«Сёньня дома прайшоў новы ператрус. Гэтым разам справа ўзбуджаная паводле арт. 361 ч. 2. Падазраваны Філіпенка Аляксандар Аляксандравіч, паўторна, выкарыстоўваючы інтэрнэт, даў інтэрвію пад назвай „Забароненыя кнігі ў Беларусі: чаму нельга чытаць раманы Сашы Філіпенкі ці як усё ж такі прачытаць?“ на канале „Обычное ўтро“», — напісаў Саша Філіпенка.
«Вы нічога не пераблыталі — паводле новага артыкула мне сьвеціць яшчэ 5–7 гадоў за тое, што я апавёў пра свае кнігі. Раней на вокладках друкавалі прэміі і ўзнагароды, цяпер можна артыкулы КК», — дадаў ён.
Саша Філіпенка — беларускі пісьменьнік, які піша па-расейску. Ён нарадзіўся ў Менску, пісаў сцэнары да праграм на расейскай тэлевізіі, апошнія гады жыве ў Швайцарыі.
У 2020 годзе ён удзельнічаў у пратэстах супраць рэжыму Лукашэнкі, а пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну асудзіў дзеяньні Масквы.
Пра першую справу супраць Філіпенкі стала вядома 9 лістапада 2023 году, калі пасьля ператрусу на 13 содняў арыштавалі ягонага бацьку.
Пазьней Філіпенка даведаўся, што справа ўсчатая паводле 3-й часткі артыкулу 130.
«Гаворка там пра тое, што я сродкамі літаратуры заклікаў да масавых пратэстаў у Беларусі», — расказаў Радыё Свабода пісьменьнік.
Форум