Вугоршчына і Славаччына зьвярнуліся да Харватыі па дапамогу ў атрыманьні расейскай нафты пасьля перабояў з пастаўкамі нафта праз Украіну, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода.
«Мы просім Харватыю дазволіць транспартаваньне расейскай нафты да Вугоршчыны і Славаччыны праз трубаправод Adria, паколькі наш вынятак з санкцый дае магчымасьць імпартаваць расейскую нафту морам, калі трубаправодамі будзе парушана», — напісаў міністра замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта ў плятформе Х.
Кіраўнік замежна-палітычнага ведамства Вугоршчыны дадаў, што «бясьпека энэргапаставак краіны ніколі не павінна быць ідэалягічным пытаньнем».
«Таму мы чакаем, што Харватыя, у адрозьненьне ад Украіны, ня будзе ставіць пад пагрозу бясьпеку пастаўкі нафты Вугоршчыне і Славаччыне з палітычных матываў», — адзначыў ён.
Кіраўнік Міністэрства эканомікі Харватыі Антэ Шушняр адказаў, што Харватыя дзейнічала адказна і празрыста для рэгіянальнай энэргетычнай бясьпекі і зробіць гэта зноў для Вугоршчыны і Славаччыны, цалкам паважаючы ўкраінскіх саюзьнікаў.
«Мы гатовыя дапамагчы вырашыць вострыя перабоі ў рамках заканадаўства ЭЗ і правілаў OFAC...Трубапраод Adria гатовы, таму для любой краіны ЭЗ не засталося ніякіх тэхнічных апраўданьня, каб заставацца прывязанай да расейскай сырой нафты», — напісаў ён на плятформе Х.
Харвацкі міністар дадаў, што барэль, набыты ў Расеі, можа здавацца «некаторым краінам больш танным, але дапамагае фінансаваць вайну і напады на ўкраінскі народ. Прыйшоў час спыніць гэтую вайсковую спэкуляцыю».
На мінулым тыдні ў Міністэрстве замежных спраў Украіны заявілі, што праз расейскую атаку на трубаправод «Дружба» спынілі транзыт нафты ў краіны Ўсходняй Эўропы.
27 студзеня ўкраінская кампанія «Нафтагаз» паведаміла аб пашкоджаньні аднаго з сваіх аб’ектаў у горадзе Броды Львоўскай вобласьці. У выніку пацэльваньня пачаўся пажар. Кампанія вымушана была тэрмінова спыніць тэхналягічныя працэсы, каб абараніць людзей і навакольле. У той жа час назву пашкоджанага аб’екту не ўдакладнілі.
Украінскія палітыкі заявілі, што расейскія войскі ўпершыню ўдарылі па нафтаправодзе «Дружба», празь які пастаўляліся нафтапрадукты ў Вугоршчыну і Славаччыну. Праз моцны пажар і шчыльны чорны дым у горадзе скасавалі заняткі ў школах, а жыхарам раілі зачыніць вокны і без неабходнасьці не выходзіць на вуліцу.
Форум