Уладзімір Зяленскі: Расея атакавала Ўкраіну 400 дронамі і 40 ракетамі
«Асноўная цэль — энэргасетка, генэрацыя і разьмеркавальныя падстанцыі. Ёсьць пашкоджаньні ў Валынскай, Івана-Франкоўскай, Львоўскай, Ровенскай абласьцях. У Роўне пашкоджаны шматпавярховік. У Ладыжыне на Віньніччыне дроны ўдарылі па корпусе аграрнага каледжа. Былі таксама ўдары па Кіеўскай і Харкаўскай абласьцях», — паведаміў прэзыдэнт Украіны.
Ён заявіў, што Маскву трэба пазбавіць магчымасьці ціснуць на Ўкраіну холадам, і заклікаў партнэраў паскорыць пастаўкі ракет для сыстэм Patriot і NASAMS.
На Сумшчыне расейскі бесьпілётнік атакаваў легавік. Машына загарэлася, загінула 31-гадовая жанчына, якая была за рулём. На Ровеншчыне ў выніку расейскага ўдару параненыя два чалавекі, яшчэ адзін — на Хмяльніччыне.
Украінскі энэргетычны холдынг ДТЭК паведаміў пра дзясяты ўдар па сваіх цеплаэлектрастанцыях з кастрычніка 2025 году. У выніку «істотна пацярпела» абсталяваньне.
Пад ударам апынуліся падстанцыі і паветраныя лініі, а таксама Бурштынская і Дабратворская ЦЭС.
«Вораг ударыў па аснове энэргасеткі краіны. Па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны прымененыя 4,5–5 чэргаў графікаў аварыйных адключэньняў. Актываваны запыт на аварыйную дапамогу ад Польшчы», — заявіў міністар энэргетыкі Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль.
У Кіеўскай вобласьці ў горадзе Ягацін пасьля атакі дронаў загарэліся склады кандытарскай кампаніі Roshen.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз прэзэнтаваў 20-ы пакет санкцый супраць Расеі, які закране і «трэція краіны»Расея. Украінскія дроны атакавалі завод у Цьвярской вобласьці
У Расеі ў ноч на суботу быў атакаваны Рэдкінскі хімічны завод у Цьвярской вобласьці. Прадпрыемства сярод іншага вырабляе паліва для расейскіх ракет. Пра гэта паведамілі расейскія і ўкраінскія тэлеграм-каналы. Пра ўдар таксама напісаў кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяньня дэзінфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Каваленка.
Атаку пацьвердзіў і губэрнатар Цьвярской вобласьці Віталь Каралёў.
«Уначы 7 лютага ў выніку адбіцьця атакі БПЛА адбылося ўзгараньне на адным з прадпрыемстваў Канакоўскай акругі. На гэты момант інфармацыя пра пацярпелых адсутнічае», — цытуе Каралёва афіцыйны канал адміністрацыі рэгіёну.
Пазьней зьявілася паведамленьне пра ліквідацыю пажару. Мінабароны Расеі заявіла пра 4 перахопленыя бесьпілётнікі над Цьвярской вобласьцю.
Дроны атакавалі Белгарадзкую і Курскую вобласьці Расеі. Адзін чалавек загінуў
У Курскай вобласьці ў вёсцы Любаж дрон упаў на прыватны дом — адзін чалавек загінуў, трое пацярпелі. У Белгарадзкай кіраваны дрон атакаваў аўтамабіль у вёсцы Пагромец і параніў чалавека, паведаміў губэрнатар вобласьці Вячаслаў Гладкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Катастрофа на франтах». Праз страту доступу да Starlink зьменшылася колькасьць расейскіх штурмаў