Чатыры гады вайны на зьнясіленьне: наступствы для Расеі, Украіны і Беларусі

Беларускі вайсковец патрулюе мяжу з Украінай на фоне ўкраінскіх абарончых аб'ектаў каля памежнага пераходу Новая Гута, Гомельская вобласьць, Беларусь, 28 студзеня 2025 году

Сьцісла

  • Чым бы ні скончылася гэтая вайна, яна стане моцным каталізатарам дэградацыі Расеі.
  • Пачынаючы вайну, Расея хацела зьнішчэньня ўкраінскай дзяржаўнасьці, імкнулася зрабіць украінцаў часткай «рускага сьвету». А ў выніку яна атрымае на сваіх межаў на доўгія гады наперад краіну з самым моцным войскам у Эўропе, грамадзтва з моцнымі русафобскімі настроямі.
  • Для Беларусі ад пачатку гэта «чужая вайна», абсалютнае зло. Прычым, для ўсіх: улады, грамадзтва, апазыцыі.
  • Вайна рэзка паменшыла сувэрэнітэт Беларусі, суб’ектнасьць краіны, паставіла яе ў моцную залежнасьць ад Расеі, павялічылі міжнародную ізаляцыю.
Прайшло чатыры гады з пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны. Ва ўсе часы войны з удзелам вялікіх дзяржаў ці буйных кааліцый былі чыньнікам перадзелу сьвету, часта радыкальнай зьмены парадыгмы сацыяльных працэсаў, стварэньня новай сыстэмы бясьпекі і міжнародных адносін, перамены асноўных гульцоў.

Вайна Расеі супраць Украіны моцна мяняе сьвет

Расейска-украінскі ваенны канфлікт цягнецца больш, чым вайна СССР з фашыстоўскай Нямеччынай, якая ў афіцыйнай беларускай і расейскай гістарыяграфіі атрымала назву Вялікай Айчыннай вайны. Вынікам цяперашняй вайны сталі сотні тысяч загінулых, гуманітарная катастрофа для жыхароў буйных украінскіх гарадоў. Гэтая самае вялікае па маштабу ваеннае супрацьстаяньне ў Эўропе пасьля другой сусьветнай вайны.

Чацьвёртая гадавіна пачатку расейска-украінскай ваеннай канфрантацыі дае падставы зрабіць шэраг высноваў, спрагназаваць наступствы.

1. Вайна Расеі супраць Украіны моцна мяняе сьвет, бо гэта першая ваенная канфрантацыя пасьля 1945 году, якая адбываецца ў Эўропе, у цэнтры геапалітычнай лініі разлому. Яна стала трыгерам разбурэньня сусьветнага лібэральнага парадку, пабудаванага па заходніх лякалах. На нашых вачах памірае эпоха, нараджаецца новая, але пакуль невядома — якая.

2. Гэтыя чатыры гады паказалі, што калі ідзе вайна на зьнясіленьне, то эканамічная, ваенная іерархія, памер ВУП не маюць пераважнага значэньня. Важную ролю адыгрывае мадэль дзяржаўнага кіраваньня, палітычная воля.

Высьвятляюцца, што дыктатура мае перавагу падчас вайны. Расея можа не зьвяртаць увагу на ахвяры, гатовая кінуць усе рэсурсы на вайну. А дэмакратыі больш уразьлівыя, таму што іх урады павінны рэагаваць на грамадзкую незадаволенасьць.

NATO валодае больш, чым паловай ваеннага патэнцыялу сьвету, які пераўзыходзіць Расею больш чым у 25 разоў. Але краіны альянсу па розных прычынах не гатовыя задзейнічаць увесь гэты патэнцыял на баку Ўкраіны. А бедная, але таталітарная і мілітарызаваная КНДР можа даць Расеі больш зброі, чым разьвітыя і багатыя краіны Захаду — украінскай дзяржаве.

Вайна ва Ўкраіне і ядзерная зброя

3. Дасюль ядзерная зброя — і ў тэорыі, і на практыцы — была сродкам стрымліваньня ваеннага нападу. То бок яна прызначалася для папярэджаньня патэнцыяльнага праціўніка, а не для практычнага прымяненьня. Пагрозы Пуціна яе ўжыць рэзка зьніжаюць ядзерны парог. Гэта крок да таго, каб ядзерная зброя ператварылася ў рэальны інструмэнт вайны.

Акрамя таго, вайна наносіць яшчэ адзін удар па рэжыме нераспаўсюджаньня ядзернай зброі. Напрыклад, калі б Украіна валодала такой зброяй, Крэмль тысячу разоў падумаў бы, перш чым пачынаць цяперашнюю «спэцапэрацыю». І гэта будзе падштурхоўваць іншыя дзяржавы авалодаць ядзернай зброяй. У Эўразьвязе ўжо загаварылі пра неабходнасьць стварэньня эўрапейскага ядзернага шчыта. Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі заявіў пра сваю прыхільнасьць да ідэі валоданьня ягонай краінай уласнай ядзернай зброяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Горад ператварыўся ў суцэльную трасу дронаў». Рэпартаж з ускраін Канстанцінаўкі, куды спрабуе наступаць войска Расеі. ВІДЭА

4. Вайна ва Ўкраіне спрычынілася да своеасаблівай рэвалюцыі ў вайсковай справе. Яна ў значнай ступені абясцэніла традыцыйныя ўзбраеньні: самалёты, танкі, артылерыю, караблі ВМФ. Перавагу мае той, хто больш эфэктыўна выкарыстоўвае дроны, мае адпаведную інфраструктуру іх выкарыстаньня (Starlink). Таму беларускія ўлады, якія прынялі рашэньне будаваць вялізарны завод па вытворчасьці артылерыйскіх снарадаў, рыхтуюцца да мінулай вайны.

5. Вайна як сродак вырашэньня палітычных праблем стала шокам таму, што спажывецкае грамадзтва прадукуе іншыя ўяўленьні пра жыцьцёвыя каштоўнасьці. Гэта выснова актуальная нават для Расеі. Не выпадкова, там правялі толькі частковую мабілізацыю. У рэальнасьці расейскую вайну вядзе фактычна наёмнае войска, а вайскоўцы за ўдзел у вайне атрымоўваюць вялікія грошы.

Дэградацыя Расеі і дэзінтэграцыя постсавецкай прасторы

6. Чым бы не закончылася гэтая вайна, яна стане моцным каталізатарам дэградацыі Расеі. Разьвіцьцё краіны заблякаванае на інстытуцыянальным узроўні. Паскараецца тэхналягічны разрыў з краінамі Захаду і Кітаем. Цэлыя галіны эканомікі прыходзяць у заняпад: машынабудаваньне, авіябудаваньне, засваеньне касьмічнай прасторы.

Вайна аслабіць Расею, пагоршыць яе геапалітычнае становішча. Масква пачала вайну пад маркай не дапусьціць уваходу Ўкраіны ў NATO. А ў выніку ў NATO ўступілі Фінляндыя і Швэцыя.

Расея страчвае саюзьнікаў: Сірыю, Іран, Вэнэсуэлу. На чарзе — Куба.

Вынікам вайны ва Украіне стане дэзінтэграцыя постсавецкай прасторы. Чыньнік расейскай «мяккай сілы» рэзка зьменшыўся. Азэрбайджан, Армэнія аддаляюцца ад Расеі. Пяць краін СНД увайшлі ў Раду міра, створаную Трампам.

7. Пачынаючы вайну, Расея хацела зьнішчэньня ўкраінскай дзяржаўнасьці, імкнулася зрабіць украінцаў часткай «рускага сьвету». А ў выніку яна атрымае на сваіх межах на доўгія гады наперад краіну з самым моцным войскам у Эўропе, «стальнога дзікабраза». Прычым, цяпер украінцы — гэта грамадзтва з моцнымі русафобскімі настроямі.

Запушчаны працэс інтэграцыі Ўкраіны ў ЭЗ. Без вайны ўкраінская дзяржава такога шанцу не атрымала б.

8. Вайна ва Ўкраіне разбурае міфалягему пра Вялікую Перамогу, якую навязвае Расея.

Беларусь: кансэнсус адносна вайны

1. Для Беларусі ад пачатку гэта «чужая вайна», абсалютнае зло. Прычым, для ўсіх: улады, грамадзтва, апазыцыі. У краіне існуе кансэнсус па гэтым пытаньні. Нават тая частка насельніцтва, якая падтрымлівае Расею, выступае супраць удзелу Беларусі непасрэдна ў ваенных дзеяньнях. Краіна была ўцягнутая ў гэтую расейскую авантуру прымусам, насуперак сваёй волі. Першыя расейскія атакі на Ўкраіну адбываліся зь беларускай тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лёс Беларусі вырашыцца звонку, вонкавымі падзеямі». Вялікае інтэрвію зь Няўзоравым

Даволі паказальная пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі. Ён зусім не ганарыцца сваім статусам суагрэсара. Хутчэй апраўдваецца. Маўляў, Расея выкарыстала тэрыторыю Беларусі бязь ведама і згоды кіраўніцтва Беларусі. Яму больш падабаецца роля міратворца, якую ён увесь час імкнецца прэзэнтаваць.

2. Вайна рэзка зьменшыла сувэрэнітэт Беларусі, суб’ектнасьць краіны, паставіла ў моцную, часам, усёабдымную залежнасьць ад Расеі.

3. Саўдзел у расейскай агрэсіі спрычыніўся да міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Краіна апынулася пад жорсткімі эканамічнымі санкцыямі і іншымі абмежаваньнямі ў сфэры авіяпералётаў, спорту, навукі, культуры (як, напрыклад, няўдзел ў Эўрабачаньні) і інш.

Аказаўшыся ў стане блякады з заходняга кірунку, кіраўніцтва Беларусі аб’явіла пра паварот сваёй вонкавай палітыкі на Ўсход і Глябальны Поўдзень, штучны разрыў з эўрапейскай спадчынай і цывілізацыяй. Вялікіх эканамічных дывідэндаў такі паварот не даў.

4. Вайна стварыла сытуацыю жорсткай геапалітычная палярызацыі. На паўночнай, заходняй, паўднёвай мяжы Беларусі будуецца жалезная заслона. Прычым, яна будуецца высілкамі з абодвух бакоў мяжы. Паняцьце «нічыя зямля» ці «шэрая зона» у рэгіёне Усходняй Эўропы зьнікае. Таму размовы пра нэўтралітэт, «філяндызацыю» Беларусі падвісаюць.

Як вайна паўплывала на беларускае грамадзтва

5. Вайна рэзка паглыбіла раскол беларускага грамадзтва, радыкалізавала абодва палітычныя флянгі. Гэты раскол зьяўляецца ўжо не толькі палітычным (стаўленьне да рэжыму Лукашэнкі), колькі ён набыў каштоўнасны, ідэалягічны характар.

6. Павялічэньне залежнасьці Беларусі ад Расеі, асабліва ў інфармацыйнай, ідэалягічнай, каштоўнаснай сфэры, панаваньне тут ідэалягемы «рускага сьвету» разбурае адносна слабую беларускую ідэнтычнасьць, якая сфармавалася за 30 гадоў незалежнасьці. І гэта рэальная небясьпека для будучага краіны.

7. Вайна моцна напужала беларускае грамадзтва. Беларускі соцыюм моцна фрустраваны і рэпрэсіямі, і ваеннай канфрантацыяй паміж суседзямі. Гэтым спрабуе скарыстацца Лукашэнка. З аднаго боку, ён нагнятае напружанасьць, ажыцьцяўляе мілітарызацыю дзяржавы і грамадзтва. Праводзяцца бясконцыя вучэньні, праверкі гатоўнасьці падразьдзяленьняў Узброеных сіл, вайсковыя зборы.

А зь іншага боку, страх уцягваньня краіны ў вайну штурхае людзей да прымірэньня з уладай. Калі ў рэгіёне востры крызіс бясьпекі, то насельніцтва інстынктыўна імкнецца знайсьці кропку апоры. І такой кропкай зьяўляецца ўлада, якая ні ёсьць. Бо другой няма. Тым больш, што сам Лукашэнка з дапамогай дзяржаўнай прапаганды прэзэнтуе сябе як гаранта міру, «мірнага неба над галавой», маўляў, пакуль я ва ўладзе, то краіна ня будзе ўцягнутая ў вайну.

8. Вайна стымулявала эміграцыю зь Беларусі, больш нават непалітычную. Шмат маладых мужчын выехалі, каб не трапіць на вайну. У выніку эміграцыя паглыбіла дэмаграфічны крызіс, абвастрыла праблему дэфіцыту працоўных рэсурсаў. Адначасова яна стала тым кляпанам, праз які сыходзіць пар народнага пратэсту і незадаволенасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Зяленскі зьмяняе падыход да Беларусі. 4 гады вайны і новыя сыгналыЗяленскі ў Давосе: «У 2020-м ніхто не дапамог народу Беларусі, і цяпер расейскія ракеты дастаюць да большасьці эўрапейскіх сталіцаў»«Гэта падрыхтоўка да перамоўнага працэсу»: палітоляг Тышкевіч пра санкцыі Ўкраіны супраць ЛукашэнкіЗяленскі: «Адно прымяненьне „Арэшніка“ будзе азначаць, што беларусаў уцягнулі ў вайну»