Чаму 10 гадоў таму дыялёг з Лукашэнкам спрацаваў, а цяпер — не працуе — Шрайбман тлумачыць розьніцу

Акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, Менск, 28 лютага 2016

28 лютага 2016 году набыла моц рашэньне Эўразьвязу скасаваць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Адрозьненьні і падабенства сытуацыяў тады і цяпер тлумачыць палітычны аналітык Арцём Шрайбман у праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам».

Паводле Шрайбмана 10 гадоў таму Эўразьвяз паставіў вельмі канкрэтную і простую ўмову: няма палітвязьняў — няма санкцыяў, і наадварот. Санкцыі тады былі сымбалічнымі. Тады ўлады ў 2015-м да пачатку 2017-га пашлі на фактычны мараторый на крымінальны перасьлед апанэнтаў і нават на вулічныя затрыманьні падчас акцыяў. Гэта дазволіла лідэрам апазыцыі, вызваленым тады — Міколу Статкевічу, Зьмітру Дашкевічу — праводзіць вулічныя акцыі, якія ў 2017 годзе перарасьлі ў маштабныя «маршы недармаедаў».

Цяпер, адзначае палітычны аналітык, Захад ня ставіць простую ўмову «няма палітвязьняў — няма санкцыяў». Зараз патрабаваньні ЭЗ нашмат шырэйшыя і больш жорсткія — спыненьне рэпрэсіяў, вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне ўдзелу ў вайне, спыненьне міграцыйнага крызісу. Гэта — перадумовы пачатку дыялёгу. Усе гэтыя ўмовы, разам з правядзеньнем свабодных выбараў, запісаныя ў рашэньнях Эўрасаюзу 2020 і 2024 гадоў).

Шрайбман адзначае, што цяпер і для Лукашэнкі стаўкі вырасьлі, у 2020 годзе ён бачыў, да чаго прыводзіць «аслабленьне гаек» унутры краіны, і баіцца паўтарэньня, асабліва на фоне бурных міжнародных падзеяў і набліжэньня часу транзыту ўлады з Беларусі.

Вайна і іншыя фактары зьмянілі прыярытэты: рэпрэсіі ўжо не адзіны і галоўны індыкатар адносінаў Беларусі з Захадам — падкрэсьлівае Шрайбман, паводле яго для многіх суседзяў Беларусі для нармалізацыі адносінаў зь Менскам ужо недастаткова проста вызваленьня ў Беларусі палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў.

Палітычны аналітык таксама параўнаў тагачасныя і цяперашнія дыскусіі ў беларускім грамадзтве наконт умоваў скасаваньня санкцыяў. Цяпер гаворыцца — нельга здымаць санкцыі, бо выправаджваюць палітвязьняў, рэпрэсіі не спыняюцца. Тады — нельга здымаць санкцыі, бо не рэабілітуюць вызваленых, свабодныя выбары не праводзяць.

Шрайбман тлумачыць гэтыя спрэчкі вечным падзелам на максымалістаў («журавель у небе») і мінімалістаў («сініца ў руках»). 10 гадоў таму «жураўлём» была рэабілітацыя і адмена некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Цяпер плянка значна вышэйшая — рэпрэсіі і ўдзел у вайне пераважылі ўсё астатняе, а пытаньне рэабілітацыі адышло на задні плян.

Паводле Шрайбмана кантэкст цалкам зьмяніўся, і проста паўтарыць мэханізм 2016 году ў 2026 годзе ўжо немагчыма — ні з боку Захаду, ні з боку рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Якія наступствы для Беларусі будзе мець новая вайна на Блізкім Усходзе, — меркаваньне Арцёма Шрайбмана