Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе заклікалі Ўкраіну адрамантаваць пасьля расейскага абстрэлу нафтаправод «Дружба» і аднавіць транзыт

Нафтаправод «Дружба» на Дунайскім нафтаперапрацоўчым заводзе вугорскай групы MOL. Ілюстрацыйнае фота
Нафтаправод «Дружба» на Дунайскім нафтаперапрацоўчым заводзе вугорскай групы MOL. Ілюстрацыйнае фота

17 лютага прадстаўніца Эўрапейскай камісіі Анна-Кайса Ітканэн пацьвердзіла, што Брусэль падтрымлівае сувязь з Украінай наконт нафтаправоду «Дружба», праз пашкоджаньне якога ў канцы студзеня спыніліся пастаўкі расейскай нафты ў Вугоршчыну і Славаччыну.

«Мы падтрымліваем сувязь з Украінай адносна тэрмінаў рамонту нафтаправода „Дружба“ і таго, як хутка ён можа быць запушчаны», — заявіла Анна-Кайса Ітканэн журналістам у Брусэлі. Яна дадала, што выканаўчы орган ЭЗ гатовы склікаць разам з адпаведнымі бакамі надзвычайную каардынацыйную групу для абмеркаваньня альтэрнатыўных маршрутаў паставак паліва.

Ітканэн таксама заявіла, што «няма кароткатэрміновай рызыкі для бясьпекі паставак для Вугоршчыны і Славаччыны», бо яны маюць 90-дзённыя рэзэрвовыя запасы.

Як паведаміў эўрапейскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк, спыненьне паставак расейскай нафты праз нафтаправод выклікала напружанасьць паміж Украінай, з аднаго боку, і з Вугоршчынай і Славаччынай, з другога.

У той час як Кіеў сьцьвярджае, што прычынай пашкоджаньня 27 студзеня стаў напад расейскага бесьпілётніка, прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца заявіў 15 лютага, што Ўкраіна затрымала аднаўленьне патоку нафты, каб прымусіць Вугоршчыну адмовіцца ад вэта на будучае сяброўства Ўкраіны ў Эўрапейскім Зьвязе, і назваў гэта «палітычным шантажом».

Нягледзячы на забарону Эўрапейскім Зьвязам імпарту расейскай нафты па трубаправодах з прычыны вайны Крамля ва Ўкраіне, Вугоршчына і Славаччына, якія ня маюць выхаду да мора, атрымалі выняткі з гэтых санкцыяў.

16 лютага Будапэшт таксама выказаў жаданьне скарыстацца часовым выняткам на імпарт морам расейскай сырой нафты праз Харватыю з выкарыстаньнем трубаправоду Adria.

«Мы просім Харватыю дазволіць транспартаваньне расейскай нафты ў Вугоршчыну і Славаччыну трубаправодам Adria, бо наш вынятак з санкцыяў дае магчымасьць імпартаваць расейскую нафту морам у выпадку парушэньня паставак трубаправодамі», — напісаў міністар замежных справаў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта на плятформе X.

Кіраўнік міністэрства эканомікі Харватыі Антэ Шушняр заявіў аб гатоўнасьці даць рады вострым перабоям з нафтай у рамках заканадаўства ЭЗ. Разам з тым ён раскрытыкаваў Будапэшт і Браціславу за тое, што яны дагэтуль не змаглі дывэрсыфікаваць імпарт рэсурсаў з Расеі, і дадаў, што «трубаправод Adria гатовы, таму для якой-кольвек краіны ЭЗ не засталося ніякіх тэхнічных апраўданьняў, каб заставацца прывязанаю да расейскай сырой нафты. Барэль, набыты ў Расеі, можа здавацца «некаторым краінам таньнейшым, але дапамагае фінансаваць вайну і напады на ўкраінскі народ. Прыйшоў час спыніць гэтую вайсковую спэкуляцыю».

У справаздачы, апублікаванай 16 лютага Цэнтрам вывучэньня дэмакратыі (CSD), аналітычным цэнтрам у Баўгарыі, таксама адзначаецца, што Вугоршчыне не патрэбная расейская нафта, бо іншыя крыніцы лёгкадаступныя.

«Няма ніякіх тэхнічных або эканамічных падставаў, каб падаўжаць вынятак з санкцыяў для расейскай нафты ў Цэнтральнай Эўропе. Працяглая залежнасьць Вугоршчыны — гэта палітычны выбар, які аслабляе адзінства ЭЗ і падрывае давер да рэжыму санкцыяў. Паэтапная адмова ад расейскай сырой нафты да канца 2026 году — і магчымая, і неабходная для доўгатэрміновай энэргетычнай бясьпекі Эўропы», — сказаў Марцін Уладзіміраў, дырэктар праграмы CSD у энэргетыцы і клімаце.

На мінулым тыдні ў міністэрстве замежных справаў Украіны заявілі, што праз расейскую атаку на трубаправод «Дружба» спынілі транзыт нафты ў краіны Ўсходняй Эўропы.

27 студзеня ўкраінская кампанія «Нафтагаз» паведаміла аб пашкоджаньні аднаго з сваіх аб’ектаў у горадзе Броды Львоўскай вобласьці. У выніку лучаньня пачаўся пажар. Кампанія вымушана была тэрмінова спыніць тэхналягічныя працэсы, каб абараніць людзей і навакольле. У той жа час назву пашкоджанага аб’екту не ўдакладнілі.

Украінскія палітыкі заявілі, што расейскія войскі ўпершыню ўдарылі па нафтаправодзе «Дружба», празь які пастаўляліся нафтапрадукты ў Вугоршчыну і Славаччыну. Праз моцны пажар і шчыльны чорны дым у горадзе скасавалі заняткі ў школах, а жыхарам раілі зачыніць вокны і без патрэбы не выходзіць на двор.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG