Ігар Кізім: Украіна праводзіць уласную палітыку адносна Лукашэнкі, нягледзячы на палітыку ЗША

Скрыншот з выступу прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, Кіеў, 24 лютага 2026 году

Былы амбасадар Ўкраіны ў Беларусі Ігар Кізім у праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказаў на пытаньне аб стаўленьні Ўкраіны да дыялёгу Вашынгтону з Лукашэнкам і аб магчымасьці дзеяньняў палку Каліноўскага ў Беларусі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію «Люстэрку» заявіў, што ня супраць дыялёгу Вашынгтону з рэжымам Лукашэнкі, але катэгарычна супраць аслабленьня ці скасаваньня санкцыяў. Ігар Кізім заявіў, што Ўкраіна мае і будзе весьці ўласную палітыку, асабліва ў рэгіянальных пытаньнях, адносінах з суседзямі і з рэжымам Лукашэнкі – агрэсарам.

Ён лічыць правільным больш арыентавацца на пазыцыю Эўразьвязу і найбліжэйшых суседзяў. Паводле яго, кожная краіна павінна праводзіць незалежную палітыку, яна можа раіцца і каардынаваць дзеяньні, але не капіяваць крокі іншых дзяржаваў.

Кізім паведаміў, што ўдзельнічаў у першых этапах перамоваў аб вызваленьні палітвязьняў. Паводле яго, гэтая ініцыятыва — больш гуманітарны трэк. Ён адзначыў, што зьмена пазыцыі ЗША (паслабленьне санкцыяў) не прывяла да аналягічных крокаў Эўразьвязу, на што разьлічваў Лукашэнка. «Украіна не пасылае ЗША сыгналу „не рабіце гэтага“ — няхай робяць што лічаць патрэбным, для Кіева гэта не мяняе сытуацыі істотна» — сказаў былы амбасадар Украіны ў Беларусі.

Расейскія добраахвотніцкія фармаваньні (РДК, Легіён «Свабода Расеі»), якія ваююць на баку Ўкраіны, праводзілі апэрацыі на тэрыторыі РФ. Полк Каліноўскага з 2022 году называў сваёй мэтай вызваленьне Беларусі, у тым ліку ўзброеным шляхам, але за 4 гады такіх апэрацыяў на тэрыторыі Беларусі не праводзіў. Ці магчыма, што будзе праводзіць?

Паводле Ігара Кізіма, прычына адрозных дзеяньняў гэтых злучэньняў — у адсутнасьці непасрэднага ўдзелу беларускага войска ў вайне супраць Украіны. Пакуль няма беларускай арміі на фронце — няма і непасрэднага ваеннага адказу Ўкраіны ў адрас Беларусі, — патлумачыў ён

Былы дыплямат пацьвердзіў, што полк Каліноўскага падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленьню выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і Міністэрству абароны ў цэлым. І полк выконвае тыя задачы, якія перад імі ставіць Міністэрства абароны. «Мы ваюем з Расеяй, але не зь Беларусьсю» — закончыў свой адказ Кізім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Кізім: Пасьля вайны адносіны з дэмакратычнай Беларусьсю адновяцца хутчэй, чым з Расеяй