Вэнэсуэльскія апазыцыйныя палітыкі Хуан Паблё Гуаніпа і Фрэдзі Супэрляна, а таксама вядомы адвакат Пэркінс Роча былі вызваленыя з турмы. Гэта чарговыя гучныя вызваленьні, якія адбыліся ў Вэнэсуэле, піша Reuters.
Праваабарончая група Foro Penal заявіла, што ў нядзелю, 8 лютага, вызваленыя каля 35 палітычных зьняволеных. Раней арганізацыя пацьвердзіла, што 383 палітычныя зьняволеныя былі вызваленыя з таго часу, як урад Вэнэсуэлы 8 студзеня абвясьціў аб пачатку новай сэрыі вызваленьняў.
Гуаніпа, Роча і Супэрляна — паплечнікі ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру і лідэркі апазыцыі Марыі Карыны Мачада. Роча, адвакат апазыцыйнага руху Vente Venezuela, быў затрыманы ў жніўні 2024 году пасьля абвінавачаньняў у тэрарызьме і іншых злачынствах. Гуаніпа арыштавалі ў траўні 2025 году пасьля таго, як ён, абвінавачаны ў «тэрарыстычнай змове» некалькі месяцаў хаваўся ад перасьледу.
Правадыр Народнай партыі Voluntad Фрэдзі Супэрляна быў арыштаваны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2024 году. На відэа запісаны момант, калі яго запіхвалі на задняе сядзеньне аўтамабілю без нумароў у атачэньні ўзброеных агентаў бясьпекі. Паводле ягонай жонкі, Супэрляна правёў шмат месяцаў у ізаляцыі. Foro Penal пацьвердзіла, што ён быў сярод вызваленых 8 лютага.
Усе трое мужчын адмаўлялі ўсе абвінавачаньні супраць сябе як наўпрост, так і празь сямейнікаў з прыхільнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вэнэсуэле вызвалілі некалькіх замежных грамадзянаў. Паводле МЗС Румыніі, гэта заслуга дэлегацыі ЭЗ у КаракасеСярод іншых вызваленых — Рафаэль Тударэс, зяць былога кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі Эдмунда Гансалеса. Тударэс правёў у турме больш за год, цягам якога ён быў асуджаны на 30 гадоў па абвінавачваньні ў тэрарызьме, што ягоная сям’я катэгарычна адмаўляе.
З моманту захопу Нікаляса Мадура амэрыканскімі вайскоўцамі ўлады Вэнэсуэлы вызваляюць палітычных зьняволеных і выконваюць патрабаваньні ЗША што да нафтавых угодащ.
Раней Нацыянальная асамблея Вэнэсуэлы аднагалосна ўхваліла ў першым чытаньні закон аб амністыі, дзякуючы якому палітычныя вязьні змогуць выйсьці на волю.
Згодна з тэкстам законапраекту, амністыя будзе распаўсюджвацца, у прыватнасьці, на асуджаных паводле артыкулаў аб «тэрарызьме», «здрадзе Айчыне» і «распальваньні нянавісьці». Іх інкрымінавалі апанэнтам ультралевых кіраўнікоў дзяржавы Уга Чавэса і Нікаляса Мадура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Вэнэсуэлы адзінагалосна падтрымаў закон аб амністыі палітзьняволеныхНовае затрыманьне Гуаніпа
Пры гэтым стала вядома, што пазьней у дзень вызваленьня Гуаніпа зноў быў затрыманы ўзброенымі людзьмі і зьмешчаны пад хатні арышт. Ва ўрадзе Вэнэсуэлы заявілі, што ён нібыта парушыў правілы свайго вызваленьня, але не агучылі падрабязнасьцяў. Сын наноў арыштаванага назваў працэс выкраданьнем.
Усяго за некалькі гадзін да гэтага Хуан Паблё Гуаніпа апублікаваў у сацыяльных сетках відэа з сваім зваротам да журналістаў і натоўпу прыхільнікаў, якія віталі яго. Ён заклікаў вызваліць іншых палітычных зьняволеных і назваў цяперашнюю адміністрацыю нелегітымнай.
Пра новае затрыманьне паплечніка ў сваім Х напісала і набэлістка Марыя Мачада. Яна паведаміла, што «выкраданьне» адбылося ў прадмесьці Каракасу Лёс Чорас. Па Гуаніпа прыехалі ўзброеныя людзі ў цывільным на чатырох машынах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нерэалізаваныя праекты Беларусі ў Вэнэсуэле. Хто, колькі і за што вінен