Дзяржаўныя СМІ напісалі, што Аляксандр Лукашэнка асабіста праверыў боегатоўнасьць Узброеных Сіл Беларусі. Ён раптоўна наведаў 227-ы агульнавайсковы палігон у Барысаўскім раёне, перадае БЕЛТА.
Афіцыйныя крыніцы паведамілі, што ён нібыта асабіста прыводзіць у баявую гатоўнасьць воінскія часьці, абыходзячы Міністэрства абароны і Генэральны штаб, а міністра абароны Віктара Хрэніна толькі ў 7 раніцы папярэдзілі аб нечаканым прыезьдзе Лукашэнкі.
Ён наведаў стрэльбішча, дзе праходзілі вучэбныя стрэльбы з гранатамёта і аўтаматычнай зброі. Плянавалася таксама выканаць вучэбныя стрэльбы з узбраеньня бронетранспарцёраў, аднак густы туман унёс свае карэктывы і іх адмянілі.
«Трэба чакаць тады. Чакайце, праводзіце па пляне. Што мы будзем страляць у белы сьвет». — сказаў Лукашэнка.
Падводзячы вынікі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў убачыць на свае вочы, наколькі войскі падрыхтаваны для вядзеньня баявых дзеяньняў.
«Ну, радасьці няшмат, давайце так шчыра гаварыць. Страляюць, бачаць мішэні. Будзем лічыць, што так сабе».
«Няхай працуюць далей. Мы паглядзім, як тваё жыцьцё ўскладніць. Мы табе ўскладняць будзем цяпер жыцьцё. Так што не расслабляйся. Ну а з камбатаў, вядома, шкуру будзем па-мужчынску дзерці», — сказаў Лукашэнка міністру абароны Хрэніну.
«Я не гавару, што гэта заўтра будзе. Але і не магу сказаць, што гэтага ня будзе наогул», — сказаў таксама Лукашэнка, аб неабходнасьці быць гатовымі да любога разьвіцьця падзей.
- 16 студзеня Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся правесьці маштабную праверку Ўзброеных сілаў Беларусі.
- Гэтай праверцы папярэднічалі супольныя штабныя вучэньні беларускага войска, якія праводзілі 13–16 студзеня пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Паўла Муравейкі.
- 26 студзеня стала вядома, што раптоўную праверку будуць праводзіць да вясны.
Форум