Расея і Беларусь атрымалі ліцэнзіі на Паралімпіяду без адбору, заявіў кіраўнік украінскага паралімпійскага камітэту

прэзыдэнт Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Ўкраіны Валерый Сушкевіч

Расейскія і беларускія спартоўцы, якім Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) даў права выступаць на сёлетняй Паралімпіядзе ў Італіі, не прайшлі кваліфікацыю на спаборніцтвы, заявіў у інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода прэзыдэнт Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Ўкраіны Валерый Сушкевіч.

Паводле яго, МПК даў расейцам максымальна магчымую колькасьць запрашэньняў.

«Перад Паралімпіядай яны былі бяз права ўдзелу канкрэтных спартоўцаў. Калі ў гэты панядзелак (16 лютага) Міжнародны паралімпійскі камітэт даў шэсьць слотаў, гэта значыць фактычна ліцэнзій Расеі і чатыры Беларусі, ён выратаваў суб’ектаў расейскага паралімпійскага руху і беларускага», — сказаў Сушкевіч.

Кіраўнік украінскіх паралімпійцаў лічыць, што сваім рашэньнем МПК парушыў уласныя правілы, хоць прадстаўнікі 36 краін падалі заяўкі на магчымасьць атрыманьня спэцыяльных запрашэньняў.

«Гэтыя месцы даюцца ў першую чаргу тым краінам, якія зьяўляюцца дэбютантамі або дзе гэты від спорту недастаткова разьвіты. І гэта, у прынцыпе, падтрымка такіх краін для разьвіцьця зімовых паралімпійскіх відаў спорту ў іх краінах. І другі прынцып (быў парушаны) — даць гэтыя месцы тым краінам, у якіх ёсць маладыя спартоўцы, якія пачынаюць свой шлях у зімовых паралімпійскіх відах спорту. І Расея, і Беларусь — даўнія краіны, якія спаборнічаюць у зімовых відах спорту. Таму... не было ніякіх падстаў даць гэтыя месцы Расеі і Беларусі», — лічыць прэзыдэнт Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча і Літва будуць байкатаваць адкрыцьцё Паралімпіяды праз допуск беларусаў і расейцаў пад дзяржаўнымі сьцягамі

Нацыянальны паралімпійскі камітэт Украіны заявіў, што паралімпійская зборная Украіны і сам камітэт будуць байкатаваць цырымонію адкрыцьця XIV зімовых Паралімпійскіх гульняў і патрабуюць, каб там не выкарыстоўваўся ўкраінскі сьцяг.

Пра намер байкатаваць цырымонію адкрыцьця Паралімпіяды ўжо заявілі прадстаўнікі Літвы, Польшчы і Чэхіі.

Міжнародны паралімпійскі камітэт абвясьціў на гэтым тыдні, што шасьці расейцам і чатыром беларусам будзе дазволена спаборнічаць пад сваімі дзяржаўнымі сьцягамі на Паралімпійскіх гульнях у Італіі. Урад Італіі выказаў сваю нязгоду з гэтым рашэньнем і заклікаў Міжнародны паралімпійскі камітэт перагледзець яго.

Зімовыя Паралімпійскія гульні пройдуць з 6 па 15 сакавіка.

Пасьля маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе расейскім і беларускім спартоўцам дазволілі ўдзельнічаць у Алімпіядзе толькі ў якасьці «нэўтральных» спартоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвёра беларускіх спартоўцаў могуць выступіць на Паралімпіядзе-2026 зь дзяржаўнай сымболікай