Адэскія выратавальнікі працуюць на месцы пацэльваньня рассейскіх дронаў, 4 лютага 2026
Кіраўнік адміністрацыі Адэскай вобласьці Сяргей Лысак паведаміў аб адным загінулым і двух параненых у выніку начной атакі расейскіх войскаў.
«У Прыморскім раёне зафіксавалі пашкоджаньне цывільнай інфраструктуры. Папярэдне, у жылых дамах пацярпела 21 кватэра, выбуховай хваляй павыбівала 39 вокнаў непасрэдна ў кватэрах і 18 — у месцах агульнага карыстаньня. Агонь зьнішчыў 2 аўтамабілі і яшчэ 6 пашкодзіў», — паведаміў Сяргей Лысак.
Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, у выніку начнога абстрэлу Багадухава Харкаўскай вобласьці расейскі дрон пацэліў па жылым будынку — з-пад завалаў дасталі целы двух загінулых — маці 10-гадовага хлопчыка. Яшчэ тры чалавекі атрымалі раненьні.
Міністар энэргетыкі Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што энэргетыкі працуюць над аднаўленьнем энэргетыкі пасьля расейскага ўдару ў ноч на 7 лютага.
«Пашкоджаньні істотныя. [...] Таксама фіксуем найбольшы аб’ём імпарту электраэнэргіі — гэта дапамагло нам утрымаць сыстэму пасьля інтэнсіўных расейскіх атак і зьменшыць дэфіцыт», — паведаміў Дзяніс Шмыгаль.
Паводле яго, за апошнія два тыдні структуры Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны атрымалі 17 гуманітарных грузаў ад 11 замежных партнэраў — Швайцарыі, Славаччыны, Даніі, Канады, Швэцыі, Азэрбайджану, Нямеччыны, Аўстрыі, Літвы і Італіі.
«Чакаем яшчэ 798 генэратараў, 117 трансфарматараў і 120 катлоў і кагенэрацыйных установак», — дадаў міністар.
Форум