Расейскія войскі другі дзень запар атакавалі горад Багадухаў у Харкаўскай вобласьці.
Кіраўнік Харкаўскай вобласьці Алег Сінягубаўпаведаміў, што расейскі дрон пацэліў у прыватны будынак, пад заваламі якога знайшлі целы трох дзяцей — двух аднагадовых хлопчыкаў і двухгадовай дзяўчынкі.
Паводле яго, ад атрыманых траўм у выніку расейскага ўдару загінуў 34-гадовы мужчына, які знаходзіўся ў гэтым будынку разам з дзецьмі. Яшчэ адной пацярпелай — 74-гадовай жанчыне — надаюць неабходную мэдычную дапамогу.
Украіна атакавала аб’ект нафтаперапрацоўкі ў Валгаградзе
Украінскі маніторынгавы праект «Крымскі вецер» з спасылкай на спадарожнікавыя фота паведаміў аб пашкоджаньні найбольшай у Валгаградзе ўстаноўкі нафтаперапрацоўкі.
«Цеплавыя сыгнатуры закрываюць прыблізна шостую частку плошчы заводу „ЛУКОЙЛ-Валгаграднафтаперапрацоўка“, большасьць зь іх — у раёне ўстаноўкі ЭЛОУ АВТ-1. Гэта найбольшы комплекс першаснай перапрацоўкі нафты магутнасьцю 6 мільёнаў тон на год, уведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені 2015 году. Прызначэньне — першасная перапрацоўка нафты, разьдзяленьне яе на фракцыі (бэнзін, керасін, дызэльнае паліва, газойль і гудрон», — паведаміў «Крымскі вецер».
Гэта другое пасьля лістападу 2025 году пацэльваньне ў завод «ЛУКОЙЛ-Валгаграднафтаперапрацоўка».
Губэрнатар Валгаградзкай вобласьці Андрэй Бачароў фактычна пацьвердзіў пашкоджаньне заводу, хоць і не ўдакладніў яго назву.
«Сёньня ўначы падразьдзелы СПА Міністэрства абароны Расеі адбіваюць масіраваны тэрарыстычны напад бесьпілётных лятальных апаратаў на аб’екты энэргетычнай і грамадзянскай інфраструктуры на тэрыторыі Валгаградзкай вобласьці», — паведаміў ён.
Паводле яго, у выніку атакі бесьпілётнікамі адбылося «ўзгараньне на тэрыторыі заводу на поўдні Валгаграду». Папярэдне, ніхто не пацярпеў.