Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BelPol: падразьдзел КДБ «Альфа» мае на ўзбраеньні ўкраінскія «Карсары», якія не пастаўлялі ў Беларусь афіцыйна


Пераносны супрацьтанкавы ракетны комплексу «Карсар» украінскай вытворчасьці. Скрын зь відэазапісу расьсьледаваньня BelPol
Пераносны супрацьтанкавы ракетны комплексу «Карсар» украінскай вытворчасьці. Скрын зь відэазапісу расьсьледаваньня BelPol

У Арганізацыі колішніх беларускіх сілавікоў BelPol мяркуюць, што спэцыяльны падразьдзел Камітэту дзяржаўнай бясьпекі «Альфа» рыхтуюць да вайны.

Як адзначаецца ў другой частцы адпаведнага расьсьледаваньня арганізацыі, пасьля пратэстаў 2020 году рэжым Лукашэнкі забясьпечыў «Альфу» цяжкім узбраеньнем і ўдарнымі БПЛА.

З адпаведных дакумэнтаў, якія атрымаў BelPol, вынікае, што спэцпадразьдзел мае мінамёты «Паднос» (савецкай распрацоўкі) і «Сані» (расейскай вытворчасьці), якія прызначаныя для баявых дзеяньняў ва ўмовах вайны, бо такое ўзбраеньне сярод іншага не валодае высокай дакладнасьцю, піша выданьне «Позірк».

«Альфу» рыхтуюць да вядзеньня агульнавайсковага бою, гэта значыць да вайны«, — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Апроч таго, паводле BelPol, спэцпадразьдзел таксама мае пераносны супрацьтанкавы ракетны комплексу «Карсар» украінскай вытворчасьці, які служыць для паражэньня лёгкабраніраванай тэхнікі, стацыянарных будынкаў і збудаваньняў.

«У адкрытых крыніцах мы не знайшлі інфармацыю аб пастаўках СТРК „Карсар“ у Беларусь. Таму ўзьнікае слушнае пытаньне: а як жа гэты комплекс апынуўся ў „Альфе“? Цяпер BelPol супольна з адпаведнымі кампэтэнтнымі органамі займаецца пошукам адказу на гэтае пытаньне», — адзначаецца ў расьсьледаваньні.

На ўзбраеньні «Альфы» таксама ёсьць гранатамёты: РГП-7, «Полымя» (абодва савецкай вытворчасьці), ГМ-94 (РФ). Расейскі гранатамёт выкарыстоўваюць у гарадзкіх умовах і для «разгону вулічных беспарадкаў», ён абсталяваны гранатамі як сьмяротнага, так і несьмяротнага дзеяньня.

У BelPol сьцьвярджаюць, што ГМ-94 сілавікі выкарыстоўвалі для падаўленьня мірных пратэстаў у 2020 годзе, нямала беларусаў тады атрымала «калецтвы і пашкоджаньні».

Таксама на ўзбраеньні ў «Альфы» ёсьць пастаўленыя з Расеі кулямёты «Уцёс», «Печанег», кулямёт Калашнікава; снайпэрскія вінтоўкі як савецкай і расейскай вытворчасьці, так і заходняй — фінскія, брытанскія, нямецкія.

Што тычыцца аўтаматычнай асабістай зброі, то амаль за кожным вайскоўцам «Альфы» «замацаваны пэрсанальны аўтамат, у асноўным гэта аўтаматы Калашнікава», адзначылі ў BelPol.

Раней паведамлялася, што на момант стварэньня ў 1990 годзе ў атрад «Альфа» ўваходзіла 45 байцоў. Паводле зьвестак BelPol, цяпер іх колькасьць вырасла да 220 чалавек, а з улікам дапаможных падразьдзелаў — да 270.

Аб’яднаньне таксама паведамляла, што менавіта байцы «Альфы» забілі ў 2021 годзе 31-гадовага ІТ-спэцыяліста Андрэя Зэльцэра пры штурме яго кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску з мэтай «адпрацоўкі адрасоў, у якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасьці». У перастрэлцы тады загінуў афіцэр падразьдзелу Дзьмітры Федасюк.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG