У апублікаваных файлах Джэфры Эпштэйна, абвінавачанага ў сэксуальнай эксплюатацыі, у тым ліку непаўналетніх дзяўчат, Беларусь згадваецца каля 1500 разоў. Матэрыялы зьмяшчаюць перапіску з мадэлямі зь Беларусі, камунікацыю з мадэльнымі агенцтвамі і іншую інфармацыю. Джэфры Эпштэйна, асуджанага ў 2008 годзе за схіленьне дзяцей да прастытуцыі, паўторна арыштавалі ў 2019-м. У турме ён зьдзейсьніў самагубства. Яго саўдзельніцы Гісьлейн Максвэл у 2021 годзе прысудзілі 20-гадовы турэмны тэрмін.
30 студзеня Міністэрства юстыцыі ЗША на патрабаваньне Кангрэсу ЗША апублікавала каля 3 мільёнаў розных дакумэнтаў у справе Эпштэйна. Свабода расказвала пра каханку амэрыканскага фінансіста і мадэль, інфармацыя пра якіх ёсьць у файлах. Апроч гэтага, у матэрыялах ёсьць дзясяткі згадак пра іншых дзяўчат зь Беларусі.
«Буду радая, калі ў нас пойдзе супраца!»
У апублікаваных «файлах Эпштэйна» ёсьць копіі электронных лістоў, адзін з адрасатаў якіх — згаданая менская мадэльная «Студыя Тамара». Перапіска ад яе імя вядзецца з францускім агенцтвам Mademoiselle Agency, усе лісты адпраўленыя ў 2013 годзе.
«Добры дзень. Я таксама буду вельмі радая, калі ў нас зноў пойдзе супраца! Высылаю для пачатку чатырох дзяўчат. Дайце знаць, што вы думаеце наконт іх! Як толькі будзе вынік, буду думаць, каго прапанаваць яшчэ», — пісала ў студзені 2013 году прадстаўніца «Студыі Тамара».
У далучаным паведамленьні некалькі фота і відэа. У лістах ідзецца не пра фізычную адпраўку мадэляў у Францыю ці некуды яшчэ, а маецца на ўвазе перасылка іх фота і відэа.
Свабода накіравала ў менскую «Студыю Тамара» пытаньні аб публікацыі ў «файлах Эпштэйна» лістоў, дзе згадваецца беларуская кампанія. Запыт застаўся без адказу.
Пашпарт беларускі В.С., апублікаваны ў "файлах Эпштэйна"
Францускае Mademoiselle Agency перапісвалася з Эпштэйнам шмат разоў, як вынікае з апублікаваных файлаў. Ішлося пра мадэляў з Расеі, Літвы, Францыі ды іншых краін. Некаторыя перапіскі заканчваліся набыцьцём квіткоў для дзяўчат і дамовамі, каб іх сустрэлі. У выпадку з «Агенцтвам Тамара» файлаў, якія б пацьвярджалі адпраўку дзяўчат зь Беларусі, няма.
Пра само агенцтва вядома, што яно працуе з 1993 году, кіруе ім з моманту стварэньня Тамара Ганчарова. Выхаванкамі гэтай студыі у розны час былі, напрыклад, пераможца конкурсу Міс Беларусь — 2016 Паліна Барадачова, а таксама Паліна Шуба, даўняя спадарожніца Лукашэнкі на розных імпрэзах і вядоўца беларускай дзяржаўнай тэлевізіі.
Аўтар праекту «Млын моды» Саша Варламаў у размове з Свабодай прыгадвае, што Тамара Ганчарова адпраўляла сваіх мадэляў у Парыж яшчэ ў другой палове 1990-х гадоў. Тады ж у яе, з словаў суразмоўцы, завязаліся сувязі зь людзьмі ў беларускіх уладах.
Саша Варламаў
«Некалькі разоў на год праходзілі буйныя выставы, якія арганізоўваў Рыгор Бондараў — найлепшы сябра Тамары і бізнэс-партнэр, там Тамара ўдзельнічала ў паказах. Кожны вечар пасьля выставачнага дня Рыгор Бондараў рабіў вячэру, дзе абавязкова мусіла прысутнічаць Тамара і яе мадэлі», — расказвае Саша.
Таксама ён тлумачыць, якую выгаду агенцтва мае ад накіраваньня сваіх мадэляў за мяжу.
«Гэта так званае мацярынскае агенцтва, то бок агенцтва, якое знайшло і адкрыла мадэль. Калі мадэль падпісвае дамову з такім мацярынскім агенцтвам, то гэтаму агенцтву ідуць адлічэньні. Яны могуць быць фіксаваныя ці аформленыя па-іншаму. То бок агенцтва за гэта атрымлівае грошы. Калі мадэлі такім чынам едуць не на конкурс і сядзяць бяз працы, то гэта можа быць і эскорт, і яшчэ нешта», — гаворыць суразмоўца.
Квіткі для мадэляў, перапіска зь беларускамі
«Файлы Эпштэйна» зьмяшчаюць шмат прыкладаў перапіскі фінансіста зь дзяўчатамі зь Беларусі. Поўныя імёны большасьці зь іх не раскрываюцца.
Напрыклад, дзяўчыне В. П. у сакавіку 2018 году Эпштэйн праз пасярэднікаў купляў авіяквіток з Масквы ў Парыж за 1212 даляраў. У перапісцы гаворыцца, што яна мае беларускі пашпарт. У красавіку таго ж году для гэтай жа дзяўчыны асыстэнт Эпштэйна спрабаваў купіць квіткі з Парыжу ў Барсэлёну. Свабода знайшла інстаграм-мадэль з такім імем, яна гаворыць толькі пра сваё расейскае паходжаньне, аднак, паводле некаторых зьвестак, дзяўчына ўсё ж мае беларускія карані.
Ёсьць у файлах Эпштэйна і прыватная перапіска зь беларускамі. У 2009 годзе дзяўчына зь Беларусі зьвяртаецца да Эпштэйна па дапамогу. Як вынікае зь ліста, яна мадэль, якая трапіла ў аварыю і таму страціла даходы. Таксама яна піша, што ейны бацька ў Беларусі выйшаў на пэнсію.
У 2011 годзе дзяўчына зь Беларусі, якая пастаянна жыла ў той час за мяжой, падрабязна апісвае Эпштэйну, як праходзіць ейнае жыцьцё, і піша пра падарункі для сваякоў у Беларусі. Імя дзяўчыны не называецца.
«Я таксама займаюся купляй падарункаў для бацькоў і сям'і ў Беларусі. Мая мама неўзабаве зьяжджае ў Беларусь на некалькі месяцаў, і я хачу перадаць празь яе сёе-тое для бабулі, таты і майго маленькага стрыечнага брата», — піша неназваная дзяўчына і кліча Эпштэйна да сябе ў госьці.
Джэфры Эпштэйн і Гісьлейн Максвэл
У чэрвені 2011 году Джэфры Эпштэйну прапаноўваюць пазнаёміцца зь дзяўчынай зь Беларусі, якую завуць Аксана.
«За апошнія некалькі гадоў яна стала троху больш дарослай, але ўсё яшчэ трохі ідэалістычная. Ня ўпэўнены, ці ты ведаеш гэтую дзяўчыну Аксану зь Беларусі, думаю, яна табе спадабаецца», — піша Эпштэйну чалавек пад імем Ramsey Elkholy. Паводле расьсьледаваньня Wall Street Journal у 2023 годзе, яго ідэнтыфікуюць як музыку і антраполяга, які пазнаёміў Эпштэйна зь некалькімі жанчынамі.
У 2015 годзе памочнікі Эпштэйна арганізоўваюць пералёт дзяўчыны М. зь Менску ў Варшаву і далей у Парыж.
Наагул у апублікаваных файлах шмат прыкладаў, калі Эпштэйн чакае фота беларускіх мадэляў зь Менску, Дубая і іншых гарадоў, перапісваецца зь імі, дапамагае фінансава.
Напрыклад, за 8 месяцаў да сьмерці ён купляў для некага квіткі зь Менску ў Парыж.
У лютым 2019 году Эпштэйн арганізоўвае вылет дзяўчат зь Беларусі, Украіны і Расеі. Тады ж у яго плянаваліся высокія госьці: прэм’ер-міністар Славаччыны (так падпісана ў перапісцы без удакладненьня), былы міністар культуры Францыі Жак Ланг, неназваны султан і іншыя.
Крыптавалюта ў Беларусі і рыбны бізнэс
Цікавасьць Джэфры Эпштэйна да Беларусі не абмяжоўвалася толькі дзяўчатамі. У 2013 годзе фінансіст зрабіў генэтычны тэкст і атрымаў нечаканы вынік: тэст паказаў, што ён габрэй, які паходзіць зь Беларусі.
У перапісцы з сваёй каханкай Карынай Шуляк Эпштэйн прыводзіў спасылкі на артыкулы пра беларускую архітэктуру. Фінансіста захапілі здымкі новых загарадных дамоў, пабудаваных у стылі сярэднявечных замкаў. Да гістарычнай архітэктуры гэтыя будынкі дачыненьня не маюць.
У 2017 годзе, калі ў Беларусі ішлі пратэсты супраць «дэкрэту пра дармаедаў», які абавязваў тых, хто фармальна не працуе, плаціць дадатковы збор, Эпштэйн слаў Карыне Шуляк артыкулы пра гэта. Напрыклад, публікацыю Los Angeles Times пра вулічную акцыю 25 сакавіка 2017 году, якая скончылася масавымі затрыманьнямі.
Джэфры Эпштэйн некалькі разоў падаваў дакумэнты на атрыманьне беларускай візы, але, падобна, так і не наведаў Менск
Тады ж, у 2017 годзе, Эпштэйн даслаў Карыне Шуляк артыкул The New York Times пра ІТ-бум у Беларусі. А налета Эпштэйна ўжо цікавіла ліцэнзія на крыптавалюты ў Беларусі. Ягоны памочнік, нямецкі фінансіст і бізнэс-кансультант Давід Штэрн прапаноўваў Эпштэйну нейкую эксклюзіўную ліцэнзію на крыптабіржу ў Беларусі.
У гэты пэрыяд у Беларусі крыптабіржы афіцыйна не працавалі, хоць заканадаўчая база ў выглядзе дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» ўжо існавала. Першая крыптабіржа зьявілася толькі ў студзені 2019 году, то бок Эпштэйн з Штэрнам ведалі пра вольную нішу ў галіне крыптавалютаў у Беларусі.
Тады ж у 2018 годзе ў перапісцы з амэрыканскім палітыкам Стывам Бэнанам Эпштэйн апісвае схему пастаўкі нарвэскага ласося зь Беларусі ў Расею ў абыход санкцыяў.
«Расейцы, якія цяпер пад санкцыямі, атрымліваюць усяго свайго ласося зь Беларусі, а не з Нарвэгіі, і Нарвэгія спачатку адпраўляе яго ў Беларусь, а затым ён пераўпакоўваецца. Пуцін сказаў, што любіць беларусаў, бо яны, здаецца, знайшлі спосаб вырошчваць ласося на бульбяных палях», — пісаў Эпштэйн Бэнану.
Бэнан — мэдыямэнэджар, стратэг і ідэоляг правага папулізму. Ён прасоўваў антыплюралізм, крытыкаваў стратэгію лібэралізму, урады ЭЗ і Кітаю. Пасьля арышту Эпштэйна Бэнан публічна кантактаваў зь ім, у тым ліку дапамагаў у прасоўваньні мэдыйнай стратэгіі. У 2022 годзе Бэнана асудзілі на 4 месяцы турмы за непавагу да Кангрэсу, ён адбыў гэты тэрмін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «файлах Эпштэйна» знайшлася яшчэ адна беларуска. Расказваем, хто яна і хто яшчэ зьвязвае фінансіста-пэдафіла з Беларусьсю