Кіраўнік Асацыяцыі літоўскіх перавозьнікаў: у Беларусі прапануюць падпісаць дамовы на стаянку транспарту «задняй датай»

Затрыманыя літоўскія грузавікі ў Беларусі

Пасьля таго, як больш за тры месяцы таму Менск накіраваў літоўскія грузавікі на адмысловыя і па-ранейшаму затрымлівае іх на тэрыторыі Беларусі.

Прэзыдэнт Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў Літвы Linava заявіў, што ўлады Беларусі шукаюць спосабаў афіцыйна легалізаваць факт затрыманьня грузавікоў і паўпрычэпаў.

Паводле слоў Эрландаса Мікенаса, уладальнікі затрыманых літоўскіх транспартных сродкаў атрымалі лісты ад беларускага прадпрыемства «Белмытсэрвіс», якое кіруе паркоўкамі, у якіх гаворыцца, што перавозьнікі павінны падпісаць дамовы на паслугі паркоўкі.

«Перавозьнікі атрымліваюць ад „Белмытсэрвісу“ дамовы „задняй датай“ з 10 па 14 лістапада за тое, што мы „просім“ іх захоўваць транспарт. Бо іх загналі, скажам так, сілком і ніякіх дамоваў тады не падпісвалі, і ўсё заняло шмат часу, цяпер яны ўжо шукаюць спосабы гэта афіцыйна легалізаваць», — заявіў Мікенас агенцыі BNS.

Паводле слоў кіраўніка Linava, раней перавозьнікі атрымлівалі ад кампаніі толькі рахункі-фактуры за паркоўку. Цяпер жа ў дамовах, якія яны атрымліваюць, ёсьць і плата за паркоўку — у некаторых выпадках яна ўдвая перавышае кошт транспартнага сродку, сказаў прэзыдэнт Linava.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія перавозьнікі: «Зь лістапада ніякіх зрухаў няма, з абодвух бакоў цішыня — нібыта і няма нашай праблемы»

Прэзыдэнт асацыяцыі, якая аб’ядноўвае 700 невялікіх кампаній, кажа, што некаторыя транспартныя кампаніі больш ня могуць плаціць падаткі ў Літве.

«Некаторыя пацярпелыя кампаніі практычна больш ня могуць плаціць падаткі ў Дзяржаўную падатковую інспэкцыю і Sodra, і мы атрымалі інфармацыю, што праз гэта ўстановы арыштоўваюць рахункі кампаній», — сказаў ён.

У некаторых літоўскіх кампаній у Беларусі знаходзіцца да 90% наяўнага транспартнага парку.

Раней стала вядома, што арганізацыя мае намер зьвярнуцца ў Эўрапейскую камісію па дапамогу ў аднаўленьні захраслых машын і запатрабаваць ад Менску кампэнсацыі стратаў.

Паводле апошніх зьвестак Linava, атрыманых ад кампаній, якія падалі асацыяцыі інфармацыю аб затрыманых транспартных сродках, у Беларусі затрыманы 1071 транспартны сродак, зь якіх 575 — паўпрычэпы і 496 — цягачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ерка Літвы рэкамэндавала перавозьнікам падаваць пазоў на беларускі, а не літоўскі ўрад