Ад расейскіх удараў ва Ўкраіне сама меней тры чалавекі загінулі. Украінскія сілы атакавалі НПЗ у Саратаве

Порт у Чарнаморску Адэскай вобласьці, дзе расейскія войскі пацэлілі ў цывільны карабель. Ілюстрацыйнае фота

У ноч на 5 сакавіка расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 155 дронамі, 18 зь якіх пацэлілі па 8 лякацыях.

Кіраўнікі некалькіх рэгіёнаў Украіны паведамілі аб загінулых і параненых

Расея атакавала больш за 100 населеных пунктаў Украіны

У Днепрапятроўскай вобласьці расейскія войскі наносілі ўдары па некалькіх раёнах, два чалавекі атрымалі раненьні. Найбольш пацярпеў Крывы Рог — там адбылося некалькі пажараў, пашкоджаная транспартная інфраструктура. У Сінельнікаўскім і Нікапальскім раёнах шмат разбурэньняў у прыватным сэктары, пацярпела пажарная частка.

У Херсонскай вобласьці ад абстрэлаў пацярпелі 35 населеных пунктаў, у тым ліку Херсон. Тры чалавекі загінулі і чатыры атрымалі раненьні. Расейскія войскі цэлілі ў крытычную і цывільную інфраструктуру, пашкоджаны адзін шматпавярховы дом і 11 прыватных будынкаў.

У памежнай з Расеяй Сумскай вобласьці тры чалавекі атрымалі раненьні. За апошнія 24 гадзін ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 33 населеныя пункты рэгіёну.

Запароскую вобласьць расейская армія атакавала з баявой авіяцыі, артылерыі і пры дапамозе дронаў. Паводле ўладаў, ад абстрэлаў пацярпелі 32 населеныя пункты. Інфармацыі аб пацярпелы і ахвяр пакуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзем адбудоўваць. Калі не зжывуць нас зусім». Рэпартаж з прыфрантавой украінскай вёскі. ВІДЭА

У Адэсе расейскія войскі пацэлілі ў цывільны карабель

Улады Адэскай вобласьці паведамілі, што ўвечары 4 сакавіка расейскі войскі нанесьлі ўдар па цывільным караблі ў акваторыі Чорнага мора. Ёсьць пацярпелыя сярод чальцоў экіпажу.

Гэта адбылося ўвечары 4 сакавіка падчас выхаду карабля пад сьцягам Панамы з порту Чарнаморску. На ім перавозілі кукурузу. Экіпаж эвакуявалі.

Украінскія сілы спрабавалі зноў атакаваць Саратаўскі НПЗ

Губэрнатар Саратаўскай вобласьці Раман Бусаргін паведаміў аб трох пацярпелых у выніку атакі бесьпілётнікаў. Паводле яго, пашкоджаныя вокны ў некалькіх сацыяльных установах і жылых дамах.

Украінскі маніторынгавы канал Supernova+ паведаміў, што мэтай атакі быў нафтаперапрацоўчы завод у Саратаве. Паводле Telegram-каналу «Настоящий Саратов», дрон зьбілі за некалькі сотняў мэтраў ад НПЗ, аскепкі бесьпілётніка ўпалі па-за жылой забудовы.

Паводле Міністэрства абароны Расеі, над Саратаўскай вобласьцю зьбілі 33 дроны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Татарстане пасьля ўкраінскай атакі загарэлася прамысловая зона аднаго з вузлоў нафтаправоду «Дружба»