На Адэшчыне і Харкаўшчыне пасьля расейскіх абстрэлаў ёсьць ахвяры. Сытуацыя ў энэргетыцы застаецца складанай

Адэскія выратавальнікі працуюць на месцы пацэльваньня рассейскіх дронаў, 4 лютага 2026

Кіраўнік адміністрацыі Адэскай вобласьці Сяргей Лысак паведаміў аб адным загінулым і двух параненых у выніку начной атакі расейскіх войскаў.

«У Прыморскім раёне зафіксавалі пашкоджаньне цывільнай інфраструктуры. Папярэдне, у жылых дамах пацярпела 21 кватэра, выбуховай хваляй павыбівала 39 вокнаў непасрэдна ў кватэрах і 18 — у месцах агульнага карыстаньня. Агонь зьнішчыў 2 аўтамабілі і яшчэ 6 пашкодзіў», — паведаміў Сяргей Лысак.

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, у выніку начнога абстрэлу Багадухава Харкаўскай вобласьці расейскі дрон пацэліў па жылым будынку — з-пад завалаў дасталі целы двух загінулых — маці 10-гадовага хлопчыка. Яшчэ тры чалавекі атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне заявілі аб пацэльваньні па Капусьціным Яры, адкуль расейцы запускалі ракеты «Арэшнік»

Украіна павялічыла імпарт электраэнэргіі

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што энэргетыкі працуюць над аднаўленьнем энэргетыкі пасьля расейскага ўдару ў ноч на 7 лютага.

«Пашкоджаньні істотныя. [...] Таксама фіксуем найбольшы аб’ём імпарту электраэнэргіі — гэта дапамагло нам утрымаць сыстэму пасьля інтэнсіўных расейскіх атак і зьменшыць дэфіцыт», — паведаміў Дзяніс Шмыгаль.

Паводле яго, за апошнія два тыдні структуры Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны атрымалі 17 гуманітарных грузаў ад 11 замежных партнэраў — Швайцарыі, Славаччыны, Даніі, Канады, Швэцыі, Азэрбайджану, Нямеччыны, Аўстрыі, Літвы і Італіі.

«Чакаем яшчэ 798 генэратараў, 117 трансфарматараў і 120 катлоў і кагенэрацыйных установак», — дадаў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея зноў біла па ўкраінскай энэргетыцы. Украінскія дроны атакавалі хімічны завод у Цьвярской вобласьці