Стварэньне Рады прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ініцыяваў для вырашэньня праблемаў сэктару Газа.
- Як паведамляе агенцтва dpa, чакаецца, што ў працы Рады міру возьмуць удзел каля двух дзясяткаў краін, але сярод іх дакладна ня будзе сябраў Рады бясьпекі ААН Кітаю, Расеі і Францыі.
- Эўразьвяз на першым паседжаньні Рады міру будзе ў якасьці назіральніка, як і шэраг уплывовых дзяржаваў Эўропы.
- Ад Беларусі ў Вашынгтоне на першай сустрэчы лідэраў Рады міру меўся быць міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў. Раней паведамлялася, што Аляксандар Лукашэнка атрымаў запрашэньне, але не паедзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пуцін не пусьціў Лукашэнку да Трампа? У Крамлі загаварылі пра пераварот у МенскуШто такое Рада міру
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб стварэньні Рады міру, якую ён узначальвае, у студзені на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе. Рада мае спрыяць разьвязаньню глябальных канфліктаў. Насуперак першапачатковым заявам, яна мае займацца ня толькі маніторынгам мірнага працэсу ў Газе.
Крытыкі бачаць у Радзе канкурэнта Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (ААН), якую Трамп рэгулярна крытыкуе. Шмат якія эўрапейскія краіны, у тым ліку Нямеччына і Францыя, адмаўляюцца ўдзельнічаць у працы Рады міру, у якой на гэты час каля двух дзясяткаў сяброў, у тым ліку Вугоршчына, Ізраіль, Беларусь, Катар, Саудаўская Арабія і Турэччына.
Паводле папярэдняй інфармацыі з урадавых колаў ЗША, на першым паседжаньні чакаецца ўдзел прадстаўнікоў як мінімум 20 краін. Перамовы адбудуцца ў Інстытуце міру ЗША ў Вашынгтоне, — паведамляе dpa.
Сярод тэмаў да абмеркаваньня — аднаўленьне Газы, гуманітарная дапамога і разгортваньне стабілізацыйных сілаў.
Каго чакаюць на саміце
Амаль усе краіны, якія на гэты момант далучыліся да Рады міру, будуць мець прадстаўнікоў на паседжаньні ў чацьвер, перадае Reuters.
Паводле крыніцаў агенцтва, якія спасылаюцца на словы высокапастаўленага службоўца ЗША, больш за 20 іншых краін прымуць удзел у якасьці назіральнікаў.
Сярод іх блізкія азіяцкія саюзьнікі ЗША Японія і Паўднёвая Карэя, а таксама Індыя і Тайлянд. Таксама сярод назіральнікаў — Вялікая Брытанія, ЭЗ і асобныя дзяржавы Эўразьвязу: Аўстрыя, Грэцыя, Італія, Кіпр, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Румынія, Славаччына, Фінляндыя, Харватыя і Чэхія. Нарвэгія і Швайцарыя таксама будуць удзельнічаць у якасьці назіральнікаў, як і Аман і Мэксыка.
Ад Беларусі меўся быць кіраўнік МЗС
Аляксандр Лукашэнка, паводле ягонай прэсавай службы, атрымаў запрашэньне на першае паседжаньне Рады міру, але не паехаў.
«Так, запрашэньне на першую сустрэчу лідэраў у рамках Рады міру прыйшло. На жаль, мы атрымалі яго позна, працоўны графік на гэты пэрыяд ужо быў сплянаваны. Так, мы з задавальненьнем наведалі б Злучаныя Штаты Амэрыкі, але ёсьць пытаньні, якія немагчыма адкласьці. Акрамя таго, мы бяром пад увагу і магчымыя лягістычныя складанасьці, якія могуць узьнікнуць празь незаконныя санкцыі, найперш Эўразьвязу, — з улікам закрыцьця паветранай прасторы над ЭЗ», — заявіла прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант 11 лютага.
Паводле Эйсмант, ад Беларусі ў Вашынгтоне на першую сустрэчу лідэраў Рады міру меўся паехаць міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў. Такую ж заяву зрабіла ў той жа дзень прэсавая служба МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стала вядома, якую сустрэчу не захацеў скасоўваць Лукашэнка, каб паляцець у Вашынгтон на Раду міруПаводле статуту арганізацыі, тэрмін паўнамоцтваў дзяржаваў-сяброў будзе абмежаваны трыма гадамі, калі яны не заплацяць па 1 мільярдзе долараў кожная на фінансаваньне дзейнасьці Рады і не атрымаюць пастаяннага сяброўства.
У студзені Белы дом прызначыў у склад заснавальнай выканаўчай рады ініцыятывы дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё, спэцыяльнага пасланьніка Трампа Стыва Ўіткафа, былога прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэра і зяця Трампа Джарэда Кушнэра, паведамляе Reuters.