Згодна з пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі № 38, апэратары будуць абавязаныя падаваць абанэнтам пачатковы пакет у памеры 30 ГБ трафіку на максымальнай хуткасьці. Але пасьля перавышэньня гэтага аб’ёму хуткасьць злучэньня стане зьмяншацца. Як толькі трафік дасягне 30 ГБ, яна будзе абмяжоўвацца, але не ніжэй за гарантаваны парог у 1 Мбіт/с.
У міністэрстве растлумачылі, што такія захады прынялі праз «значнае спажываньне рэсурсаў сетак сотавай сувязі асобнымі абанэнтамі».
Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у прамысловасьці, энэргетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым разьвіцьці Юры Панфілаў сьцьвярджае, што абмежаванай хуткасьці — 1 Мбіт/с — усё роўна хапае, каб кантактаваць у мэсэнджарах, чытаць навіны і нават размаўляць празь відэазванок.
«Нават меншая хуткасьць дазваляе працаваць у сетцы бяз страты якасьці. Таму ніякіх праблемаў не паўстане. У пастанове № 38 ёсьць агаворка: калі карыстальнік перавысіў 30 ГБ, ён можа купіць дадатковыя гігабайты — ці аб’ём, ці час», — дадаў дэпутат, якога цытуе «Точка».
Абмежаваньні, якія набываюць моц 23 лютага, датычацца толькі мабільнага інтэрнэту. Для хатняга яны ня дзейнічаюць — гэта дротавы інтэрнэт.
Паводле Панфілава, калі тэхналёгіі 4G і 5G будуць разьвівацца, а інфраструктурны апэратар і апэратары мабільнай сувязі павялічаць прапускную здольнасьць, ліміт можа вырасьці.
Пэтыцыя супраць абмежаваньняў
Свабода пісала, што ў сеціве зьявілася пэтыцыя да Міністэрства сувязі з просьбай перагледзець абмежаваньні хуткасьці мабільнага інтэрнэту для безьлімітных тарыфаў на 30 Гб і больш.
Зь ведамства прыйшоў адказ за подпісам намесьніка кіраўніка Паўла Ткача. Там параілі, наколькі мага, адначасова з паслугамі сотавага апэратара выкарыстоўваць паслугі стацыянарнай электрасувязі ад РУП «Белтэлекам». Пастанову не пераглядалі.
У Міністэрстве сувязі растлумачылі, што мера нібыта накіраваная на зьніжэньне перагрузкі сетак. Гэта зьвязана з тым, што «цяпер фіксуецца значнае спажываньне рэсурсаў сетак сотавай сувязі асобнымі абанэнтамі, што адмоўна адбіваецца на якасьці паслугаў сотавай сувязі ў цэлым для большасьці звычайных абанэнтаў, якія адзначаюць нізкія хуткасьці перадачы дадзеных у сетках сотавай сувязі».
Адмыслоўцы ў галіне сувязі адзначалі разам з гэтым, што тэхнічная база беларускай сотавай сувязі не паляпшаецца, старэе, а тарыфы пры гэтым растуць.
Беларускія вышкі і расейскія дроны
Пры гэтым зь «перагрузкай сеткі», на якую скардзяцца ўлады Беларусі, ня ўсё так проста. Супольнасьць InformNapalm правяла расьсьледаваньне і высьветліла, што вышкі беларускіх мабільных апэратараў выкарыстоўвалі расейскія вайскоўцы пры атаках на Ўкраіну.
На верасень 2025 году аналіз дадзеных, перахопленых у чатах расейскіх апэратараў бесьпілётнікаў, паказаў, што Расея актыўна выкарыстоўвае цывільную інфраструктуру, у прыватнасьці, вышкі сотавай сувязі ў Беларусі, для пракладкі маршрутаў сваіх бесьпілётнікаў. Такім чынам яны забясьпечвалі стабільны сыгнал і спрабавалі дасягнуць цэляў на паўночнай і заходняй межах Украіны.
«Яшчэ ў верасьні 2025 году [украінскім] партнэрам у NATO была пададзеная апэратыўная інфармацыя аб тым, што палёт дзясяткаў расейскіх бесьпілётнікаў у Польшчу ў ноч з 9 на 10 верасьня 2025 году быў элемэнтам практыкаваньня ў новай тактыкі і магчымасьцяў цывільнай сотавай інфраструктуры Беларусі з мэтай далейшага плянаваньня ўдарных апэрацыяў па лягістычных маршрутах на тэрыторыі як Украіны, так і Польшчы, каб адрэзаць Украіну ад паставак заходняга ўзбраеньня і тэхнікі», — сьцьвярджае расьсьледніцкая супольнасьць.
Форум