ФСБ заяўляе, што выканаўцу замаху на генэрала Аляксеева выдалі Расеі

Уладзімір Аляксееў

Расейскія інфармагенцтвы са спасылкай на ФСБ паведамілі, што падазраванага ў замаху на першага намесьніка начальніка Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сілаў РФ Уладзіміра Аляксеева затрымалі ў Дубаі (ААЭ) і ўжо выдалі Расеі.

Паводле спэцслужбы, затрыманы — грамадзянін Расеі, 66-гадовы Любамір Корба. ФСБ называе яго непасрэдным выканаўцам замаху. Таксама ў Маскве затрыманы яшчэ адзін фігурант справы — 67-гадовы грамадзянін Расеі Віктар Васін. У матэрыялах справы згадваецца і Зінаіда Серабрыцкая (1971 году нараджэньня), якая, як сьцьвярджаецца, выехала ва Ўкраіну.

Раней пра затрыманьне двух падазраваных паведаміла выданьне «Коммерсант». Паводле ягоных зьвестак, 8 лютага суд павінен вызначыць ім меру стрыманьня.

Замах на генэрал-лейтэнанта Аляксеева адбыўся раніцай 6 лютага ў Маскве: у пад’езьдзе дому на Валакаламскай шашы ў яго некалькі разоў стралялі. Генэрала шпіталізавалі ў цяжкім стане; 7 лютага паведамлялася, што пасьля апэрацыі ён апрытомнеў.

Міністар замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што замах нібыта сьведчыць пра «правакацыі рэжыму Ўладзімера Зяленскага», накіраваныя на зрыў перамоў. Кіеў гэтыя абвінавачаньні адкінуў.

64-гадовы Ўладзімір Аляксееў, ураджэнец Украіны, займае пасаду першага намесьніка начальніка Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сілаў РФ (былое ГРУ).