Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпіс беларускіх ініцыятываў, якія можна падтрымаць у ЭЗ адлічэньнем ад падаходнага падатку, склаў Аб’яднаны пераходны кабінэт

Банкноты эўра. Ілюстрацыйнае фота
Банкноты эўра. Ілюстрацыйнае фота

Беларусы, якія жывуць у краінах ЭЗ, могуць падтрымаць сваімі падаткамі беларускія ініцыятывы або суайчыньнікаў, якія зараз у цяжкім становішчы.

Беларусы, якія працуюць у Літве, Польшчы, некаторых іншых краінах Эўразьвязу, могуць накіраваць да 1,2% або 1,5% свайго падаходнага падатку на падтрымку беларускіх культурных, адукацыйных ці грамадзкіх ініцыятываў.

Заканадаўства гэтых краін дазваляе падаткаплатнікам самім вырашаць, куды накіраваць долю сваіх падаткаў.

Пералічэньне робіцца пры запаўненьні асноўнай падатковай дэклярацыі. Дадаткова гэта нічога не каштуе.

Аб’яднаны пераходны кабінэт распаўсюдзіў сьпіс такіх арганізацыяў. Некаторыя беларускія праекты трымаюцца толькі за рахунак гэтых адсоткаў.

Сьпіс арганізацыяў у Польшчы, Літве, Эстоніі, Італіі, якім беларусы могуць накіраваць частку падаходнага падатку

Таксама ёсьць магчымасьць такім чынам падтрымаць беларусаў, якія за мяжой маюць патрэбу ў дапамозе і адкрылі збор з гэтай мэтай.

Летась, паводле дырэктаркі «Нашай Нівы» Настасьсі Роўды, празь пералічэньне 1,2% ад падатку за 2024 год газэта сабрала больш за 15 тысяч эўра. Значнай дапамогай ад беларусаў змог пахваліцца і Беларускі дом у Вільні, дзе рэгулярна праходзяць беларускія імпрэзы, курсы беларускае і літоўскае моваў, месьцяцца Музэй імя Луцкевіча і беларуская бібліятэка, працуе беларуская нядзельная школка, на вакацыях дзейнічае дзіцячы летнік. 116 чалавек летась падтрымалі Цэнтар беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні на суму 9983 эўра.

У 2024 годзе небыякавыя сабралі каля 13 тысяч эўра для грамадзкай арганізацыі «Дапамога» ў Вільні.

Некаторыя беларускія арганізацыі просяць не абнародаваць зьвестак пра іх дзеля бясьпекі.

Паводле літоўскіх законаў, сумай да 1,2% ад падаходнага падатку падатковы рэзыдэнт Літвы можа распарадзіцца самастойна, накіраваўшы гэтыя грошы на мэдыя, грамадзкія ці палітычныя арганізацыі. Робіцца гэта пры падачы гадавой падатковай дэклярацыі.

XS
SM
MD
LG