Чатыры гады за «фінгал» АМАПаўцу. Апавядаем гісторыю былога палітвязьня, які раней быў «лукашыстам»

Мацьвей жыве ў адным з шэлтараў Варшавы. Паказваць твар і называць сапраўднае імя апасаецца праз небясьпеку для родных, якія застаюцца ў Беларусі.

Яго так моцна пабілі пры затрыманьні у кастрычніку 2020-га, што «не прынялі» на Акрэсьціна і непрытомнага адвезьлі ў Навінкі, потым — у нэўрахірургічнае аддзяленьне шпіталя. Асудзілі на 4 гады калёніі, якія цалкам адседзеў.

Бацька — «люты камуняка»

Былы палітвязень Мацьвей (імя героя публікацыі зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) адседзеў 4 гады за тое, што заступіўся за дзеда, якога білі, і ўдарыў АМАПаўца. У канцы 2025 году ён прыехаў у Польшчу і пачынае новае жыцьцё.

Родам Мацьвей зь вёскі, яго бацька працаваў зварнікам, маці — даяркай.

«Мой бацька, ужо нябожчык, быў такім лютым „камунякам“. Ён шчыра абураўся, што „развалілі Савецкі Саюз“, лічыў, што Чарнаморскі флёт — самы магутны ў сьвеце. Выпісваў шмат газэт, а нам, траім сынам — часопісы „Вокруг света“, „Наука и жизнь“, „Юный натуралист“. Адзін мой брат вырас апалітычным, ён такі адорва, але ня любіць „мянтоў“, скажам так. Паўплываў на маю сьвядомасьць старэйшы брат: ён вельмі мазгавіты, прасунуты, на YouTube ўсё вывучаў, пачынаючы ад трактара. YouTube для яго — усё! Ну і мяне ён падсадзіў туды», — узгадвае свае дзяцінства і маладосьць Мацьвей.

Пасьля школы ён паступіў ў ПТВ, вывучыўся на будаўніка. Падтрымліваў уладу, быў, як сам кажа, «лукашыстам». Але калі пачаў працаваць і шмат езьдзіць па краіне, убачыў, што насамрэч усё ня так ідэальна, як паказваюць у тэлевізары.

«Найперш трэба глядзець пад ногі, а не ў тэлевізар. Я будаўнік, шмат езьдзіў па ўсёй краіне: Крычаў, Салігорск, Менск, Жыткавічы, Петрыкаў… Вось нібыта Лукашэнка ўсё будуе: кароўнікі, аграгарадкі — такі гаспадар! У тэлевізары чуеш: „дзякуючы мудраму кіраваньню нашага прэзыдэнта…“ А ў рэальнасьці ўсё інакш. Паезьдзіў і ўбачыў, як усё развальваецца. Яшчэ ў 2016 годзе зьезьдзіў турыстам у Віетнам — хацеў паглядзець „сацыялістычную краіну“ менавіта ў Азіі. Выбіраў паміж Тайляндам і Віетнамам. І ў мяне пачаў мяняцца сьветапогляд», — прызнаецца Мацьвей.

Незалежны прафсаюз гарнякоў

Мацьвей расказвае, што калі працаваў у Салігорску у будаўнічай арганізацыі пры «Беларуськаліі», выйшаў з праўладнага прафсаюзу хімікаў і ўступіў ў незалежны прафсаюз гарнякоў. Узгадвае, як у 2019-м на той незалежны прафсаюз пачалі ціснуць.

«Адміністрацыя кажа: маўляў, усе павінны вызначыцца і быць толькі ў шэрагах афіцыйнага „Белхімпрафсаюзу“. Вось трэба шахтару атрымаць новыя боты, а яму кажуць: „Ты ня сябра афіцыйнага прафсаюзу, не паложана“. Альбо вучань павінен прайсьці практыку, а яго ня бяруць: уступай у афіцыйны прафсаюз. Ну і людзі мусілі пакідаць НПГ. Я з страйкамаўцамі кантактаваў, з Анатолем Бокунам (адзін з кіраўнікоў пратэсту шахтароў у 2020 годзе, зараз у эміграцыі ў ЗША. — РС). Я за яго вельмі перажываў…

Хаця асабліва не чакаў ад шахтароў супраціву. Мая асабістая думка — яны працавалі за вялікія заробкі, асаблівых перакананьняў у іх не было. Але яны мяне зьдзівілі, калі падняліся і распачалі страйк», — узгадвае Мацьвей.

Летам 2020-га Мацьвей хадзіў на акцыі пратэсту ў Салігорску, тады ў будні людзі зьбіраліся пасьля працы на плошчы. А ў выходныя езьдзіў у Менск на ўсе маршы.

Пратэстоўцы ў Салігорску, жнівень 2020 году

«Іду ад чыгуначнага вакзалу ў цэнтар, бачу маленькі людзкі ручай, далучаюся да іх, а потым зьбіраецца вялікая калёна. Такія эмоцыі перапаўнялі мяне! Затрымалі мяне ў кастрычніку. Насупраць Палацу спорту не давалі народу зьбірацца. АМАПаўцы білі дзеда. Там такі парапэт, прыціснулі бусікам людзей да яго, людзі пераскоквалі. А дзядок не переадолеў бар’ер. Пяцёра выскокваюць з бусіка і пачынаюць таго дзеда малаціць. Ну я і не стрымаўся і АМАПаўцу даў у вока. Ну, а мяне галавой аб асфальт так моцна „прыпячаталі“, што гэты бок галавы доўга балеў. А потым закінулі ў бусік. Гэтага дзеда ў бус зьмясьцілі, мабыць, раней, бо ён апынуўся пада мной. Я худы, але жылісты, я супраціўляўся, яны пачалі мяне душыць. Потым яшчэ зьдзіўляліся, што трое на мне сядзяць, а я іх падымаю», — узгадвае суразмоўца.

Што было далей, Мацей памятае ўрыўкамі: прывезьлі яго ў Цэнтральнае РУУС, а потым правал у памяці. У Мацьвея кляўстрафобія, а яго закінулі ў маленькі задні аддзельчык аўтазаку.

Ачуняў у Навінках праз тры дні.

«Выявілася, што мяне прывезьлі на Акрэсьціна, але я быў у непрытомным стане, там мяне адмовіліся прымаць і павезьлі ў РНПЦ псыхічнага здароўя. Мае родныя пра затрыманьне даведаліся ад валянтэраў. Урыўкі нейкія памятаю: вельмі хацелася есьці, калі псыхоляг паказваў нейкія рэчы і прасіў назваць, я ведаў, як яны называюцца, але ня мог вымавіць. І калі псыхоляг запыталася, якая сёньня дата, я сказаў: 4 кастрычніка, нядзеля — дзень, калі мяне затрымалі. Яна зьдзіўлена на мяне паглядзела… Потым экспэртыза прызнала мяне адэкватным — і павезьлі зноў на Акрэсьціна. Супрацоўнік кажа: „Цябе ж ужо раз прывозілі, я памятаю“. Ён памятае, а я — не», — кажа Мацьвей.

З словаў суразмоўцы, неўзабаве пасьля гэтага яго павезьлі на вочную стаўку з АМАПаўцам, якому ён нібыта «заехаў» у вока. Падчас вочнай стаўкі Мацьвей страціў прытомнасьць.

Зьбітыя сілавікамі ўдзельнікі пратэстаў ў Менску. Кастрычнік 2020 году

«У таго АМАПаўца быў „ліхтар“ пад вокам, а ў мяне ўсё было адбіта, уся галава пасечаная. Ну я і „паплыў“… Міліцыянт выклікаў хуткую, мяне паклалі ў аддзяленьне нэўрахірургіі. Пастаянна ахоўвалі трое міліцыянтаў — спадарыню Сьвятлану Ціханоўскую так не ахоўваюць. Тыдзень я там праляжаў. Сам папрасіўся, каб выпісалі, бо там людзям сур’ёзныя апэрацыі робяць, а я крыху пабіты…» — расказвае суразмоўца.

З шпіталя яго прывезьлі ў жодзінскі сьледчы ізалятар, там зьмясьцілі ў так званую «бальнічку». А яна як камэра ШЫЗА — яму зь ягонай кляўстрафобіяй было вельмі дрэнна.

«У той камэры-палаце адзін быў шызафрэнік, другі пасьля інсульту. Мяне яшчэ на „давольствіе“ не паставілі, былі нейкія сьвяты, толькі піў гарбату, нават хлеба не давалі. Мне там вельмі дрэнна было. Зноў вазілі на экспэртызу ў Навінкі. Адзін супрацоўнік ціхенька мне запісачку ў далонь паклаў, а там напісана: „Верым, можам, пераможам. Трымайцеся!“ Думаю: куды яе падзець? І я яе зьеў! Так што і ў Навінках былі тыя, хто спачуваў», — узгадвае Мацьвей і прыемныя моманты.

23 сьнежня 2020 году быў суд. Старшынявала на працэсе судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менску Юлія Густыр. Мацьвея абвінавацілі ў «гвалце над супрацоўнікамі міліцыі» — паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу. Прысуд — 4 гады пазбаўленьня волі.

Заехаў Мацьвей у калёнію ў сакавіку 2021 году. Кажа, што «палітычных» тады там было яшчэ няшмат.

«У траўні прыехаў пракурор, пачаў ціснуць, каб я падпісаў прашэньне аб памілаваньні (так званую „памілуху“). Параіўся з адным „аўтарытэтам“: што рабіць? „Падмануць мянта — не западло“ — адказаў мне адзін больш дасьведчаны сукамэрнік. „Памілуху“ я напісаў, але віны не прызнаў. Думаў, на волі я дапамагу данатамі, а тут як? І да апошняга дня атраднік мяне тузаў: „Напішы прызнаньне віны“. Я так і не прызнаў віны і адседзеў увесь тэрмін», — узгадвае суразмоўца.

У калёніі Мацьвей некалькі разоў трапляў ў ШЫЗА. Першы раз адразу пасьля карантыну, потым яшчэ раз. Успамін пра ШЫЗА — гэта апёкі ад батарэі, бо батарэя вельмі гарачая, а ў памяшканьні халодна, таму ногі туалетнай паперай абгортваў.

Папраўчая калёнія №15 у Магілёве, ілюстрацыйнае фота

«Я абраў такую тактыку, маўляў знаходжуся ў палоне. Я не герой. Асабліва не выказваўся, сядзеў ціха. Камунікаваў у калёніі збольшага па-беларуску, асабліва з адным 22-гадовым хлопцам Мікітам. „Кум“ („опэр“, апэратыўны ўпаўнаважаны. — РС) і „кумоўкі“ (зьняволеныя, якія супрацоўнічаюць з апэратыўнікамі — РС), па-беларуску дрэнна разумелі, калі падслухоўвалі, пра што мы размаўляем», — кажа Мацьвей.

«З маёй паляшуцкай мовы у ПТВ усе рагаталі»

Мацьвей скончыў беларускую школу. У сям’і бацька гаварыў па-расейску (бо хоць і беларус, але гадаваўся ў дзіцячым доме ў Варонежы), а маці — паляшучка, якая размаўляла на палескім дыялекце.

«Я спачатку лічыў, што мова Купалы і Коласа, тарашкевіца — гэта не маё. Мая мова — менавіта паляшуцкая. Бабуля цікава на ёй размаўляла. Але паступова прыйшоў менавіта да мовы Купалы і Коласа. Калі вучыўся ў ПТВ, першы год наагул саромеўся размаўляць, бо ў мяне была канкрэтная паляшуцкая мова. А ў шахтарскім горадзе Салігорску збольшага ўсе па-расейску размаўляюць. З маёй паляшуцкай мовы у ПТВ усе рагаталі: маўляў, я „па-калгасьніцку“ гавару», — узгадвае Мацьвей.

Ён успамінае, што калі зьяжджаў за мяжу праз Калінінград, расейскі ФСБшнік узяў ягоны тэлефон, а там уся перапіска па-беларуску.

«Кажа: „Гэта ўкраінская мова?“ „Ды не, беларуская“, — адказваю. Тры гадзіны ён мяне мардаваў і пагражаў, што паеду ў беларускі КДБ, але ўсё ж адпусьціў», — кажа суразмоўца.

Мацьвей расказвае, што ў калёніі шмат чытаў. Напачатку і ў бібліятэцы, і ў вязьняў было шмат добрых кніг.

«Не паверыце: у нас была кніга Зянона Пазьняка пра Курапаты. Не бібліятэчная, а чыясьці асабістая, і яна „хадзіла па руках“», — кажа Мацьвей.

У аднаго «экстрэміста», футбольнага фаната (які сядзеў паводле «наркаманскага» 328-га артыкулу), была кніга «Мова» Віктара Марціновіча, узгадвае суразмоўца.

«Калі на так званых „хрысьцінах“ знайшлі ў яго гэтую кнігу, начальнік запытваецца:

— „Ты прачытаў яе?“

— „Не, проста ляжала“.

— Дык зьеж першую старонку.

Ён зьеў тую першую старонку, але сама кніга засталася. Калі я яе чытаў, то, каб не прыцягваць увагу, вокладку закрыў карцінкай, дзе намаляваны Лёндан. „Пра што чытаеш? Пра падарожжы? Ну чытай!“.

Я адукаваўся менавіта на зоне. Пікуль; Гюго „Сабор Парыскай Божай маці“ — вельмі кранальная, трагічная; Радзінскага пра Сталіна чытаў. Караткевіча „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“ таксама прачытаў, а вось „Каласы пад сярпом тваім“ не адолеў. „Біблію“ прачытаў на зоне — нарэшце, дасьпеў», — прызнаецца Мацьвей.

А потым кнігі пачалі і зь бібліятэкі канфіскоўваць, і забіраць у вязьняў, кажа суразмоўца. Калі вызваліўся, сваёй маці даў пачытаць «Круты маршрут» Яўгеніі Гінзбург.

Вызвалілі Мацьвея летам 2024-га, пасьля поўнага адбыцьця тэрміну. Прадчуваў, што давядзецца зьехаць, але, па-першае, хацеў дапамагчы сваім родным. Рамонт зрабіць у хаце, вокны памяняць, кацёл перарабіць.

«Уладкаваўся я працаваць у калгас, каб ад мяне мянты адчапіліся, менавіта для гэтага зьехаў у вёску, каб радзей да мяне маглі даехаць з праверкай. Але ўсё адно даяжджалі. Гарызантальныя сувязі наладжваў. А яшчэ я садзіў дрэвы. Каб быў добры лес — хавацца. У мяне знаёмы лясьнік, я браў саджанцы елак і саджаў у лесе», — узгадвае суразмоўца.

Зьехаў зь Беларусі Мацьвей толькі ў сьнежні 2025-га. Вельмі ўдзячны сваім былым сукамэрнікам, якія сядзелі зь ім у «справе студэнтаў», — Яўгену Каліноўскаму і Ільлю Фрэню:

«Гэта цудоўная моладзь, яны будучыня Беларусі», — мяркуе суразмоўца.