33‑гадовы электрагазазваршчык загінуў пры рамонце драбільнага млына, які выйшаў з ладу ў Касьцюковічах, паведаміла прэс-служба Сьледчага камітэту.
Трагедыя адбылася ўвечары 10 лютага на цэмэнтным заводзе ў цэху памолу сыравіны. Паводле зьвестак сьледзтва, абсталяваньне было адключанае. У час выкананьня работаў мужчына знаходзіўся на валах мэханізму і з дапамогай газавага разака спрабаваў дастаць мэталічны прадмет, які захрас.
Калі дэталь вызвалілася, рабочага па інэрцыі зацягнула ўнутр агрэгату. Нягледзячы на апэратыўныя дзеяньні ратавальнікаў і мэдыкаў, выратаваць электрагазазварніка не атрымалася.
Праверку праводзіць Касьцюковіцкі раённы аддзел Сьледчага камітэту.
Гэта ўжо другі трагічны выпадак на вытворчасьці ў Беларусі за тыдзень. Раней СК паведамляў, што 9 лютага пры рамонце тэхнікі загінуў 41-гадовы рабочы аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Салігорскага раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Слуцку ў пажары загінуў вядомы мастак-авангардыст Уладзімер Акулаў