Партызанскія бібліятэкі. Як беларусы прыхоўваюць і чытаюць забароненую літаратуру

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі 312 выданьняў афіцыйна прызнаныя «экстрэмісцкімі» або здольнымі «нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам» дзяржавы. У размове з Свабодай чытачы расказваюць, як хаваюць ад уладаў сваё захапленьне забароненай літаратурай.

Поўнага афіцыйнага і зручнага для пошуку пераліку кніг, якія Міністэрства інфармацыі Беларусі прызнала «экстрэмісцкімі», з пазначэньнем аўтарства, назвамі, нумарамі судовых рашэньняў, няма. Каб даведацца, ці не стаіць раптам нейкае «злачыннае» выданьне на вашай кніжнай паліцы, трэба спачатку заладаваць дакумэнты з сайту Міністэрства інфармацыі на свой кампутар, а пасьля шукаць, гартаючы амаль дзьве тысячы старонак неахайна складзеных сьпісаў, дзе ёсьць паўторы, процьма памылак, скасаваньняў.

Толькі на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі ёсьць два афіцыйныя сьпісы так званай «забароненай літаратуры». Акрамя гэтага, існуюць яшчэ «таемныя» сьпісы непажаданых выданьняў для бібліятэк і кнігарняў.

Філёзаф, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыяльным адраджэньні Павал Баркоўскі праводзіць сумную аналёгію.

«Колькасьцю выданьняў беларускі сьпіс ужо пачынае нагадваць сумнавядомы індэкс забароненых кніг, створаны інквізыцыяй, які пачаў стварацца ў 1529 годзе і папаўняўся ажно па 1966 год», — параўноўвае спадар Баркоўскі.

Паводле інфармацыі Беларускага ПЭНу, які стварыў адпаведны разьдзел на сваім сайце, у Беларусі зараз 312 кніг прызнана «экстрэмісцкімі» або такімі, што «наносяць шкоду нацыянальнай бясьпецы краіны». Адзін з афіцыйных дакумэнтаў называецца «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У ім 1979 старонак і 8172 пазыцыі. У сьпісе шмат імёнаў вядомых беларускіх аўтараў: Уладзімер Арлоў, Павал Татарнікаў, Альгерд Бахарэвіч, Саша Філіпенка, Уладзімер Някляеў і іншыя.

Другі дакумэнт Міністэрства інфармацыі называецца «Сьпіс друкаваных выданьняў, якія зьмяшчаюць інфармацыйныя паведамленьні і (або) матэрыялы, распаўсюджваньне якіх здольнае нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Беларускіх кніг у другім сьпісе ня так шмат. Пачынаецца ён з гістарычнай літаратуры: «Нарысаў гісторыі Беларусі (1795–2002)» Захара Шыбекі, далей ідуць «Тайны беларуской истории» Вадзіма Дзеружынскага і «На скрыжалях вякоў: гістарычныя творы» Кастуся Цьвіркі.

Штрафы і арышты

За распаўсюджваньне, захоўваньне або выданьне кніг, прызнаных у Беларусі ‎«экстрэмісцкімі матэрыяламі», а таксама за іх перавозку з мэтай распаўсюду чалавека могуць пакараць штрафам ад 450 да 1350 рублёў або адміністрацыйным арыштам да 15 дзён. Для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў (кнігарні, бібліятэкі) штраф ад 450 да 22 500 рублёў.

Увесну 2024 году ў Кобрыні на 10 дзён асудзілі чалавека, які меў у прыватнай бібліятэцы кнігу Ўладзімера Арлова і Паўла Татарнікава «Айчына: Ад Рагнеды да Касьцюшкі». Міліцыя даведалася, што нехта мае дома «экстрэмісцкую» кнігу, з даносу. Хто напісаў паклёп, у міліцэйскім пратаколе не было пазначана.

"Айчына. Ад Рагнеды да Касьцюшкі"

Алесь (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) вучыцца ў асьпірантуры Акадэміі навук. Дома мае вялікую бібліятэку, якая засталася ў спадчыну яшчэ ад дзеда і бацькоў. Алесь рэгулярна папаўняе хатні кнігазбор і сам.

«Акрамя збораў твораў замежнай клясыкі, у нас шмат кніг беларускіх аўтараў. Я люблю сэрыю „Кнігазбор“, шмат выдадзенага раней купляў у букіністычных крамах. Нядаўна выпадкова даведаўся ад сябра, што нават томік майго ўлюбленага паэта Ўладзімера Някляева — „экстрэмісцкае“ выданьне. Любоўная лірыка, ён цудоўны паэт-песеньнік. Прабачце, гэта маразм! Дарэчы, я спрабаваў пашукаць пералік „экстрэмісцкіх“ выданьняў. Параілі рабіць гэта на сайце Міністэрства інфармацыі. Знайшоў. Там амаль 2 тысячы старонак з 2006 году, тысячы акаўнтаў, тэлеграм-каналаў. Няўжо хтосьці будзе гартаць і вышукваць там кнігі? Непаважаныя мною чыноўнікі міністэрства, гэта ж несур’ёзна! Я буду гэта заладоўваць з вашага сайту, а потым зьвяраць з хатняй бібліятэкай?» — абураецца асьпірант.

Суразмоўца кажа, што ўсе свае кнігі набываў у дзяржаўных кнігарнях: «Сьветачы», «Акадэмкнізе», Цэнтральнай кнігарні, букіністычных крамах. Мастацкія ілюстраваныя выданьні кшталту кніг Арлова і Татарнікава каштавалі даволі вялікіх грошай. Алесь прызнаецца, што пасьля просьбаў бацькоў частку кніг, якія апынуліся ў «экстрэмісцкіх» сьпісах, давялося адвезьці на лецішча і схаваць. Некалькі ўлюбленых томікаў, якія часьцяком перачытвае, паставіў у другі шэраг — далей ад людзкога вока.

Ілюстрацыйнае фота

Ці можна ў Беларусі здабыць забароненыя кнігі, пачытаць «модных» і перакладзеных на многія замежныя мовы Бахарэвіча ці Філіпенку?

«Ведаеце, мае бабуля і дзед апавядалі пра „самвыдавецтва“ савецкага часу, пераплеценыя з „тоўстых“ літаратурных часопісаў творы Салжаніцына, Булгакава — нават тады былі магчымасьці. Забараніць штосьці ў век інтэрнэту? Яны сур’ёзна? Я ня буду спрашчаць працу сілавікам, ня буду апавядаць, дзе і як шукаць — тэхнічна абазнаныя людзі самі знойдуць. Калі людзі даведваюцца, што нешта забаронена, да гэтага ўзьнікае яшчэ большая цікавасьць», — мяркуе бібліяфіл Алесь.

Вольга (імя суразмоўцы зьмененае праз пытаньні бясьпекі — РС) зьехала зь Беларусі, дзе была грамадзкай актывісткай. Пасьля падзеяў 2020 году сілавікі прыходзілі да яе дадому зь ператрусам. Муж Вольгі застаўся на радзіме. У яе кватэры шмат кніг. Вольга прызнаецца, што калі дазналася, што некаторыя зь іх «экстрэмісцкія», то параіла мужу прыбраць іх.

«Я кажу: прыбяры такія і такія кнігі з паліц, пакладзі ў пакунак, адвязі на вёску, схавай. Муж абурыўся: маўляў, „вы, зьбеглыя, за граніцамі ўжо з глузду зьехалі: ну як могуць забараніць гістарычныя кнігі Арлова ды іншыя!“ Пра тое, што сайты незалежных СМІ прызнаныя „экстрэмісцкімі“, ён ведае і не чытае іх, нават ня ведае, што такое VPN. Мы зь ім розных перакананьняў, ён ніколі не цікавіўся палітыкай, ніякіх спасылак я яму ня шлю. Ня ведаю, як пераканаць. Але перажываю, што прыйдуць шукаць мяне, а непрыемнасьці будуць у яго», — расказвае жанчына.

Пэнсіянэрка Сьвятлана (поўнае імя суразмоўцы не называем дзеля бясьпекі. — РС) таксама мае хатнюю бібліятэку, у якой замежная і беларуская клясыка, ёсьць гістарычныя кнігі, мастацкія альбомы. Што да экстрэмісцкіх кніг, краем вуха яна штосьці чула пра іх небясьпечнасьць, але дакладна ня ведае, якія кнігі прызнаныя непажаданымі.

Ілюстрацыйнае фота

«На пэнсіі кніг не купляю, бо ледзь хапае на камуналку і ежу. Нават ня буду марнавацца, шукаць, ці ёсьць у мяне штосьці забароненае. Я ўсе свае кнігі купляла ў кнігарнях, калі працавала. Шмат ілюставаных прыгожых кніг дарыла ўнукам, калі яны былі малыя. Цікаўлюся ў іх, што яны цяпер чытаюць. Кажуць, што зараз неабавязкова шукаць папяровыя кнігі, усё яны чытаюць у электронным выглядзе: і Бахарэвіча, і Філіпенку, і Марціновіча», — кажа суразмоўца.

Алена (поўнага імя не называем дзеля бясьпекі. — РС) жыве ў абласным цэнтры. Расказвае, што даўно асвоіла сучасныя тэхналёгіі, мае электронную «чыталку», якой актыўна карыстаецца. Але купляць друкаваныя выданьні не перастала.

«Я люблю сам працэс чытаньня на паперы, яго эстэтыку. Кніг у нас шмат было заўсёды. Мае і ў бацькоў дома ёсьць, і ў нас з мужам. Я ведаю, што некаторыя з маіх кніг „экстрэмісцкія“, але нават не здагадваюся, што мне можа быць за іх. Калі дадому прыйдуць сілавікі зь ператрусам, то яны ж ужо нешта будуць на нас мець. Кнігі тады хіба дадаткам стануць. То я не марнуюся», — кажа Алена.

Суразмоўца дадае, што новы лад жыцьця ўсё ж уплывае на яе кніжныя звычкі. Яна шмат падарожнічае і працуючы, і ў адпачынку. І калі раней не задумвалася, што будзе чытаць у дарозе, то зараз іначай.

«Філіпенку я цяпер пакіну дома. Ня ведаю, ці ён увесь забаронены, але пакіну. Бахарэвіча таксама. Нядаўна ездзіла ў Менск цягніком, то не ўзяла з сабой. Хоць я ня чула, каб некага так вось на вуліцы хапалі за чытаньне кніг. Але ня хочацца правяраць, ведаеце. Дома хай стаіць адкрыта на паліцы, мы нікога лішняга да сябе даўно не пускаем. Але вось у цягнік ужо не бяру», — прызнаецца Алена.

Кананічная вэрсія «перамог»

Філёзаф Павал Баркоўскі на просьбу Свабоды праналізаваў, якія кнігі найчасцей трапляюць пад забарону ў Беларусі. З словаў Баркоўскага, гэта перадусім кнігі з гісторыі. Апошні прыклад — манаграфія польскай прафэсаркі ўнівэрсытэту Мікалая Каперніка ў Торуні Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка: 1918–1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасьці».

Павал Баркоўскі

«Што да кніг з гісторыі, то гэта тыя кнігі, якія не жадаюць падтрымліваць міты пра адзіны выток беларускай дзяржаўнасьці ў заснаваньні БССР, якія ігнаруюць высмактаныя з пальца лічбы раскручанага „генацыду“ беларускага народу — інакш навошта было б забараняць беларусам чытаць сур’ёзную манаграфію нямецкіх аўтараў пра спаленыя рукамі нацысцкіх злачынцаў вёскі Польшчы і Савецкага Саюзу або кнігу пра аграрную палiтыку нацыстаў у Заходняй Беларусi Сьвятланы Казловай?» — заўважае Баркоўскі.

Ён называе «Нарысы гісторыі Беларусі» Захара Шыбекі зь неідэалягізаваным поглядам на айчынную гісторыю пачынаючы з трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і да нашых дзён, кнігі Сяргея Навумчыка пра палітычную гісторыю пачатку незалежнай Беларусі, а таксама кнігі пра беларускіх савецкіх партызанаў. На думку Паўла Баркоўскага, улады Беларусі спрабуць выкараніць усякія альтэрнатыўныя погляды на гісторыю Другой усясьветнай.

«Забараняецца ўсё, што ня надта трапляе ў кананічную вэрсію „перамог“ Чырвонай арміі. Карацей, улады Беларусі актыўна зачышчаюць гістарычную навуку ад якіх-кольвечы альтэрнатыўных вэрсіяў яе выкладаньня, акрамя ўхваленых дзяржаўнай ідэалёгіяй і настоеных на „вечным саюзе братніх народаў“ і на міце аб Вялікай Перамозе, якая далася крывёй мільёнаў беларусаў», — кажа суразмоўца.

Павал Баркоўскі таксама адзначае, што ўлады забараняюць інтэлектуальныя працы беларускіх і замежных аўтараў.

Такія філязофскія творы, паводле беларускіх ідэолягаў, могуць несьці сьветапоглядную пагрозу рэжыму, нягледзячы на свой досыць адцягнуты, тэарэтычны характар.

«І калі трактат сучаснага амэрыканскага дасьледніка Тымаці Снайдэра „Аб свабодзе“ відавочна ёсьць маніфэстам палітычнага лібэралізму і правоў чалавека насуперак аўтарытарнай спакусе, то кнігі вядомага беларускага мысьляра Валянціна Акудовіча „Код адсутнасьці“ і „Цяжка ўявіць Сызыфа шчасьлівым“ — гэта фундамэнтальны роздум пра шлях нацыі, яе шматпакутныя спробы дасягнуць беларускага выраю і тыя шматлікія перашкоды, што перад гэтай місіяй стаяць. Кнігам, якія вучаць крытычнаму мысьленню, нацыянальнаму ўздыму ці развагам аб свабодзе і грамадзянскіх правах, ня месца ў таталітарнай Беларусі, лічаць ідэолягі», — кажа суразмоўца.

Пад забарону таксама трапляе і выразна мастацкая проза і паэзія, публіцыстыка. Сярод «экстрэмісцкіх» у Беларусі антыўтапічныя раманы Альгерда Бахарэвіча, проза Сашы Філіпенкі, паэтычныя творы Ларысы Геніюш, Натальлі Арсеньневай, Лідзіі Арабей, Уладзімера Някляева, нават творы беларускага клясыка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

«І чыста фэнтэзійныя раманы Валера Гапеева, якія разьвіваюць кананічную тэму змаганьня дабра са злом, або ня менш фантасмагарычнае „Забойства на вуліцы Макаёнка“, ананімнага аўтара пад псэўданімам Клёк Штучны. У забароненыя сьпісы трапілі беларуская паэзія салідарнасьці і інакшы ад афіцыйнага погляд на вайну ва Ўкраіне: забаронены „Беларускі Данбас“ рэпрэсаваных журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша і „Ўкраінская ноч“ амэрыканскай дасьледніцы Марсі Шор пра падзеі ўкраінскага Майдану», — дадае Баркоўскі.