Паводле «Коммерсанта», затрыманых двое. Адзін зь іх, як мяркуюць сьледчыя, тройчы стрэліў у генэрала галоўнага ўпраўленьня генштабу расейскага войска Ўладзіміра Аляксеева.
Паводле тэлеграм-каналаў Mash і Baza, затрыманых «вязуць з Дубаю».
Сам генэрал, паводле «Коммерсанта», пасьпяхова перанёс апэрацыю і апрытомнеў.
6 лютага каля 7-й раніцы нападнік падпільнаваў Аляксеева на лесьвічнай пляцоўцы ў доме на Валакаламскай шашы, калі той ішоў на працу, і тройчы стрэліў у яго. Дзьве кулі трапілі ў канцавіны, адна — у грудзі ці жывот.
Уладзіміра Аляксеева шпіталізавалі ў цяжкім стане, увялі ў штучную кому і зрабілі апэрацыю.
Былы высокапастаўлены чыноўнік на ўмовах ананімнасьці заявіў выданьню Washington Post, што за нападам наўрад стаіць Украіна. Куды верагодней, што замах зьвязаны з унутрырасейскімі справамі. А менавіта роляй генэрала ў задушэньні вагнэраўскага мяцяжу у 2023 годзе.
Паводле крыніцы, Аляксееў непасрэдна ўдзельнічаў у задушэньні мяцяжу гэтай уплывовай расейскай паўваеннай структуры і быў на відэазапісах сустрэч з кіраўніком «Вагнера» Яўгенам Прыгожыным напярэдадні ягонай гібелі ў авіякатастрофе — як многія лічаць, наўмысьля зладжанай расейскімі спэцслужбамі.
Уладзімір Аляксееў нарадзіўся ў Віньніцкай вобласьці Ўкраіны, з 2011 году займае пасаду першага намесьніка начальніка Галоўнага выведнага ўпраўленьня Мінабароны Расеі.
У расейскіх СМІ яго называлі куратарам усіх расейскіх «добраахвотніцкіх» фарміраваньняў, якія ствараліся для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.
У чэрвені 2023 году разам з намесьнікам міністра абароны Юнус-Бекам Яўкуравым удзельнічаў у перамовах з заснавальнікам ПВК «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным у часе мяцяжу наймітаў.
Уладзімір Аляксееў з 2016 году знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за датычнасьць да кібэратак пад час амэрыканскіх выбараў, а з 2019-га — пад санкцыямі Эўразьвязу як адказны за захоўваньне, перамяшчэньне і выкарыстаньне атрутнага рэчыва «Навічок» 4 сакавіка 2018 году ў Вялікай Брытаніі.
Форум