Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёс Беларусі вырашыцца звонку, вонкавымі падзеямі». Вялікае інтэрвію зь Няўзоравым

Аляксандар Няўзораў. Архіўнае фота
Аляксандар Няўзораў. Архіўнае фота

Расейскі публіцыст Аляксандар Няўзораў у інтэрвію для «Свабоды» агучыў жорсткія і правакацыйныя ацэнкі — пра вайну ва Ўкраіне, ролю Лукашэнкі, будучыню Беларусі і правал пратэстаў 2020 году. Ён сьцьвярджае, што рэвалюцыя ў Беларусі правалілася, бо ёю «кіравалі занадта добрыя людзі».

Няўзораў перакананы: лёс Беларусі вырашыцца не ўнутры краіны, а звонку — разам з крахам «рускага міру».

Ці будуць мець плён мірныя перамовы аб Украіне

«Гэта бессэнсоўны спэктакль з удзелам маньяка, які будзе працягваць вайну любой цаной, любым спосабам. Няма нават ніякай рыторыкі, якая б намякала на мір. Але з усіх унутраных сымптомаў, з таго, як Расею паступова, няўхільна і пераможна ператвараюць у зборышча паслухмяных, настроеных на вайну дэбілаў, мы разумеем, што, ясна ж, ніякіх плянаў міру ў Пуціна няма і быць ня можа, што яму ні дай».

Які сэнс у заявах СВР і Захаравай наконт перавароту ў Беларусі

«У іх шмат пабочных прадуктаў, яны выкакваюць зь сябе самыя неверагодныя вэрсіі. Не забывайцеся, што ім трэба падтрымліваць градус вар’яцтва. Найперш — градус варʼяцтва ў свайго насельніцтва, якое ўжо прызвычаілася лічыць Беларусь сваім «бульбяным агародзікам», абсалютна скаронай тэрыторыяй, уласнасьцю. Усякія спробы пакласьці лапу на гэтае «садаводзтва» раздражняюць расейцаў. Таму гэта напісана не для вас, не для заходніх аналітыкаў. Гэта для іншай групы, не зьвяртайце ўвагу.

Ці зьбіраецца Расея мяняць рэжым Лукашэнкі на іншы

«Небясьпека пагражае тым рэжымам, якія збудаваныя складана, хітра, з мноствам спляценьняў, зьвязак. Беларусь палітычна збудаваная вельмі прымітыўна. А лёгка ламаюцца складаныя рэжымы. У Беларусі значна больш манумэнтальны і непахісны рэжым, чым вельмі многія на Зямлі. Менавіта за кошт прастаты сваёй канструкцыі, адсутнасьці эліты, таго, што ў Беларусі няма прызвычаенага да шопінгу і смарагдаў у задніцы саслоўя, зь якім пакуль трэба лічыцца. І таму такую сыстэму даволі складана разбурыць».

Чаму Няўзораў у інтэрвію казаў «Белоруссия», а не Беларусь

«Я буду гаварыць так, як мне зручна. Мне ўжо абрыдлі бясконцыя філялягічныя разынкі, якіх ад мяне патрабуюць. Я буду гаварыць так... Я дастаткова шмат, дастаткова шчодра, адважна заўсёды адстойваў і быў на баку беларусаў. Я гаварыў так, як вывучыла мяне маё юнацтва і маладосьць. Інакш тады не гаварылася. Або трывайце, або не трывайце...»

Лукашэнка — закладнік ці саюзьнік Пуціна

«Найперш гэта жывы чалавек. Пры тым, што ён камэрдынэр Пуціна, што знаходзіцца ў поўнай ад яго залежнасьці, Лукашэнка валодае правам нагадваць пра сябе. Ён вельмі любіць мэдыйнасьць. Але ён разумее, што заяўляць пра сябе ён можа толькі з пазыцыі дабрадушнага блазна, дурня, якому то сьнюс падсоўваюць, то ён у нейкім саване апускаецца ў гарадзкую каналізацыю ў палонцы. Ён разумее, што ў іншым, больш сур’ёзным варыянце яго ніхто ня ўспрыме. А вось ніша старога ёлупа свабодная. Тым ня менш яго цытуюць, паказваюць. Яму гэтага дастаткова».

Чаму такі рэжым даўгавечны

«Лукашэнка стварыў сытуацыю, якую на яго месцы не стварыць было б неразумна і немагчыма. Бо, сапраўды, беларусы — дзівосны плястылін для вылепліваньня зь яго дыктатуры. Якой заўгодна якасьці і ўласьцівасьці. Ён можа сабе дазволіць і саступкі, і весялосьць. Адрозна ад іншых, ён можа мяняць палітвязьняў на таблеткі для пахудзеньня або запінкі і весела гэта абыгрываць. Ён шмат што сабе дазваляе, але цудоўна ведае, што існуюць чырвоныя лініі, за якія ён ня можа выходзіць. А ўнутры краіны — а каторай гадзіне сьвятло запальваць, як павінны туалеты пахнуць, каго па каленцы гладзіць — яму пакінулі на гэта права.

Ці можа Лукашэнка супраціўляцца

„А яму зараз нічога ў Беларусі (не Беларуссіі. — РС) не пагражае. У вас цалкам адсутная якая-небудзь рэвалюцыйная сытуацыя, усякія намёкі на хваляваньні, паўстаньні, бунты. У вас абсалютная дэмакратыя. Даваце ня будзем вадзіць віламі па вадзе — маўляў, ах, ёсьць няшчасны народ у лапах ліхадзеяў. Ёсьць факт — насельніцтва трывае, яго згоднае з гэтым рэжымам. Мы ведаем, што беларусы ўмеюць паліць і падрываць тады, калі гэта трэба. І мы ведаем, што сваёй прыродай гэта рашучы, адважны і шмат у чым люты народ. Але давайце з фактамі. Насельніцтва зрабіла выбар. Яно выбрала Лукашэнку і ягоны рэжым. Я разумею, што вам не падабаецца, што я кажу. Даруйце, я дастаў з апарату рэнтгену здымак і чытаю вам яго. Калі не падабаецца адзін рэнтгеноляг, то пайдзіце да другога. Калі народ ня згодны з вынікамі выбараў, то ён бярэ вілы, выкопвае стрэльбы, запальвае паходні. Ёcьць варыянт — Майдан. Беларускі пратэст у 2020 годзе складаўся зь пераважна цудоўных людзей. Але калі яны бадзяюцца па вуліцах, а пасьля сыходзяць на выходныя дадому, то гэта не пратэсты. Гэта ўсё лухта».

Чаму беларуская рэвалюцыя пацярпела паразу і чаму так будзе і далей

«Рэвалюцыя і свабода ад такой гідоты, як Расея мае, на жаль, вельмі высокую цану. Або вы згодныя гэтую цану заплаціць, як Украіна, або вы нязгодныя, і тады вы пагаджаецеся і кладзяцеся пад ГУЛАГ і робіцеся яго часткай. Гэта выбар. Зірніце вы праўдзе ў вочы. У 2020 годзе вы пацярпелі паразу, бо вамі і рэвалюцыяй кіравалі вельмі добрыя людзі. Калі вы добры чалавек, то ніколі не рабіце рэвалюцыяў. Рэвалюцыянэр гэта той, хто без ваганьняў, як Дантон, Рабэсп’ер, страляе ў твар апанэнту ў Канвэнце і пераступае церазь яго хрыпучы труп, не спыняючы сваю прамову. Народзец, на жаль, паўсюль такі самы — у Гане і ў ЗША. Гэта вельмі прымітыўнае стварэньне, якое верыць. Каб пайсьці за лідэрам, яму трэба бачыць сур’ёзнасьць яго намераў, гатоўнасьць ісьці да канца. Расейская рэвалюцыя адбывалася толькі дзякуючы бамбістам, царазабойцам, „нарадавольцам“. Бо людзі разумелі, што іх гатовыя весьці за сабою тыя, што ня маюць ніякіх ваганьняў».

Ці мае Беларусь шанец выйсьці з-пад кантролю Расеі, пакуль тая моцная

«У Беларусі няма. Беларусь атрымае сваю свабоду не таму, што яна парве свой ланцуг з Расеяй, а толькі таму, што гэты ланцуг спарахнее, заіржэе і зьнікне на вачах. Яго ня будзе, бо ня будзе і Расеі. Ува ўсіх іншых выпадках яна будзе, і ніколі Расея не адпусьціць Беларусь з гэтага ланцуга. Лёс Беларусі вырашыцца звонку, вонкавымі падзеямі. Гэта пры добрым раскладзе, але пры ўмове, што мы ўсе да таго часу не ператворымся ў попел у бліжэйшыя гады. Беларусь чакае цудоўны лёс, але дзеля гэтага спачатку мусіць быць зьнішчаны „рускі мір“».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG