Лукашэнка заявіў, што ўсе вайскоўцы неўзабаве павінны здаць іспыт на прафэсійную прыдатнасьць

Аляксандар Лукашэнка наведвае 227-ы палігон Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня, 13 лютага 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка з нагоды 23 лютага, калі ў Беларусі адзначаюць савецкае сьвята — «дзень абаронцаў Айчыны і Ўзброеных сіл», паабяцаў правесьці для ўсіх «людзей у пагонах» праверку і экзамэн на прафэсійную прыдатнасьць.

«У нас дастаткова для гэтага сілаў і сродкаў. Прашу ўспрымаць гэта як належнае», — заявіў Лукашэнка на цырымоніі ўзнагароджаньня вайскоўцаў, паведаміў Telegram-канал яго прэсавай службы.

13 лютага Аляксандар Лукашэнка, наведваючы 227-ы палігон Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня для кантролю таго, як праходзіць раптоўная праверка войска, паабяцаў міністру абароны Беларусі Віктару Хрэніну ўскладніць жыцьцё.

«Мы паглядзім, як тваё жыцьцё ўскладніць. Мы табе ўскладняць будзем цяпер жыцьцё. Так што не расслабляйся. Ну а з камбатаў, вядома, шкуру будзем па-мужчынску дзерці», — сказаў Лукашэнка міністру абароны Хрэніну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзем ускладняць табе жыцьцё, — Лукашэнка Хрэніну падчас «раптоўнай праверкі» ўзброеных сіл

Хто сярод узнагароджаных

На цырымоніі Аляксандар Лукашэнка ўручыў пагоны генэрал-маёраў вайскоўцам, а таксама супрацоўнікам органаў юстыцыі, у тым ліку, Віктару Легану, які цяпер ачольвае ўпраўленьне Сьледчага камітэту ў Берасьцейскай вобласьці. Ён вядомы тым, што ў 2021 годзе абяцаў пасадзіць усіх, хто абражае ўладу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка павысіў у званьні сьледчага, які абяцаў пасадзіць усіх, хто абражае ўладу

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі паведамілі, што Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам «За службу Радзіме» III ступені начальніка дэпартамэнту крымінальнай выведкі Андрэй Паршына. Ён у 2020 годзе, калі адбываліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, ачольваў упраўленьне ўласнай бясьпекі МУС. У 2021 годзе ён стаў начальнікам ГУБАЗіКу, а з 2022-га — дэпартамэнт крымінальнай выведкі МУС.

У 2020-2021 гадах у МУС курыраваў справы, якія заводзілі супраць грамадзян за «пагрозы гвалту супрацоўнікам міліцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія сілавікі выпадкова прызналіся, як шукаюць «экстрэмістаў»