Мюнхэнская акцыя стала часткай сусьветнага дня дзеяньняў, абвешчанага Рэзам Пэхлеві, малодшым сынам шаха Ірану, зрынутага падчас ісламскай рэвалюцыі 1979 года.
Адзін з шматлікіх прадстаўнікоў разьяднанай іранскай апазыцыі ў выгнаньні, Пэхлеві сустрэлі на мітынгу гучнымі воплескамі.
«Сёньня вы бачыце гарызонт перамогі бліжэй, чым калісьці», — сказаў ён натоўпу, які, паводле яго слоў, стаў адным з найбуйнейшых сходаў іранцаў у сьвеце. Іншыя масавыя акцыі адбыліся ў Лос-Анжэлэсе і Таронта.
Людзі прыехалі ў Мюнхэн з усёй Эўропы, абураныя крывавым разгонам дэманстрантаў у Іране ў студзені. Падчас пратэстаў сілы бясьпекі забілі тысячы людзей.
На мюнхэнскі пратэст прыехалі іранцы з усёй эўропы
«Я так рада, што яны прачынаюцца»
«Вельмі сумна казаць, але яны, мы, плацім цану, вядома, гэтыя маладыя людзі, якія гінуць кожны дзень. Гэтая кроў — гэта так сумна», — сказала Радыё Свабода жанчына па імені Атэна. Як і іншыя ўдзельнікі пратэсту, Атэна, якая прыехала ў Мюнхэн з Міляна (Італія), адмовілася назваць сваё поўнае імя.
Адзначыўшы, што ў яе ёсьць стрыечныя браты, сёстры і сябры ў Тэгеране і іншых гарадах, Атэна сказала, што студзеньскія пратэсты ў Іране далі ёй надзею, нягледзячы на дзеяньні сілавікоў.
«Я так рада, што яны прачынаюцца і патрабуюць зьменаў… Гэтым разам [зьмены] адбудуцца», — сказала яна.
Іншы ўдзельнік дэманстрацыі, Расул, паведаміў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што прыехаў зь Нідэрляндаў, каб далучыцца да акцыі ў Мюнхэне.
«Я раззлаваўся, засмуціўся, таму што мае браты і сёстры, нашы бацькі знаходзяцца ў небясьпечнай сытуацыі. Яны пакінулі сваё жыцьцё на вуліцы дзеля свабоды», — сказаў Расул.
«Гэты рэжым цяпер самы слабы за ўвесь час. Таму, калі ЗША і Эўропа дапамогуць нам ваенным умяшаньнем, людзі змогуць завяршыць тое, што пачалі», — дадаў ён.
Прыхільнікі Рэзы Пэхлэві падчас мітынгу ў Мюнхэне
Заклікі да ваенных дзеяньняў ЗША
Словы Расула паўтаралі лёзунгі на многіх банэрах з заклікамі да ваенных дзеяньняў з боку ЗША супраць Ірану.
Ваенна-марскія сілы ЗША ў Пэрсідзкай затоцы застаюцца ў стане гатовасьці на ўдарнай адлегласьці ад Ірану — у межах аднаго з найбуйнейшых за апошнія гады нарошчваньняў амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў падтрымку іранскім пратэстоўцам і даў зразумець, што амэрыканскія сілы могуць умяшацца, каб абараніць іх.
Аднак перамовы паміж амэрыканскім і іранскім бакамі, выглядае, больш засяроджаныя на іншых пытаньнях, такіх як ядзерная і ракетная праграмы Ірану, а таксама яго сетка проксі-сіл у Лібане, Іраку і Емэне.
Выступаючы на прэс-канфэрэнцыі раней 14 лютага, Пэхлеві заклікаў Трампа дзейнічаць.
«Іранскі народ пачуў, як вы сказалі: „Дапамога ўжо ў дарозе“, і яны вераць вам. Дапамажыце ім — і гісторыя запіша вас побач ня толькі з найвялікшымі героямі іранскай нацыі, але і ўсяго сьвету», — сказаў ён.
Рэза Пэхлеві з жонкай Язьмінай выступае на акцыі пратэсту ў Мюнхэне 14 лютага 2026
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што зьмена рэжыму — гэта «лепшае, што можа адбыцца» ў Іране і пацьвердзіў, што другі авіяносец неўзабаве далучыцца да вялікай «амэрыканскай армады» ў Аравійскім моры на тле высокай напружанасьці ў рэгіёне.
«Здаецца, гэта было б лепшае, што магло б адбыцца», — сказаў Дональд Трамп журналістам 13 лютага на вайсковай базе ў Паўночнай Караліне, калі яго спыталі, ці імкнецца ён да «зьмены рэжыму» ў Тэгеране.
«47 гадоў яны казалі, казалі і казалі. Тым часам мы страцілі шмат жыцьцяў, пакуль яны казалі», — дадаў ён у сваім самым прамым закліку да падзеньня жорсткага рэжыму Ірана.
Трамп не сказаў, каго б ён хацеў бачыць уладай у выпадку падзеньня іранскага ўраду, толькі сказаў, што «ёсьць людзі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп назваў зьмену рэжыму «найлепшым, што можа адбыцца ў Іране»Напярэдадні мюнхэнскай акцыі пратэсту Рэза Пэхлеві сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім — надзвычай рэдкая сустрэча такога ўзроўню для былога спадчыннага прынца.
На відэа, зьнятым украінскім грамадзкім тэлебачаньнем, бачна, як двое мужчын паціскаюць адзін аднаму рукі ў залі з драўлянымі панэлямі, пасьля чаго сядаюць за стол. Пэхлеві падзякаваў Зяленскаму за падтрымку іранскіх пратэстоўцаў, выказаную падчас яго выступу на нядаўнім Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе (Швэйцарыя).
Аднак, нягледзячы на падтрымку іранскіх пратэстоўцаў з боку Злучаных Штатаў, Вашынгтон не падтрымаў ані Пэхлеві, ані іншых лідараў у выгнаньні — хоць Пэхлеві неаднаразова заклікаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа да ўмяшаньня ў Іране.
На мітынгу ў Мюнхэне выступіў і амэрыканскі сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм
Сэнатар-рэспубліканец ад Паўднёвай Караліны Ліндсі Грэм выступіў на мюнхэнскай акцыі пратэсту. «Я абраў іранскі народ, а не аятол. Я веру, што яны могуць стаць добрымі саюзьнікамі Злучаных Штатаў і павесьці рэгіён да сьвятла», — сказаў ён.
Іншыя іранскія апазыцыйныя групы ў выгнаньні таксама абвясьцілі, што правядуць у Мюнхэне альтэрнатыўныя дэманстрацыі 13–14 лютага — у той час як сусьветныя лідэры зьбіраліся ў горадзе на штогадовую канфэрэнцыю ў бясьпецы.
13 лютага Нацыянальная рада супраціву Ірана правяла значна менш маштабную акцыю пратэсту, падчас якой асудзіла як цяперашнія іранскія ўлады, гэтак і ідэю манархічнага кіраваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Верагоднасьць удараў ЗША па Іране «вельмі высокая» на фоне нарошчваньня войскаў і вучэньняў