Ваенная стратэгія Ірану: павысіць выдаткі на канфлікт, каб забесьпячыць канчатковае спыненьне агню

Фрагмэнты іранскага ўдару па амэрыканскай вайсковай базе ў Бахрэйне

Пакуль Злучаныя Штаты і Ізраіль вядуць вайну супраць Ірану, ягоныя ўлады пашыраюць тэатар баявых дзеяньняў і павышаюць выдаткі для Вашынгтону ў спробе забясьпечыць канчатковае спыненьне агню.

З 28 лютага Іран выпусьціў сотні ракет і бесьпілётнікаў, накіраваных на амэрыканскія ваенныя базы, а таксама ключавыя энэргетычныя і камэрцыйныя аб’екты ў Саудаўскай Арабіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Кувэйце, Бахрэйне і Катары — хаўрусьніках Амэрыкі ў рэгіёне, піша журналіст Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Кіан Шарыфі.

«Мэта ў тым, каб павялічыць выдаткі для Злучаных Штатаў — як наўпрост, так і ўскосна — каб пераканаць Вашынгтон, што ён ня можа дасягнуць посьпеху ў гэтай вайне. Тэгеран хоча прадэманстраваць, што гэта вайна, якую Злучаныя Штаты нz могуць выйграць, і таму ім трэба як мага хутчэй скончыць яе», — заявіў у інтэрвію радыёстанцыі Хамідрэза Азізі, супрацоўнік Нямецкага інстытуту міжнародных і бясьпекавых спраў.

Ад сыгналізаваньня да выжываньня

Іран ужо ў час папярэдніх канфліктаў, у тым ліку ў час 12-дзённай вайны з Ізраілем і ЗША ў чэрвені 2025 году, атакаваў амэрыканскія вайсковыя базы і бізнэс-інтарэсы ў рэгіёне, але гэтыя дзеяньні былі ў значнай ступені сымбалічнымі і вельмі сплянаванымі.

Ваенная пазыцыя Ірану цяпер, паводле экспэртаў, кардынальна зьмянілася пасьля таго, як вярхоўны правадыр аятала Алі Хамэнэі і некалькі ключавых супрацоўнікаў службы бясьпекі былі забітыя ў выніку ізраільскіх авіяўдараў 28 лютага.

«Іран, здаецца, робіць стаўку на адчувальнасьць адміністрацыі ЗША і іх заўрусьнікаў па ўсім сьвеце да росту цэнаў на энэрганосьбіты», — сказаў Азізі. «Гаворка ідзе ня толькі пра рэгіянальны ціск. Гаворка пра павелічэньне вагі на ўжо далікатным усясьветным рынку, які ўсё яшчэ адчувае наступствы вайны ва Ўкраіне».

Каля адной пятай паставак нафты ў сьвеце праходзіць праз Армускую пратоку, вузкі водны шлях, які злучае Пэрсыдзкую затоку з адкрытым акіянам. Іран раней разглядаў магчымасьць закрыцьця гэтага маршруту, што парушыла б усясьветныя пастаўкі нафты.

Выступаючы на тэлеканале «Аль-Джазіра», міністар замежных спраў Ірану Абас Аракчы 1 сакавіка прызнаў, што арабскія суседзі краіны «не задаволеныя» Іранам, але заклікаў іх «зразумець», што вайну пачалі Злучаныя Штаты і Ізраіль.

«Яны [дзяржавы Пэрсыдзкай затокі] не павінны ціснуць на нас, каб мы спынілі гэтую вайну. Яны павінны ціснуць на іншы бок», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адказаў, калі Ўкраіна можа дапамагчы краінам Блізкага Ўсходу зьбіваць іранскія дроны

Насычэньне і пагрозы «хістаньня»

На месцах ваенная рэчаіснасьць — гэта зьнясіленьне й вычарпаньне.

Фарзін Надымі, адмыслоўца ў пытаньнях абароны з Вашынгтонскага інстытуту, адзначыў, што Іран зрабіў высновы зь мінулых няўдач, разгарнуўшы свае самыя перадавыя сродкі, такія як балістычныя ракеты «Фатах-1» і «Хайбар Шэкан», каб перамагчы складаныя заходнія сыстэмы супрацьпаветранай абароны, разгорнутыя хаўрусьнікамі ЗША ў рэгіёне.

«На мэце стаіць, каб сыстэмы супрацьпаветранай абароны і цывільнае насельніцтва ў сховішчах знаходзіліся пад пастаяннай напругай», — сказаў Надымі ў інтэрвію радыёстанцыі «Радыё Фарда».

Ён адзначыў, што Іран падтрымлівае стабільны рытм запуску прыкладна 25 балістычных ракет у гадзіну, тэмп, прызначаны для вычарпаньня запасаў перахопнікаў.

За некалькі дзён іранскія бесьпілётнікі і ракеты ўразілі буйны газавы завод у Катары, нафтаперапрацоўчы завод у Саудаўскай Арабіі, амэрыканскую базу ў Кувэйце і буйны аэрапорт у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, сярод іншых мэтаў. Злучаныя Штаты і Ізраіль, са свайго боку, адказалі новым узроўнем настойлівасьці.

«Танкеры ВПС ЗША забясьпечваюць патрэбную падтрымку, каб дазволіць ізраільскім самалётам заставацца над сваімі мэтавымі раёнамі [у Іране] на працягу больш працяглых пэрыядаў — тое, што мы называем „базаваньнем“», — дадаў Надымі. «Калі яны змогуць утрымліваць гэтыя самалёты ў небе з больш магутнымі боепрыпасамі, яны змогуць назаўсёды вывесьці іранскія [ракетныя] пускавыя ўстаноўкі з цыклю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўтары хвіліны на каву, сырэны і бамбасховішчы. Гісторыі беларусаў, якія засьпелі ракетныя абстрэлы ў Ізраілі

«Стаўка на выжываньне»

Для Вашынгтону задача заключаецца ў тым, ці зможа сіла яго паветранай кампаніі зламаць Тэгеран, перш чым эканамічныя наступствы зламаюць рашучасьць яго хаўрусьнікаў.

Паведамляецца, што сталіцы краін Пэрсыдзкай затокі, якія калісьці актыўна падтрымлівалі стрымліваньне Ірану, цяпер усё больш асьцярожныя, бо іх сыстэмы супрацьракетнай абароны Patriot і Aegis, якія пастаўляюцца ЗША, перагружаныя.

Надымі папярэдзіў, што «засьляпленьне аднаго з гэтых „вачэй“ [радараў] можа паўплываць на працу ўсёй сеткі супрацьракетнай абароны ў рэгіёне».

Урэшце, канфлікт выйшаў за рамкі традыцыйнага аналізу выдаткаў і выгодаў.

«Калі рэжымы ўспрымаюць сваё выжываньне як пастаўленае на карту, яны могуць зьвярнуцца да крайніх захадаў, якія ня цалкам адпавядаюць рацыянальным разьлікам», — адзначыў Азізі. «У такім становішчы большасьць іншых меркаваньняў адыходзіць на другі плян. Прыняцьце рашэньняў засяроджанае на выжываньні, і гэта тыя рамкі, празь якія трэба разумець гэтую вайну на зьнясіленьне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найвышэйшы кіраўнік Ірану загінуў. Хто стане яго пераемнікам? Інфаграфіка


Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.