Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, дзьве працоўныя нарады прайшлі на наступны дзень, а потым Крэмль пачаў публікаваць так званыя «кансэрвы» — запісы ранейшых сустрэчаў з чыноўнікамі, палітыкамі і бізнэсоўцамі, якія выдаюць за сьвежыя навіны.
Паводле расьсьледаваньня праекту «Сыстэма», ёсьць сама меней два доказы, якія гэта пацьвярджаюць.
Журналісты зьвярнулі ўвагу на папулярную кветку, якая стаіць па кутах кабінэту Ўладзіміра Пуціна — агляонэму. Сёлета адзін зь яе лісткоў пачаў жаўцець. Гэты пажоўклы лісток і некалькі іншых, якія толькі пачалі адрастаць, заўважылі на двух відэазапісах ад 28 студзеня і 6 лютага.
Стан гэтай кветкі журналісты прааналізавалі на ўсіх іншых відэазапісах, якія пачалі публікаваць з 9 лютага — там кветка абсалютна зялёная. «Расьліны так ня ўмеюць рабіць — гэта Крэмль публікуе „кансэрвы“», — адзначаецца ў публікацыі.
Выключэньнем стала сустрэча зь віцэ-прэм’еркай Тацьцянай Голікавай: на кадрах зь ёю таксама можна пабачыць пажаўцелы ліст.
10 лютага апублікавалі адпаведны запіс. На ім у Голікавай манікюр пыльна-ружовага колеру, хоць за дзень да гэтай сустрэчы і на наступны пасьля яе пазногці былі пафарбаваныя ярчэйшым ружовым адценьнем «Барбі». А пыльна-ружовы колер яна мела ў першых днях лютага 2026 году — тады, імаверна, і запісалі гэтую «кансэрву».
Журналісты мяркуюць, што адсутнасьць Пуціна зьвязаная зь сямейным сьвятам — у сярэдзіне лютага дзень нараджэньня адзначаў яго старэйшы сын Іван.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Валдаі рэзыдэнцыю Пуціна ўжо ахоўваюць 12 комплексаў СПА, у тым ліку «Панцыр». МАПА