У Італіі ўрачыста адкрылі зімовыя Алімпійскія гульні, але беларусам іх не паказваюць

Цырымонія адкрыцьця Алімпіяды ў Міляне

У Італіі адбылася цырымонія адкрыцьця XXV зімовых Алімпійскіх гульняў. Спаборніцтвы працягнуцца да 22 лютага. Упершыню ў гісторыі яны праходзяць у двух гарадах Мілане і Картыне-д’Ампэцца.

Шоў прайшло на мілянскім стадыёне «Сан-Сіра» і сабрала больш за 70 тысяч гледачоў, а таксама сусьветных зорак — Мэраю Кэры, Андрэа Бачэлі ды іншых.

Выступае Мэрая Кэры

У Гульнях возьмуць удзел каля трох тысяч спартоўцаў амаль са 100 краін. Яны разыграюць 116 камплектаў узнагарод у васьмі відах спорту і 16 дысцыплінах.

Каманда Ўкраіны на цырымоніі адкрыцьця Алмпіяды

Беларусь, як і Расея, афіцыйна на Алімпіядзе не прадстаўленыя — праз санкцыі за ваенную агрэсію супраць Украіны. У гульнях возьмуць удзел сем беларусак, але ўсе яны прыехалі ў Італію ў нэўтральным статусе і ў цырымоніі адкрыцьця не ўдзельнічалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дашчынскі супраць Гуськовай. Ці будуць у Беларусі паказваць зімовую Алімпіяду і калі можна заўзець за беларусак

Упершыню ў гісторыі Гульняў запалілі два алімпійскія полымі адначасова — у Міляне на Арцы Міра і ў Картыне-д’Ампэцца. Агулам спаборніцтвы будуць адбывацца ў чатырох розных лякацыях.

Момант запальваньня алімпіскага полымя ў Картыне-д'Ампэцца

Талісманамі Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2026 года ў Італіі стаі два гарнастаі — Тына і Міла. Іх імёны — адсылка да гарадоў, якія прымаюць спаборніцтвы. Паводле задумы стваральнікаў, дапытлівыя, спартовыя і жыцьцярадасныя Тына і Міла ўвасабляюць сучасны і дынамічны дух Італіі.

Талісманы Тына і Міла падчас урачыстасьцяў у Картыне-д'Ампэцца

Другі раз у гісторыі незалежнай Беларусі тэлегледачы не пабачылі тэлевізійнай трансьляцыі цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды. Дзяржаўныя беларускія тэлеканалы не атрымалі правоў на тэлетрансьляцыі праз санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэту. Гэтаксама было і падчас летняй Алімпіяды-2024 у Парыжы. Але ў Расеі, якая знаходзіцца ў падобнай сытуацыі, сёлета правы на паказ спаборніцтваў зь Італіі набыў онлайн-кінатэатар Окко. Беларусы ж засталіся без галоўнага спартовага відовішча году.

У перадстартавых анонсах дзяржаўныя мэдыя і кантраляваныя ўладамі інфармацыйныя рэсурсы ігнаравалі факт адсутнасьці тэлетрансьляцый Алімпіяды. Канал Eurosport, дасяжны ў пакетах найбуйнейшых кабэльных апэратараў Беларусі, загадзя анансаваў паказ Алімпійскіх трансьляцый, але ў першы дзень зімовую Алімпіяду не паказвалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алімпіяда безь Беларусі: «Гэта спроба паказаць, што спорт у нас яшчэ не памёр»