У Польшчы за год скарацілася колькасьць кампаній зь беларускім капіталам

На беларускім маршы ў цэнтры Варшавы

У Польшчы дзейнічае 7093 кампаніі, у якіх адным з акцыянэраў (ці канчатковых бэнэфіцыяраў) зьяўляецца беларуская фірма ці грамадзянін Беларусі. Такія зьвесткі па стане на 9 студзеня 2026 году прыводзіць Цэнтар эканамічнай інфармацыі Польшчы.

У параўнанні са студзенем мінулага году колькасьць дзейных фірмаў зь беларускімі каранямі зьнізілася амаль на 6%, адзначае «Мост», які прааналізаваў статыстыку. Кампаніі працягваюць рэгістраваць: зь дзейных арганізацый 873 зьявіліся ў 2025 годзе. Зьніжэньне колькасьці кампаній можа тлумачыцца прыпыненьнем дзейнасьці раней зарэгістраваных фірмаў або выхадам зь ліку заснавальнікаў беларускіх удзельнікаў.

Найбольш фірмаў зь беларускімі каранямі працуе ў Мазавецкім ваяводзтве (3860), яўная большасьць (3361) — у Варшаве. Далей традыцыйна ідуць памежныя рэгіёны: Падляскае ваяводзтва (805 кампаній, зь якіх 723 зарэгістраваныя ў Беластоку) і Люблінскае ваяводзтва (465 фірмаў, зь якіх толькі 89 дзейнічаюць у Любліне, а 300 — у Белай-Падляскай, памежным горадзе, дзе рэгіструецца шмат кампаній-перавозьнікаў). Таксама беларускі бізнэс актыўны ў Ніжняй Сылезіі (461 кампанія) і на Памор'і (426).

Большасьць кампаній працуюць у галіне грузаперавозак — 960, але гэта на 13% менш, чым у студзені мінулага году. Буйнымі галінамі таксама зьяўляюцца праграмнае забесьпячэньне, будаўніцтва жылых і нежылых будынкаў.

Сярод беларускіх арганізацый лідэрам у аб’ёме выручкі стала транспартна-лягістычная кампанія TELS Global Polska. Далей ідуць кампаніі з той жа галіны TI Group і Rezon Trans.

У Топ-20 увайшло таксама некалькі кампаній з IT-галіны: Innowise, Vention Development, 314Devs, Kaseya Poland, IBA Poland, PandaDoc Poland.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпіс беларускіх ініцыятываў, якія можна падтрымаць у ЭЗ адлічэньнем ад падаходнага падатку, склаў Аб’яднаны пераходны кабінэт


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусаў, занятых у эканоміцы Літвы, у 2025 годзе крыху пабольшала