Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі заўтра ці праз тыдзень выйдуць людзі, дапамога будзе», — прадстаўніца АПК у сацыяльных пытаньнях


Вольга Зазулінская
Вольга Зазулінская

Сёлета ў сьнежні стала вядома пра сьмерць у Польшчы двух беларусаў: 34-гадовага тату-майстра з Гомля Ільлі Жалезьнякова, якому паўгоду таму перасадзілі сэрца, і 70-гадовага журналіста з Бабруйску Ўладзімера Усера (Лазарава), якога абвінавацілі ў шпіянажы. Пасьля іх сьмерці грамадзкасьць даведалася, што абодва ў апошні пэрыяд жыцьця ня мелі свайго жытла (адзін начаваў у аўтамабілі, другі — у начлежцы для бяздомных), а таксама галадалі.

Уразьлівы стан людзей у выгнаньні, а таксама сытуацыю з дапамогай палітвязьням абмеркавалі з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях Вольгай Зазулінскай.

— Я заўсёды казала з моманту, як прыйшла працаваць у кабінэт, што гэта тыя выклікі, зь якімі мы будзем сутыкацца ў наступны час. Мы ўжо даволі доўга ў эміграцыі. У эміграцыю зьяжджаюць ня толькі маладыя людзі і людзі сярэдняга ўзросту, але зьяжджаюць і пэнсіянэры, зьяжджаюць людзі з хваробамі.

Калі казаць пра выпадак з Ільлём, то мы камунікавалі зь ім, я асабіста камунікавала, калі прыйшоў запыт. Ён сам не прыходзіў да нас, але праз чалавека, які прыйшоў з запытам, што ёсьць хлопец, якому патрэбная дапамога. Я зь ім выйшла на сувязь, прапанавала жытло, якое ёсьць у Варшаве. Гэта шэлтар, які адмініструе Ганна Федаронак. Мы прапанавалі яму такую опцыю, каб ён паехаў жыць у гэты шэлтар, і прапанавалі яму дапамогу прадуктовымі кошыкамі.

Гэта тое, што ў нас ёсьць, тое, што даюць пэўныя ініцыятывы, арганізацыі. І мы можам дапамагаць толькі тым, што робяць іншыя. Зразумела, што ў кабінэта няма ніякага гаманца, няма ніякага асабістага фонду ці нейкага дыплямата з грашыма, адкуль мы дастанем і дадзім людзям на жытло ці на іншыя патрэбы.

Калі я ведаю пра праблему, калі да мяне прыходзяць, я іду ў арганізацыі. Я ўжо больш за пяць гадоў працую ў праваабарончым і гуманітарным сэктары. Я ведаю, якая арганізацыя чым займаецца. І я сама асабіста іду і пытаюся, ці ёсьць у нас магчымасьць дапамагчы такому чалавеку.

Але, на жаль, Ільля адмовіўся ад шэлтара. На тое былі свае ў яго падставы, таму што клініка, у якой за ім наглядалі, была далёка ад месца, дзе мы прапанавалі жытло. Яму не было дзе захоўваць прадукты. Таму я ня ведаю нават, ці здолеў ён выйсьці ў камунікацыю з ініцыятывай INeedhelp, каб яму прапанавалі харчовыя кошыкі.

Тут жа трэба разумець, што мы не дзяржава. У нас няма дзяржаўнага бюджэту. Усё, што мы робім, мы робім на падставе салідарнасьці, эмпатыі кожнага асобнага беларуса. Сыстэмнага падыходу, як у дзяржавы, у нас няма, таму што мы жывем у выгнаньні.

— Што да сытуацыі Ўладзімера Лазарава...

— Калі выйшаў прапагандысцкі фільм, мы зьвязаліся з усімі ўдзельнікамі гэтага фільма, запыталіся, якая дапамога патрэбная людзям. У нас была не публічная сустрэча. Ён жыў у Беластоку. Ён адзіны, хто ня змог прыйсьці на сустрэчу са мной, са Сьвятланай Георгіеўнай офлайн. Але я была таксама з ім у камунікацыі. Мы таксама яму прапанавалі дапамогу прадуктамі.

Трэба разумець, што ў чалавека былі родныя, у яго ёсьць дачка, якая жыве, калі я не памыляюся, у Ізраілі, але ён адмаўляўся ад любой дапамогі ад сваіх блізкіх. Такі чалавек. Мы ж ня можам прычыняць дабро, як я кажу. Мы можам прапанаваць, што ў нас ёсьць.

— Чакаецца вызваленьне новай партыі палітзьняволеных, як вынік перамоваў спэцпасланьніка ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнка. Як будзе арганізаваная дапамога?

— У нас шмат арганізацый, якія дапамагаюць палітзьняволеным. Гэта ўжо ўсё зладжаная праца. У нас ёсьць дзьве каардынацыйныя групы, ужо сабраліся пэўная колькасьць арганізацый у Варшаве і ў Вільні, яны падрыхтаваныя. Мы гатовыя прыняць і 100, і 150 чалавек.

Тая група палітвязьняў, якая выйшла 11 верасьня... Мы ўжо адпрацавалі ўсю сыстэму, усю экасыстэму, яна адбудаваная. І калі заўтра ці пасьлязаўтра ці праз тыдзень выйдуць людзі, усё будзе працаваць, дапамога будзе.

І трэба разумець яшчэ такую рэч, што ўсё, што тычыцца легалізацыі, гэта складаная працэдура. Мы гэта бачылі калі вывезьлі людзей, забраўшы ў іх пашпарты. Эўрапейцы таксама з гэтым сутыкаюцца ўпершыню і выпрацоўваюць пэўныя мэханізмы. Яны ўжо падрыхтаваныя, як кажуць прадстаўнікі Літвы. Цяпер мы ведаем, што рабіць у гэтым выпадку, але тады яны ня ведалі. І мы ня ведалі.

Ёсьць сродкі Міжнароднага гуманітарнага фонду. Арганізацыі добра працавалі і па мэдычнай рэабілітацыі, але гэтых сродкаў недастаткова. Мяне абражалі за тое, што я сказала, што калі заўтра раптам выйдуць 1300 палітвязьняў, то нам ня хопіць грошай. Я шчыра не разумею, што так абурыла людзей. Калі мы разьмяркуем тую суму, якая была ў фондзе паміж усімі 1300 палітвязьнямі, там нават ня будзе 1000 даляраў на чалавека.

Трэба разумець, што людзі выходзяць пасьля пяці гадоў зьняволеньня, і стан здароўя, з якім яны выходзяць, патрабуе больш доўгай рэабілітацыі. Камусьці патрэбныя апэрацыі. Пра стаматалёгію я ўвогуле не кажу, таму што там бяда. Гэта першае, з чым сутыкаемся. І ўсе гэтыя грошы недзе трэба браць. Мы ўсе хочам, каб жыцьцё гэтых людзей, было, наколькі гэта магчыма, камфортным. Мы кажам пра людзей, якіх выкідваюць са сваёй краіны. Трэба, каб яны аднавілі здароўе, каб яны легалізаваліся. І нам ня трэба сварыцца, нам трэба аб’ядноўвацца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG