Офіс прапановаў, каб Служба аховы кіраўніцтва зьменшыла колькасьць ахоўнікаў Ціханоўскай у Літве і не суправаджала яе падчас замежных візытаў, апавёў дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі ў эфіры Lrytas 12 лютага.
Паводле яго, былі сустрэчы ў МЗС і Адміністрацыі прэзыдэнта, аднак з кіраўніцай ураду Інгай Ругінене выйсьці на кантакт не ўдалося.
«Мы шукалі гэты кампраміс, Ціханоўская напісала ліст прэмʼер-міністру, але адказу мы не атрымалі», — заявіў Кучынскі ў праграме «Расшыфраваць сутнасьць».
Сустрэцца з Інгай Ругінене таксама не атрымалася.
Таму, нягледзячы на падтрымку МЗС і Адміністрацыі прэзыдэнта, было прынята рашэньне пра пераезд Сьвятланы Ціханоўскай і часткі каманды ў Варшаву.
«Зразумела, што рашэньне пра тое, што Сьвятлана Ціханоўская цяпер будзе больш часу праводзіць у Польшчы, было абумоўлена найперш пытаньнямі бясьпекі і аховы», — сказаў Кучынскі.
Ва ўрадзе пацьвердзілі атрыманьне ліста і заявілі, што сувязь з камандай Ціханоўскай падтрымлівалася праз Службу аховы кіраўніцтва і МЗС.
«Урад з свайго боку абапіраўся на рэкамэндацыі службаў, якія, ацаніўшы ўзровень пагрозы, вызначылі, якая ахова неабходная Сьвятлане Ціханоўскай», — напісаў у камэнтары Lrytas дарадца прэмʼер-міністра Ігнас Альгірдас Дабравольскас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская пачала працу ў ВаршавеЯк разьвівалася справа
7 кастрычніка 2025 году стала вядома, што Літва зьніжае ўзровень фізычнай аховы Ціханоўскай, якая разам зь сям’ёй жыве ў Вільні. Ахову перадалі ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Афіцыйная прычына — перагляд ступені пагрозы. Пазьней прадстаўнікі Ціханоўскай паведамілі, што праца фізычнага офісу дэмакратычнай лідэркі ў літоўскай сталіцы была прыпыненая ў сувязі «са зьменамі ў сыстэме аховы і бясьпекі».
10 сьнежня Радыё Свабода, спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміла, што Ціханоўская і частка яе офісу плянуюць пераехаць зь Вільні ў Варшаву, хоць дакладная дата пераезду яшчэ не была вызначаная.
17 студзеня інфармацыю пра хуткі пераезд Ціханоўскай паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на некалькі крыніц у камандзе Ціханоўскай і крыніцу ў Міністэрстве замежных спраdfў Польшчы.
23 студзеня дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі пацьвердзіў інфармацыю пра пераезд у эфіры LRT. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што частка каманды застанецца працаваць у Літве. Кучынскі дадаў, што дзеці Ціханоўскіх з прычынаў бясьпекі цяпер жывуць з бацькам, Сяргеем Ціханоўскім, у ЗША.
6 лютага 2026 году Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што пачала працу ў Варшаве, куды пераехала таксама частка каманды, у прыватнасьці — галоўны дарадца Франак Вячорка і старэйшы дарадца Аляксандар Дабравольскі. Офіс у Вільні таксама застаецца, захоўваючы рэгістрацыю і дыпляматычную акрэдытацыю. Яго ўзначальвае дарадца па дыпляматычных пытаньнях Дзяніс Кучынскі.
Сьвятлана Ціханоўская жыла ў Вільні з 11 жніўня 2020 году, куды пераехала пад ціскам і пагрозамі ёй і яе дзецям пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. У сталіцы Літвы паўстаў і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, які стаў цэнтрам палітычнай дзейнасьці дэмакратычных сілаў Беларусі.
Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, асабліва пасьля 2020 году. Але апошнім часам гучалі крытычныя галасы некаторых палітыкаў наконт таго, што Сьвятлана Ціханоўская мела занадта высокі статус аховы літоўскай Службай аховы кіраўніцтва і нібыта гэта задорага каштавала бюджэту краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Ці можа Ціханоўская перадаць «карону»?