Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку лютага ў Беларусь заляцелі мінімум тры расейскія баявыя бесьпілётнікі — «Флагшток»

Бесьпілётнік, ілюстрацыйнае фота
Бесьпілётнік, ілюстрацыйнае фота

Некаторыя расейскія атакі на тэрыторыю Ўкраіны працягваюць адбывацца праз тэрыторыю Беларусі, дроны ляцяць «транзытам».

З пачатку лютага зафіксавана ўжо сама меней тры выпадкі, калі на тэрыторыю Беларусі заляталі расейскія баявыя бесьпілётнікі, паведамляе «Флагшток» са спасылкай на ўкраінскія маніторынгавыя каналы «Рында мониторит» і «еРадар».

Апошні выпадак адбыўся раніцай 7 лютага, калі «адзін робат вылецеў у Гомельскую вобласьць праз Чарнобыль», а пазьней БПЛА «ляцеў курсам на Чарнобыль зь Беларусі». Праўдападобна, гэта быў адзін і той жа бесьпілётнік.

Уначы 6 лютага расейскі дрон рухаўся зь Беларусі ў бок гораду Оўруч, што ў Жытомірскай вобласьці Ўкраіны. Пра месца і час залёту дрону ў беларускую паветраную прастору не паведамлялася.

Днём 5 лютага пара бесьпілётнікаў «залятала ў Беларусь, каб уздоўж мяжы накіравацца на Кіеўшчыну або Жытоміршчыну»; аб тым, што зь імі было далей, невядома.

У студзені былі зафіксаваныя восем выпадкаў, калі расейскія дроны заляталі на тэрыторыю Беларусі.

У сьнежні 2025 году не было ніводнага пацьверджанага факту перасячэньня беларускай мяжы, у лістападзе — чатыры, паведамляе выданьне.

На сустрэчы са старшынём Дзяржаўнага памежнага камітэту Канстанцінам Моластавым і іншымі сілавікамі 12 студзеня ў Менску Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што беларуская сыстэма абароны прапускае чужыя бесьпілётнікі. Ён выказаў сумнеў, ці здольныя такія сыстэмы ліквідаваць пагрозу ў 100% выпадкаў.

Раней стала вядома, што Мазырскі НПЗ атачылі сыстэмамі проціпаветранай абароны.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG