Расея ракетамі атакавала Кіеў і Дніпро: сярод параненых — немаўля. Украіна пацэліла ў расейскі вайсковы аб’ект

Наступствы расейскага ўдару па горадзе Дніпро, 12 лютага 2026 году

Расейскія войскі ў ноч на 12 лютага атакавалі Ўкраіну ракетамі і баявымі дронамі. Найбольш пацярпелі Кіеў, Дніпро і Харкаў.

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што Кіеў атакавалі балітычнымі ракетамі. Пацярпелі тры раёны ўкраінскай сталіцы. «Вораг б‘е балістыкай па інфраструктуры», — напісаў ён.

Паводле яго, ад аскепкаў зьбітых снарадаў пацярпелі прыватны будынак і нежылая тэрыторыя. У два раёны выклікалі брыгады мэдыкаў. Аб пацярпелых пакуль не паведамляюць. Горад зноў апынуўся безь сьвятла і амаль 2 600 дамоў безь цяпла.

У Дніпры ў выніку начнога расейскага абстрэлу раненьні атрымалі немаўля і чатырохгадовая дзяўчынка. Пашкоджаныя прыватныя будынкі.

Увечары 11 лютага расейскія войскі пацэлілі ў краму ў горадзе Барвінкава Харкаўскай вобласьці. Сама меней сем чалавек атрымалі траўмы ці раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскі ўдар па Харкаўшчыне: загінулі 4 чалавекі, у тым ліку трое дзяцей. Украіна атакавала завод у Расеі

Украіна другі дзень запар атакуе Валгаградзкую вобласьць

Губэрнатар Валгаградзкай вобласьці Андрэй Бачароў паведаміў, што ў ноч на 12 лютага расейская СПА адбівала «ракетную атаку».

«У выніку падзеньня аскепкаў на тэрыторыі аб’екта Міністэрства абароны каля мястэчка Катлубань адбылося ўзгараньне. [...] У мэтах бясьпекі цывільнага насельніцтва ад пагрозы дэтанацыі ў часе пажаратушэньня абвясьцілі і праводзяць эвакуацыю насельніцтва бліжэйшага горада Катлубань. Разгорнутыя пункты часовага знаходжаньня ў Гарадзішчанскіх дому культуры і дзіцячай спартовай школе», — удакладніў губэрнатар.

У Катлубані знаходзіцца расейскі вайсковы арсэнал, на якім захоўваюцца баявыя дроны і іранскія балістычныя ракеты.

У ноч на 11 лютага ўкраінскія войскі пацэлілі ў Валгаградзкі завод «ЛУКОЙЛ-Валгаграднафтаперапрацоўка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея зноў біла па ўкраінскай энэргетыцы. Украінскія дроны атакавалі хімічны завод у Цьвярской вобласьці