Як адзначаецца ў паведамленьні, 6 лютага ў жылым доме на Валакаламскім шасэ невядомая асоба зрабіла некалькі стрэлаў у вайскоўца і зьнік з месца злачынства. Пацярпелага шпіталізавалі ў адну з гарадзкіх лякарняў.
Справу завялі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Расеі — ч. 3 артыкулу 30, ч. 1 артыкулу 105 (замах на забойства), ч. 1 артыкулу 222 (незаконнае абарачэньне агнястрэльнай зброі.
Цяпер сьледчыя і крыміналісты працуюць на месцы інцыдэнту, вывучаюць запісы з камэр відэаназіраньня, дапытваюць сьведкаў.
Вэрсіі прычын злачынства ў Сьледчым камітэце пакуль не называюць. Стан генэрала таксама не ўдакладняюць.
Паводле Telegram-каналу, які зьвязваюць зь беларускімі сілавікамі, Аляксееву некалькі разоў выстралі ў сьпіну, цяпер ён знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане.
Уладзімір Аляксееў нарадзіўся ў Віньніцкай вобласьці Ўкраіны, з 2011 году займае пасаду першага намесьніка начальніка Галоўнага выведнага ўпраўленьня Мінабароны Расеі.
У расейскіх СМІ яго называлі куратарам усіх расейскіх «добраахвотніцкіх» фарміраваньняў, якія ствараліся для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.
У чэрвені 2023 году разам з намесьнікам міністра абароны Юнус-Бекам Яўкуравым удзельнічаў у перамовах з заснавальнікам ПВК «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным у часе мяцяжу наймітаў.
Уладзімір Аляксееў з 2016 году знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за датычнасьць да кібэратак пад час амэрыканскіх выбараў, а з 2019-га — пад санкцыямі Эўразьвязу як адказны за захоўваньне, перамяшчэньне і выкарыстаньне атрутнага рэчыва «Навічок» 4 сакавіка 2018 году ў Вялікай Брытаніі.
Форум