Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Татарстане пасьля ўкраінскай атакі загарэлася прамысловая зона аднаго з вузлоў нафтаправоду «Дружба»

Нафтаздабыча ў Альмецьеўску (Татарстан, Расея). Ілюстрацыйнае фота
Нафтаздабыча ў Альмецьеўску (Татарстан, Расея). Ілюстрацыйнае фота

У адміністрацыі горада Альмецьеўск (Татарстан, Расея) паведамілі аб зьбіцьці дронаў, аскепкі якога выклікалі «лякальнае загараньне» на тэрыторыі прамысловай зоны.

«На месцы здарэньня працуюць экстранныя службы. Пацярпелых няма. Цяпер вядзецца работа па ліквідацыі наступстваў. Сытуацыя знаходзіцца пад кантролем, прамых пагроз для жыхароў раёна няма», — адзначаецца ў паведамленьні.

Паводле Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 23 лютага над Татарстанам зьбілі тры ўкраінскія бесьпілётнікі.

Маніторынгавыя ўкраінскія Telegram-каналы паведамілі, што ў Альмецьеўскім раёне пацярпела нафтаперапампоўвальная станцыя (НПС) «Калейкіна», якая зьяўляецца ключавым вузлом для забесьпячэньня работы нафтаправоду «Дружба».

На гэтай станцыі адбываецца працэс зьмешваньня нафты з розных расейскіх рэгіёнаў перад яе адпраўкай на экспарт. Станцыя забясьпечвае крытычны ціск і запампоўваньне сыравіны непасрэдна ў трубаправод «Дружба», а таксама на нафтаперапрацоўчыя заводы Татарстану.

Праз нафтаправод «Дружба» сыравіну атрымліваюць дзьве эўрапейскія дзяржавы — Вугоршчына і Славаччына.

27 студзеня расейскія войскі пацэлілі ў адзін з аб’ектаў нафтаправоду «Дружба» у горадзе Броды Львоўскай вобласьці, празь які адбывалася транспартаваньне расейскай нафты ў Эўропу. У выніку Вугоршчына і Славаччына вымушаныя былі шукаць альтэрнатыўныя шляхі паставак.

17 лютага ў Эўразьвязе заклікалі Ўкраіну адрамантаваць пасьля расейскага абстрэлу нафтаправод «Дружба» і аднавіць транзыт. Славаччына заявіла аб спыненьні паставак электраэнэргіі ва Ўкраіну, а Вугоршчына заблякавала крэдыт ЭЗ Украіне ў памеры 90 мільярдаў эўра, пакуль не будзе адноўлены транзыт нафты ў Вугоршчыну па нафтаводзе «Дружба». Апроч таго, Вугоршчына заявіла, што з гэтай жа прычыны будзе блякаваць 20-ы пакет санкцый Эўразьвязу супраць Расеі, які плянуюць разглядаць 23 лютага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG