Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі адказаў на заявы спэцслужбаў і МЗС Расеі

Старшыня Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская

АПК заявіў, што Масква разглядае Беларусь як уласны ваенны пляцдарм і зону акупацыйнага ўплыву.

«Прынцыповую палітычную ацэнку» нядаўнім заявам прадстаўнікоў Расеі, якія могуць сьведчыць пра «падрыхтоўку да канчатковай ліквідацыі сувэрэнітэту Беларусі», даў Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК).

Заява стала рэакцыяй на паведамленьне расейскай Службы вонкавай выведкі (СВР) ад 9 лютага і выступ прэс-сакратара расейскага МЗС Марыі Захаравай ад 12 лютага, якія «ўтрымліваюць непрыхаваныя пагрозы выкарыстаць усе наяўныя сілы і сродкі, уключаючы ядзерны арсэнал, для кантролю над унутрыпалітычнай сытуацыяй» у Беларусі.

Намеры расейскага боку «не назіраць склаўшы рукі» за працэсамі ў Беларусі «ёсьць беспасярэдняй пагрозай нацыянальнай бясьпецы і сьведчаць пра пераход Крамля да палітыкі адкрытага дыктату», лічыць АПК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заявілі, што ня будуць склаўшы рукі назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі, і згадалі ядзерную зброю

«Падобныя заявы зьяўляюцца грубым умяшаньнем ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь і беспрэцэдэнтным сыгналам пра поўнае непрызнаньне Расеяй сувэрэннага права беларускага народу самастойна вызначаць сваю будучыню», — адзначаецца ў заяве.

Прысабечыўшы «права ацэньваць легітымнасьць беларускіх палітычных суб’ектаў і эфэктыўнасць „зачысткі“ грамадзянскай супольнасьці», Масква дэманструе, што «разглядае Беларусь не як незалежную дзяржаву, а як уласны ваенны пляцдарм і зону акупацыйнага ўплыву», — падкрэсьліў АПК.

«Менавіта імпэрская палітыка Расейскай Фэдэрацыі і яе імкненьне замацаваць Беларусь у статусе бяспраўнага сатэліта зьяўляюцца сёньня галоўнай пагрозай сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай краіны», — адзначаецца ў заяве.

Да гэтай крытычнай мяжы краіну, упэўненыя ў АПК, прывяла «шматгадовая антынародная палітыка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», які дзеля ўтрыманьня асабістай улады сьвядома і плянамерна «гандляваў дзяржаўным сувэрэнітэтам, дапусьціў замежныя спэцслужбы да кіраваньня пытаньнямі ўнутранай бясьпекі і зрабіў Беларусь закладніцай агрэсіўных плянаў Крамля».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папярэджаньне Лукашэнку? Што насамрэч стаіць за заявай расейскай выведкі пра Беларусь

«Сёньняшняя сытуацыя, калі лёс беларускіх выбараў і канстытуцыйнага ладу адкрыта абмяркоўваецца ў кабінэтах расейскіх сілавых структураў, ёсьць беспасярэднім вынікам здрады нацыянальным інтарэсам з боку Лукашэнкі», — заяўлена ў дакумэнце.

Ва ўмовах, калі Расея выказвае актыўны намер умяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі, у тым ліку ваенным чынам, АПК «пацьвярджае сваю няўхільную пазыцыю» — «адзіным эфэктыўным адказам на вонкавую агрэсію можа быць толькі ўнутранае адзінства і аднаўленьне суб’ектнасьці беларускага народу».

«Мы зноў заклікаем прадстаўнікоў функцыянальных беларускіх уладаў, якія ўсьведамляюць экзыстэнцыйную пагрозу страты дзяржаўнасьці, да пачатку канструктыўнага дыялёгу ў фармаце круглага стала. Выхад з глыбокага палітычнага крызісу, спыненьне рэпрэсіяў і вяртаньне да законнасьці — гэта неабходныя крокі для стварэньня адзінага нацыянальнага фронту абароны незалежнасьці Рэспублікі Беларусь», — заклікаў АПК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін не пусьціў Лукашэнку да Трампа? У Крамлі загаварылі пра пераварот у Менску

Будучыню Беларусі, упэўнены АПК, павінны вызначаць выключна грамадзяне Беларусі ў рамках дэмакратычных працэдураў. Усякія спробы замежнага ўмяшаньня пад выглядам «гарантыяў бясьпекі» фактычна ёсьць актам агрэсіі, а асобы, якія спрыяюць гэтаму ўмяшаньню, павінны панесьці адказнасьць.

СЗВ Расеі 9 лютага заявіла, што заходнія краіны нібыта плянуюць правесьці «пільную „інвэнтарызацыю“ беларускіх апазыцыйных кадраў на прадмет іх выкарыстаньня ў падрыўной дзейнасьці».

Для рэалізацыі «сцэнару каляровай рэвалюцыі», як сьцьвярджала расейская выведка, ставіцца задача «вышукаць у беларускім грамадзтве новых лібэральных пасіянарыяў», бо «зьбеглыя дзеячы на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай, якія акапаліся ў Літве і Польшчы», за апошнія гады нібыта «расьпісаліся ў сваёй поўнай немачы хоць неяк паўплываць на працэсы ў роднай краіне».

У сувязі з гэтым, адзначыла спэцслужба, «мяркуецца сфармаваць рэсурс „раззлаваных на Аляксандра Лукашэнку“ з прыцэлам на прэзыдэнцкія выбары 2030 году».

12 лютага прэс-сакратар МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Расея «ня будзе назіраць склаўшы рукі» за тым, як Захад намагаецца «адарваць Беларусь ад Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве прычыны, чаму Масква загаварыла пра «каляровую рэвалюцыю» ў Беларусі