Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў, занятых у эканоміцы Літвы, у 2025 годзе крыху пабольшала

Вільня, праспэкт Гедзіміна. Ілюстрацыйнае фота
Вільня, праспэкт Гедзіміна. Ілюстрацыйнае фота

У Службе занятасьці Літвы паведамілі, што летась на працу ў Літву прыехалі 71 400 іншаземцаў, аднак большая іх частка — грамадзяне краін Эўразьвязу, пераважна Польшчы, Латвіі і Румыніі.

Як адзначаецца ў паведамленьні службы, грамадзян трэціх краін паменела на 4,7%, а краін Эўразьвязу — пабольшала на 25,3%.

«Скарачэньне ліку працаўнікоў з трэціх краін у асноўным было абумоўлена зьмяншэньнем патоку беларусаў, азэрбайджанцаў, таджыкаў, кіргізаў і малдаван», — сказала намесьніца дырэктара Службы занятасьці Гедрэ Сінкявічэ.

Трэць новых працаўнікоў у 2025 годзе прыехала з Украіны (32,1%, або 19,1 тысячы), пятая частка — зь Беларусі (19,9%, або 11,8 тысячы), 10,2% (6,1 тысячы) — з Узбэкістану і яшчэ 3,5 тысячы (5,8%) — зь Індыі.

Згодна з інфармацыяй службы, агулам цяпер у Літве найбольш на рынку працы занятыя ўкраінцы (51 800), беларусы (47 200 супраць 46 600 на пачатак 2025 году), узбэкі (11 200), таджыкі (7100), індыйцы (6100).

Цяпер у Літве працуюць 174 500 іншаземцаў, у тым ліку 158 100 — грамадзяне трэціх краін з 138 дзяржаваў і 16 400 — грамадзяне 26 краін ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG