Інфляцыя паскараецца: цэны ў Беларусі за першы месяц году вырасьлі на 0,5%

Крама ў Менску, архіўнае фота

Інфляцыя за 2025 год у Беларусі, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%, што перавысіла паказчыкі, заплнваныя ўрадам.

Як паведаміў Нацыянальны банк Беларусі, у студзені 2026 года ў параўнаньні са сьнежнем 2025 года цэны вырасьлі на 0,5%. У параўнаньні са студзенем 2025 года інфляцыя склала 6,4%.

Як пісаў Белстат месяц таму, цэны ў сьнежні 2025 года ў параўнаньні з лістападам 2025 года вырасьлі на 0,3%. Такім чынам тэмпы росту іфляцыі паскорыліся.

Як паведаміў Нацбанк Беларусі, рэгулюемыя цэны і тарыфы ў студзені 2026 году ў параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага году вырасьлі на 6,6%, цэны на плодаагароднінную прадукцыю — на 3,7%.

«Для Нацыянальнага банку і ўраду ўстанаўліваецца мэтавая задача па абмежаваньні інфляцыі на ўзроўні, які не перавышае 7 працэнтаў», — такі ўказ раней зацьвердзіў Аляксандр Лукашэнка.

Раней улады прызналі, што інфляцыя ў Беларусі ў 2025 годзе перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам. Інфляцыя за 2025 год у Беларусі, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%, такія зьвесткі 13 студзеня апублікаваў Белстат. Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, ухвалены ўрадам на 2025 год, прадугледжваў, што інфляцыя не павінна перавысіць узровень 5 працэнтаў.

Паводле Белстату, у 2024 годзе інфляцыя склала 5,2%, у 2023 годзе — 5,8%.

Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) раней падаў макраэканамічны прагноз на 2026–2028 гады: прырост ВУП у Беларусі мае скласьці 1,8%.

«Стрымальным фактарам застаецца зьніжэньне попыту на беларускую прадукцыю праз запаволеньне эканомікі ключавога гандлёвага партнэра — Расеі. Пры гэтым высокія інвэстыцыйная і спажывецкая актыўнасьць падтрымліваюць рост эканомікі», — пішуць аналітыкі.

Яны мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі будзе знаходзіцца каля адзнакі 7%. Яе паскорыць імпарт ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.

Сярэдні курс беларускага рубля ў 2026 годзе прагназуецца на ўзроўні 3,32 бел. руб./даляр. Умеркаванае паслабленьне курсу зьвязана з ростам імпарту і скарачэньнем экспарту тавараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразійскі банк не падзяляе прагнозу ўладаў Беларусі аб росьце ВУП у 2026 годзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат прызнаў, што інфляцыя ў Беларусі ў 2025 годзе перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам