BelPol апублікаваў сьпіс 120 беларускіх прадпрыемстваў, якія спрыяюць Расеі ў вайне супраць Украіны

Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне, адно з прадпрыемстваў сьпісу

Арганізацыя BelPol паведаміла, што завершаны збор доказаў наконт саўдзелу гэтых прадпрыемстваў у вайне.

Кіраўнік ініцыятывы Ўладзімер Жыгар паведаміў, што ўдзел у выкананьні абароннай замовы ў інтарэсах войска дзяржавы-агрэсара даказаны цалкам, а кожны пункт задакумэнтаваны.

BelPol падкрэсьлівае: кіраўніцтва пазначаных у сьпісе заводаў цалкам усьведамляе, чым менавіта займаецца.

Сярод 120 прадпрыемстваў, якія апынуліся ў сьпісе, — «Пеленг», рагачоўскі завод «Дыяпраектар», менскія ММЗ імя Вавілава, «Зеніт БелОМО», Менскі завод колавых цягачоў, «Інтэграл», «Тэрмапласт», МАЗ, папраўчыя калёніі № 2 і 9, Менскі падшыпнікавы завод, бабруйская «Белшына», аршанскі «Легмаш», жлобінскі Беларускі мэталюргічны завод, гомельскі ЗЛіН, барысаўскі БАТЭ, жодзінскі БелАЗ, Беларуская чыгунка, «Электрамодуль» і іншыя.

Асобную катэгорыю складаюць банкі. Празь іх праводзяцца разьлікі за закупку дэталяў і тэхналёгіяў, а таксама фінансуецца стварэньне і пашырэньне вытворчасьцяў вайсковай прадукцыі. Іншымі словамі, менавіта фінансавая інфраструктура робіць магчымым функцыянаваньне гэтых ланцужкоў.

У сьпіс уключаныя і дзяржаўныя беларускія кампаніі, якія забясьпечвалі фармаваньне наступальнай групоўкі расейскіх войскаў і ўварваньне ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. Яны займаліся перавозкамі асабовага складу, баявой тэхнікі і боепрыпасаў, а сёньня працягваюць транспартаваць вайсковыя грузы і захоўваюць гатоўнасьць да паўторнага залучэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BelPol: беларускія вытворцы вайсковай прадукцыі выйдуць на пік сваіх магутнасьцяў у сярэдзіне 2027 году

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BelPol: падразьдзел КДБ «Альфа» мае на ўзбраеньні ўкраінскія «Карсары», якія не пастаўлялі ў Беларусь афіцыйна