«Працуем. Тэмпэратура +50°. Усё, як мы любім. Група „Вагнэра“ праводзіць выведна-пошукавую дзейнасьць. Робіць Расею яшчэ больш вялікай на ўсіх кантынэнтах! А Афрыку яшчэ больш свабоднай. Справядлівасьць і шчасьце для афрыканскіх народаў», — заявіў Прыгожын на відэа.
Кіраўнік «Вагнэра» не ўдакладніў, дзе канкрэтна ён знаходзіцца, але дадаў, што там ягоныя людзі «кашмараць» «Ісламскую дзяржаву», «Аль-Каіду» і «іншых бандосаў». Паводле яго, ён бярэ на працу «сапраўдных асілкаў і працягвае выкананьне задач, якія былі пастаўленыя».
Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
19 ліпеня Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў у вёсцы Цэль ТАА «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг», кіраўніком якога ўказаны Яўгеній Прыгожын. Асноўным відам дзейнасьці таварыства з абмежаванай адказнасьцю са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў заяўлена «кіраваньне нерухомай маёмасьцю».
Некалькі дзён таму Яўгеній Прыгожын зарэгістраваў у Беларусі ўжо другую кампанію. Зьвесткі пра яе зьявіліся ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Мін'юста Беларусі. Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Група Вагнэр» са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў Асіповіцкі райвыканкам зарэгістраваў 4 жніўня 2023 году. Асноўным відам дзейнасьці новай кампаніі заяўленыя «іншыя віды адукацыі, ня ўключаныя ў іншыя групоўкі».
Ці зьяўляўся Прыгожын асабіста на тэрыторыі Беларусі пасьля няўдалага мяцяжу ў Расеі, невядома. У ліпені блізкія да Прыгожына тэлеграм-каналы распаўсюджвалі відэа, на якім нібыта вагнэраўцы прыбываюць у Беларусь. Але запіс быў зроблены позна ўвечары, у кепскай якасьці, самога Прыгожына на ім не было відаць. Таксама не заўважаныя знакі, якія б сьведчылі, што відэа запісалі ў Беларусі.