Гэта беларусы, якія
- ваявалі на баку Ўкраіны ці мелі намер гэта зрабіць;
- ладзілі дывэрсіі на чыгунцы, каб перашкаджаць расейскай ваеннай тэхніцы;
- перадавалі інфармацыю пра перасоўваньне ваеннай тэхнікі чат-боту «Беларускі Гаюн»;
- ахвяравалі грошы на падтрымку Ўкраіне ці проста публічна выказаліся супраць вайны.
Паводле зьвестак праваабарончага цэнтра «Вясна», зь лютага 2022 года за падтрымку Украіны асуджаныя не менш за 403 чалавекі. Пры гэтым больш за 200 з іх наўпрост цяпер утрымліваюцца за кратамі. Сярод асуджаных — 71 жанчына.
Гэтыя лічбы адлюстроўваюць толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі, але фактаў перасьледу можа быць значна больш. Вядома, што затрыманьні адбываюцца рэгулярна да гэтага часу.
Пераважная частка прысудаў зьвязаная з «садзейнічаньнем экстрэмісцкай дзейнасьці» — 213 чалавек былі асуджаныя за перадачу фота і відэа перамяшчэньня расейскай вайсковай тэхнікі «экстрэмісцкім фармаваньням».
Адначасова ўзрастае колькасьць спраў паводле найбольш цяжкіх артыкулаў. Так, 41 чалавека асудзілі за «здраду дзяржаве». Яшчэ 16 замежных грамадзян — за «агентурную дзейнасьць» на карысьць Украіны. Такім чынам, беларускі рэжым дэманструе гатоўнасьць крымінальна перасьледаваць ня толькі ўласных грамадзян, але і грамадзян іншых краін, калі іх дзеяньні разглядаюцца як падтрымка Ўкраіны.
34 чалавекі асуджаныя за «акт тэрарызму» (арт. 289 КК) — паводле справаў за дывэрсіі, у тым ліку на чыгунцы і ў Мачулішчах.
Асобны кірунак — крыміналізацыя фінансавай і нават патэнцыйнай дапамогі: людзей перасьледуюць за данаты беларускім добраахвотнікам і Ўзброеным сілам Украіны, а таксама за намер далучыцца Палка імя Каліноўскага, які ў Беларусі прызнаны «тэрарыстычнай арганізацыяй».
У выніку любая праява салідарнасьці з Украінай у Беларусі можа стаць прычынай для крымінальнай справы і зьняволеньня, робяць выснову праваабаронцы. «Вясна» сабрала нізку гісторый простых беларусаў, пакараных за салідарнасьць з Украінай.
Псыхоляг з Маладэчна
У жаночай калёніі № 4 ў Гомлі другі год адбывае пакараньне псыхоляг з Маладэчна Жанна Дашкевіч. Паводле праваабаронцаў «Вясны», жанчыну затрымалі ўвосень 2023 году, але невядома, калі дакладна. Жанна Дашкевіч перастала быць онлайн з кастрычніка 2023 году, хоць раней актыўна вяла сацсеткі.
У верасьні 2024 году яе асудзілі за ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні (ч. 3 арт. 361-1 КК) і фінансаваньне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні ці ўзброеным канфлікце (ч. 2 арт. 361-3 КК). Дакладны тэрмін зьняволеньня праваабаронцам невядомы.
У Жанны Дашкевіч двое дарослых дзяцей — дачка і сын — і ня менш за трое ўнукаў. Жанчына займалася сеткавым маркетынгам, давала кансультацыі наконт здаровага харчаваньня і ладзіла псыхалягічныя сэансы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшла цяжарная Натальля Левая, асуджаная за данатыБылы вайсковец і ягоная жонка з Баранавічаў
Мужа і жонку Ўладзіслава і Тацьцяну Кашчэевых з Баранавіч абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК). Абставіны справы і прысуд Кашчэевым праваабаронцы ня ведаюць, але мяркуюць, што іх справа зьвязаная з падзеямі ва Ўкраіне. У Кашчэевых засталіся двое дзяцей, малодшы сын яшчэ непаўналетні. Як паведамілі «Вясьне» у арганізацыі BelPol, у 2005 годзе Тацьцяна была тэхнікам па працы на 558-м авіяцыйным рамонтным заводзе. Уладзіслаў — былы вайсковец, у 2019 годзе працаваў на 61-й зьнішчальнай авіябазе ў Баранавічах (в/ч 54804).
Курсант родам з Слоніма
Курсанта акадэміі МУС Ільлю Нарышкіна асудзілі да 15 гадоў калёніі ў жніўні 2024 году. Хлопец родам са Слоніма, а частку дзяцінства правёў у Горадні. Бацька Ільлі — украінец, нарадзіўся ў Крывым Рогу.
Праваабаронцы «Вясны» не выключаюць, што Ільля Нарышкін хацеў далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Бо яго асудзілі ня толькі за здраду дзяржаве асобай у статусе вайскоўца (ч. 2 арт. 365 КК), але і за ўдзел у вайне на тэрыторыі іншай дзяржавы, вярбоўку або падрыхтоўку асобаў да такога ўдзелу (ч. 1 арт. 361-3 КК).
Судзілі Ільлю ў закрытым рэжыме. Пакараньне ён адбывае ў калёніі № 3 пад Віцебскам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ненавідзеў вайну, ажаніўся з кітаянкай, хацеў часьцей бачыць дзіця. Ва Ўкраіне загінуў яшчэ адзін добраахвотнік зь БеларусіАйцішнік з Магілёва
Яшчэ адзін беларус, асуджаны за салідарнасьць з Украінай — праграміст з Магілёва Віталь Лескавец. Яго судзілі за данаты на дапамогу Ўкраіне ў жніўні 2024 году. Віталь — праграміст. Ён працаваў на Магілёўскім мэталюргічным заводзе, у праектным спэцыялізаваным бюро, у Цэнтры гарадзкіх інфармацыйных сыстэмаў Магілёва.
Вядома, што Віталь захапляўся фатаграфіяй, любіў здымаць ня толькі лічбавы фотаапаратам, але і на стужку. Фатаграфаваў розныя гарадзкія мерапрыемствы ў Магілёве і дзяліўся здымкамі ў сацсетках.
Дзе Віталь Лескавец адбывае пакараньне, праваабаронцы пакуль ня высьветлілі.
«У тэлефоне знайшлі стары здымак аэрапорту ў Зябраўцы». За што затрымалі Яўгена Глушкова, якому пагражае да 15 гадоў калёніі
Музы́ка з Гомля
Бубнача з Гомля Яўгена Глушкова ў студзені 2023 году асудзілі на 9 гадоў пазбаўленьня волі за здраду дзяржаве (арт. 356 КК) і садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4). Паводле сьледзтва, ён зьбіраў, фіксаваў і аналізаваў інфармацыю выведнага характару пра абʼекты вайсковай інфраструктуры і тэхнікі ды праз мэсэнджэр Telegram перадаваў атрыманыя зьвесткі ў чат-бот, кантраляваны замежнай арганізацыяй.
Яўгену Глушкову 35 гадоў. Нарадзіўся ён у мястэчку Ічня Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны, але большасьць жыцьця пражыў у Беларусі. Вучыўся ў віцебскай вэтэрынарнай акадэміі, працаваў мастацкім кіраўніком музычных калектываў. Апошнім часам Яўген жыў у вёсцы Зябраўка на Гомельшчыне, што побач з аэрадромам, на якім ад пачатку вайны разьмяшчаліся расейскія вайскоўцы, тэхніка і зброя. Падчас адной з праверак мясцовых жыхароў у тэлефоне Яўгена знайшлі стары здымак аэрадрома, які ён рабіў з дрона. А таксама кантакты ўкраінцаў. І гэтага аказалася дастаткова, каб яго затрымаць. Пакараньне Глушкоў адбывае ў ПК-1 у Наваполацку.