі не дапускаць на асабовым рахунку абанэнта запазычанасьці звыш пяці базавых велічыняў (цяпер 225 рублёў). На думку ўраду краіны, гэта дазволіць выключыць ненаўмыснае ўзьнікненьне ў абанэнта значных сумаў запазычанасьці ў роўмінгу.

Акрамя таго, за кошт аптымізацыі працэдур атрыманьня дазволу на права выкарыстаньня радыёчастотнага спэктру, як разьлічваюць чыноўнікі, тэрмін будаўніцтва аб’ектаў сотавай сувязі скароціцца больш як на 50 дзён. Ва ўрадзе ўдакладнілі, што гэта дапаможа палепшыць якасьць сотавай сувязі ў краіне.

Для тых, у каго ёсьць дазвол радыёаматара, вызначылі памер штогадовай платы за карыстаньнем радыёчастотнага спэктру — 0,2 базавай арэнднай велічыні за кожны выкарыстоўваны радыёэлектронны сродак.

Сёлета ў Беларусі зьявілася абмежаваньне па хуткасьці інтэрнэту на тарыфных плянах зь безьлімітным трафікам. Пры перавышэньні парогу 30 ГБ у месяц хуткасьць зьменшыцца да 1 Мбіт/з.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалі дзейнічаць абмежаваньні мабільнага інтэрнэту

Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у прамысловасьці, энэргетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым разьвіцьці Юры Панфілаў сьцьвярджаў, што абмежаванай хуткасьці — 1 Мбіт/с — усё роўна хапае, каб кантактаваць у мэсэнджарах, чытаць навіны і нават размаўляць празь відэазванок.

Абмежаваньні, якія набылі моц 23 лютага, датычацца толькі мабільнага інтэрнэту. Для хатняга яны ня дзейнічаюць — гэта дротавы інтэрнэт.

Пры гэтым зь «перагрузкай сеткі», на якую скардзяцца ўлады Беларусі, ня ўсё так проста. Супольнасьць InformNapalm правяла расьсьледаваньне і высьветліла, што вышкі беларускіх мабільных апэратараў выкарыстоўвалі расейскія вайскоўцы пры атаках на Ўкраіну. 27 лютага міністар абароны Ўкраіны Міхайла Фёдараў заявіў, што Ўкраіна змагла зьнішчыць сучасную сыстэму сувязі, якая дапамагала расейскім дронам залятаць на поўнач Украіны зь беларускага кірунку.

«Нам удалося зьліквідаваць Mesh-сетку, якую выкарыстоўвалі „Шахеды“ на поўначы, што пазытыўна паўплывала на абароназдольнасьць Кіева і цэнтральнай часткі Ўкраіны», — працытавала Міхайлу Фёдарава выданьне «Українська правда».

У той жа час ён не ўдакладніў, як гэта ўдалося зрабіць і якім чынам сыстэма працавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Ўкраіны заявіў аб зьнішчэньні сыстэмы сувязі, якая абслугоўвала расейскія дроны з боку Беларусі