Махляры выманьваюць грошы, абяцаючы добрую характарыстыку ад КДБ і пагражаючы крымінальным перасьледам

Сьледчы камітэт Беларусі. Архіўнае фота

Моладзь, як і старыя, лёгка трапляе ў пасткі тэлефонных махляроў, якія дзейнічаюць нібыта ад імя КДБ ці іншых сілавых структураў Беларусі.

Тэлефонныя махляры ўсё часьцей выступаюць ад імя сілавых структураў

Як паведаміў прадстаўнік менскай міліцыі Віталь Сарока, да іх «зьвярнуўся студэнт, які стаў ахвярай і кур’ерам тэлефонных махляроў». 20-гадовы мянчук спачатку аддаў ашуканцам свае грошы, а потым выкапаў са сьнегу чужыя, паведаміла менская міліцыя.

«Такое ўражаньне, што я папаўся», — сказаў міліцыянтам студэнт, які кантактаваў зь нібыта «прадстаўнікамі дзяржавы» праз вайбэр.

«Маладога чалавека падманулі, выкарыстаўшы схему „Энэргазбыту“. Ён назваў чатырохзначны код з SMS і паверыў, што ашуканцы адкрылі на яго імя рахунак у банку. Студэнт пагадзіўся задэкляраваць свае ашчаджэньні і перадаў 7 тысяч даляраў першакурсьніцы сталічнай ВНУ, якую лічыў курʼерам Нацыянальнага банку», — расказаў Сарока.

У гэты ж час той самы ашуканы студэнт атрымаў яшчэ адзін званок ад незнаёмца, які запатрабаваў выканаць яшчэ некалькі заданьняў. Малады чалавек паехаў ва ўмоўленае месца і забраў з закладкі ў сьнезе 8 тысяч эўра, а потым на вакзале — яшчэ 8 тысяч даляраў. Гэтыя грошы належалі 70-гадовай жыхарцы Менску і 21-гадовай жыхарцы Горадні, якія таксама паверылі махлярам і вырашылі нібыта «задэкляраваць грошы».

18-гадовую дзяўчыну падманулі той жа схемай, яшчэ і паабяцаўшы «добрую характарыстыку з КДБ». Яе прымусілі забраць 5 тысяч даляраў у яшчэ аднаго менчука, 87-гадовага пэнсіянэра. Усю суму яна на таксоўцы адвезла наступнаму курʼеру, думаючы, што зарабляе сабе добрую характарыстыку ад КДБ.

Махляры апошнім часам таксама выкарыстоўваюць і дзяцей, запалохваюць тым, што «бацькоў пасадзяць, а цябе аддадуць у дзіцячы дом».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менскім палацы дзяцей і моладзі для прафіляктыкі злачынстваў абсталявалі турэмную камэру

Пагражалі крымінальным перасьледам за «спрыяньне тэрарызму»

Як паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі, малады чалавек зь Сьветлагорску паверыў махлярам і вырашыў «супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнага кантролю».

Яму даручылі забіраць скруткі з грашыма ў грамадзян і адвозіць іх у Маскву. Людзі перадавалі свае ашчаджэньні, думаючы, што яны супрацоўнічаюць з «КДБ», «агентамі Нацыянальнага банку» ці перадаюць грошы «для праверкі».

«За некалькі дзён малады чалавек забраў грошы ў траіх падманутых грамадзян і адвёз іх у расейскую сталіцу», — паведамляе тэлеграм-канал Сьледчага камітэта.

Ён жа інфармуе, што ў Нясьвіжы зламысьнікі выдавалі сябе за супрацоўнікаў КДБ, банку і пошты і пагражалі грамадзянам крымінальным перасьледам за «спрыяньне тэрарызму».

У іншым выпадку малады чалавек, упэўнены, што стаў «рэгіянальным прадстаўніком КДБ», забраў нібыта «на праверку» 84 тысячы рублёў у браслаўскай пэнсіянэркі.

У Менску фіктыўны «супрацоўнік Сьледчага камітэту» прымусіў пэнсіянэра аддаць ашчаджэньні кур’еру, якая сама думала, што дапамагае пэнсіянэрам з інваліднасьцю «унікнуць крымінальнага перасьледу», перадае тэлеграм-канал МУС Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Махляры ў Беларусі выманьваюць грошы, пагражаючы ахвярам вобшукамі і крымінальнымі справамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлефонныя махляры пераключыліся на дзяцей, пагражаюць ператрусам і арыштам бацькоў