Аб прысудзе лідэру гурту «Палац» Алегу Хаменку стала вядома 4 сакавіка 2026 году. За кратамі музыка знаходзіўся з 17 чэрвеня 2025 году, калі яго затрымалі, правялі ператрус у ягонай кватэры і абвінавацілі ў супрацы з «экстрэмісцкім фармаваньнем» — беластоцкім «Радыё Рацыя».
Алег Хаменка жыў і працаваў у Менску, да лета 2025 году выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў.
Фальклёр народаў сьвету, «Гіт-парады»
Беластоцкае «Радыё Рацыя» заснавалі дзеячы беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы ў канцы 1990-х. Алег Хаменка пачынаў супрацоўнічаць зь ім, калі «Рацыі» яшчэ не было ў так званым «экстрэмісцкім сьпісе». Спачатку вёў там «Гіт-парад», потым музычную праграму «Фольк-брама».
Праграмны дырэктар «Радыё Рацыя» Юрка Ляшчынскі ведае Алега Хаменку з пачатку 1990-х — з таго самога фэсту «Басовішча» 1992 году, на якім «Палац» фактычна і стаў зорным гуртом. Потым Ляшчынскі часта сустракаўся з Хаменкам і ў Польшчы, і ў Беларусі. У выніку музыку запрасілі да супрацы з «Радыё Рацыя», кажа Ляшчынскі ў размове з Свабодай.
«Басовішча» 1992. Вядоўцы Барбара Пякарская і Аляксандар Максімюк на сцэне. Журналісты: Юрка Ляшчынскі і Ўладзімер Пац
«Алег вёў некалькі чыста музычных праграмаў. Адна зь іх, „Фольк-Брама“ — пра фальклёрную музыку розных краінаў сьвету. Гэтая праграма ішла доўгі час, мы яе запускалі да апошняга (калі Алег яе ўжо не рабіў — бралі выпускі з архіву): як у Галяндыі сьвяткуюць народныя сьвяты і што сьпяваюць, або як у Афрыцы. Гэта праграма слухалася, мела добрыя рэйтынгі і сапраўды была цікавая», — апавядае Ляшчынскі.
Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што Алег Хаменка рыхтаваў «Фольк-Браму» да таго, як «Рацыю» ў Менску прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Таксама Хаменка веў на радыё «Гіт-парад» — такую праграму маюць, бадай, усе FM-станцыі сьвету.
«Якая песьня больш папулярная, якая менш, што людзі любяць, чаго ня любяць. У нас былі толькі беларускамоўныя песьні (не ўсясьветныя гіты). Таксама ў яго была важная праграма „Музыка тыдня“. Яшчэ „Фабула і футура“ — разважаньні пра мінулае і пра будучыню з падабранай да кантэксту музыкай», — узгадвае Юрка Ляшчынскі.
«Ніякай палітыкі»
Праграмны дырэктар Радыё Рацыя паракананы, што ўлады Беларусі перасьледуюць ўсё беларускае і ў краіне, і за яе межамі.
«Ніякай палітыкі ў праграмах Алега не было. Што было зьвязана зь Беларусьсю, — гэта мова: усе праграмы ішлі па-беларуску. Такая праграма магла аднолькава гучаць і на ангельскай мове, і на польскай», — разважае Юрка Ляшчынскі.
Скрыншот сайту "Радыё Рацыя" з навінамі аб блякаваньні
Ён дадае, што для ўсяго калектыву «Радыё Рацыя» было вялікім шокам, калі Алега затрымалі ўлетку.
«Затрымалі незразумела за што. І зараз у нас шок — тры гады за музычныя асьветніцкія і забаўляльныя праграмы!» — не хавае эмоцыяў польскі журналіст.
Іншых журналістаў «Радыё Рацыя» таксама затрымлівалі ў Беларусі, некаторыя за кратамі і зараз. Асобныя людзі ёсьць у агульных сьпісах вышуку беларускага і расейскага МУС, дадае Юрка Ляшчынскі.
У лютым 2022 году генэральная пракуратура Беларусі абвясьціла «экстрэмісцкімі» матэрыялы сайту «Радыё Рацыя». У кастрычніку 2023 году «экстрэмісцкімі» прызналі Telegram-канал і старонку на Facebook, а таксама лягатыпы радыё. У студзені 2024 году КДБ абвесьціў радыё «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Зоркі «Басовішча»
Фольк-рок-гурт «Палац» стаў знакамітым у 1992 годзе, пасьля перамогі на супэрпапулярным тады беларускім рок-фэсьце «Басовішча», што праводзілі на Падляшшы. «Палац» у той час быў зусім маладым калектывам, які стварылі выпускнікі і студэнты так званага «Кулька» — так называлі Інстытут культуры, цяперашні Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў. Усе гралі модны тады heavy metal. А толькі што створаны «Палац» граў зусім нязвыклую музыку — «этна-фольк-рок-мадэрн», як акрэсьлівалі свой жанр самі музыкі.
Алег Хаменка падчас выступу, архіўнае фота
За аснову рэпэртуару «Палац» браў беларускія народныя песьні, якія аранжавалі адпаведна сучасным тэндэнцыям. Былі прэстыжныя фэстывалі, прэмія Radio France International у 1993 годзе, EBU Contemporary Folk Music Festival (Нямеччына, 1994), перамога ў беларускіх «Рок‑каранацыях» 1996 і 2001-га, кліп году «На турэцкіх палях» у 2001-м, здымкі ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая» і ў сэрыяле «Вышэй за неба». Алег Хаменка арганізоўваў і вёў фэстывалі «Камяніца» і Bela Music, вёў музычныя праграмы на FM-радыёстанцыях.
У сярэдзіне 2010-х гурт трапляў у «чорныя сьпісы», у 2012 годзе забаранялі юбілейны канцэрт да 20-годзьдзя гурту ў Менску, у Тэатры беларускай драматургіі. Толькі пасьля ўмяшаньня тагачаснага міністра культуры Паўла Латушкі канцэрт дазволілі.
147 дзеячоў культуры за кратамі
З 2020 году ў Беларусі рэпрэсавалі дзясяткі тысяч чалавек, сярод іх — сотні культурных дзеячоў і творцаў. Затрымліваць музыкаў і дыджэяў пачалі яшчэ да выбараў, многіх саджалі на «содні» за ўдзел у вулічных канцэртах і дваровых чаяваньнях.
Зараз у зьняволеньні з палітычных прычынаў трымаюць як мінімум 147 дзеячоў культуры (паводле зьвестак Беларускага ПЭН на 15 лютага 2026 году).
Найбольшыя тэрміны прысудзілі музыкам гурту Tor Band, які займеў папулярнасьць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году. Многія іхныя песьні сталі гітамі зь мільёнам праглядаў: «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021–2022 гадах музыкі таксама выпусьцілі творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».
Музыкі Tor Band Зьміцер Галавач, Яўген Бурло, Андрэй Ярэмчык асуджаныя на тэрміны ад 7 гадоў і 6 месяцаў да 9 гадоў калёніі за музыку, якую ўлады Беларусі прызналі «экстрэмісцкай». Сам гурт таксама прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
У 2021 годзе бубнач Аляксей Санчук быў асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Удзельнік «Крамбамбулі» і іншых гуртоў Улад Плюшчаў атрымаў 3 гады няволі.
Многія музыкі ўжо адседзелі свае тэрміны і выйшлі на свабоду. Да прыкладу, заснавальнікі гурту Irdorath Уладзімер і Надзея Калачы, Пётра і Юлія Марчанкі адбылі ў калёніі па 2 гады зьняволеньня і зьехалі ў Нямеччыну. Траплялі за краты і ўдзельнікі «Эўравізіі» з гурту Litesound браты Каракіны. Вядомы беларускі сьпявак Іван Вабішчэвіч («Дзядзя Ваня») адбывае «хатнюю хімію».
Вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі вядомыя беларускія «зоркі» Лявон Вольскі. Уладзімер Пугач, Юры Стыльскі, Уладзіслаў Наважылаў, Піт Паўлаў ды іншыя.