З шантажом, спробамі вэрбаваньня і пагрозамі ад спэцслужбаў сутыкаюцца многія прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Аляксандра Мамаева, кіраўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі, таксама сутыкнулася з гэтымі спробамі. Яе грамадзка-палітычная дзейнасьць пачалася ў пачатку 2000-х, калі яна кіравала моладзевай ячэйкай АГП. Тады Аляксандру ўпершыню выклікалі ў КДБ, схілялі да супрацы, пагражалі яе блізкім. Актывістка часова спыніла грамадзкую дзейнасьць, у 2015 годзе разам з мужам пераехала ў Славенію. Пасьля пратэстаў 2020 году Аляксандра Мамаева далучылася да дзейнасьці беларускай дыяспары. Паводле яе, апошнія тры гады ёй рэгулярна пішуць КДБісты, спрабуюць завэрбаваць, пагражаюць сваякам і знаёмым у Беларусі.
— Аляксандра, што казалі вамі супрацоўнікі КДБ больш за 20 гадоў таму і апошнія гады? Ці зьмяніліся мэтады і аргумэнты?
— Іхныя мэтады, здаецца, не мяняліся яшчэ з Савецкага Саюзу — такая савецкая кадэбэшная школа. Яны выкарыстоўваюць пагрозы, ціск на сваякоў. Калі яны запрашаюць на такія размовы, то ніколі не называюцца супрацоўнікамі КДБ. Калі параўнаць досьвед кантактаў нашых калегаў з службамі бясьпекі іншых краін, то яны заўсёды называюцца, пытаюцца згоды на размову. У беларускім КДБ гэтага не было тады, няма і цяпер. Тады на першай жа сустрэчы была размова з прапановай працы. Я ня ведала, з кім іду на сустрэчу. А зараз у мяне быў выпадак, калі да мяне прыйшоў супрацоўнік КДБ пад выглядам кліента, які хацеў замовіць паслугу ў маёй агенцыі. Вядома, зараз гэта ўсё адбываецца найчасьцей онлайн, ім цяжка дацягнуцца да ўсіх прадстаўнікоў апазыцыі за мяжой. У Беларусі ім было прасьцей, бо яны разумелі, што могуць і арыштаваць, і наўпрост нешта падкінуць у дом, і гэтак далей.
— Вы казалі аб прапанове працы, прапанове супрацы. Адразу і грошы прапаноўваюць?
— Яны так ня кажуць, бо спрабуюць спачатку проста навязаць кантакт, зразумець, што цікава чалавеку. Так, мне прапаноўвалі таксама, каб я прыслала рахунак — не кампаніі, а менавіта асабісты рахунак, хоць гэта парушэньне заканадаўства. Гэта рабілася, каб можна было потым выкарыстоўваць нават маленькі перавод грошай: маўляў, паглядзіце, гэта аванс нібыта за працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна выявіць агентаў КДБ у дэмакратычных структурах?— З вашага досьведу, як трэба камунікаваць у такіх выпадках? Магчыма, увогуле не камунікаваць?
— Найлепшае — не камунікаваць. Спроба сакрэтных службаў адной краіны завэрбаваць рэзыдэнта іншай краіны, асабліва краіны ЭЗ — гэта парушэньне заканадаўства. І калі вы ўступаеце ў нейкія камунікацыі зь імі, то гэта ў істоце парушэньне заканадаўства, асабліва калі вы ведаеце, што гэта менавіта супрацоўнікі КДБ. Таму з гледзішча заканадаўства лепей, каб не было ніякіх кантактаў. Але зразумела, што не адразу ўдаецца ідэнтыфікаваць супрацоўніка спэцслужбаў. Як толькі вы разумееце, што гэта такі супрацоўнік, трэба спыніць усе кантакты і далей ніякім чынам зь імі не кантактаваць, зрабіць скрыншоты ўсёй перапіскі і захаваць. Скрыншоты потым можна выкарыстоўваць для міграцыйнай службы, калі падавацца на міжнародную абарону, бо гэта транснацыянальны перасьлед, гэта пагрозы.
Як толькі вы ім адказваеце, яны ставяць сабе галачку, што вы ў апрацоўцы, і потым яны ўжо ня проста могуць выкарыстоўваць веерную рассылку, аднолькавыя паведамленьні, якія яны шлюць усім, а разумеюць, што вас можна нечым зачапіць і тады яны будуць гэта выкарыстоўваць. Усякае паведамленьне можа быць вырвана з кантэксту, яно можа быць апублікавана, яго могуць пераслаць вашым калегам: «А вось глядзіце, мы зь імі на сувязі». Таму адразу спыніць усе кантакты, усё занатаваць, і пажадана адразу паведаміць сваім калегам у арганізацыі, бо яны баяцца такой публічнасьці. Яны кажуць: мы паведамім вашым калегам ці гэта агучым. Таму адразу трэба забіраць у іх гэтую магчымасьць. Таксама вельмі пажадана зьвярнуцца ў мясцовую паліцыю ці ў службу бясьпекі і сказаць, што вас спрабуюць вэрбаваць супрацоўнікі беларускага КДБ.
— Гэта ў выпадку, калі вы знаходзіцеся за мяжой, а калі гэта адбываецца ў Беларусі? Ці рэальныя пагрозы блізкім людзям?
— У Беларусі ў іх больш магчымасьцяў ціснуць. І фізычныя дзеяньні, і арышт сваякоў, і проста непасрэдна арышт актывістаў. Але, наколькі я ведаю, супраць многіх людзей, якія атрымліваюць шмат паведамленьняў, збольшага ніякіх канкрэтных дзеяньняў не было. Аасабліва калі іх ігнараваць, не даваць ніякіх зачэпак. Бо калі мы адказваем, яны разумеюць, што можна ісьці далей, рабіць далейшыя крокі і ўжо канкрэтна пагражаць блізкім, прыходзіць зь ператрусамі і да таго падобнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ Беларусі за мяжой: як вярбуюць, шантажуюць і выкрываюць— Больш за 20 гадоў таму, калі ўпершыню да вас зьвярнуліся супрацоўнікі КДБ, ці яны што-небудзь зрабілі дрэннае вам, вашым блізкім, калі вы адмовіліся супрацоўнічаць?
— 20 гадоў таму я была кіраўніцай «Моладзі АГП» ў вобласьці, праца была досыць актыўная. Тады гэта была норма, калі ўсіх больш-менш актыўных людзей, асабліва кіраўнікоў арганізацыі, выклікалі на такія размовы. Мяне выклікалі некалькі разоў, але я не перадавала ніколі нейкую ўразьлівую інфармацыю, карысталася афіцыйнымі крыніцамі. Жартавала, што перад сустрэчай трэба прачытаць сайт навінаў і анонсаў нашай арганізацыі. Яны яшчэ выкарыстоўваюць такі прыём: маўляў, калі ты ня будзеш з намі размаўляць, то мы будзем ціснуць, выклікаць тваіх калегаў, актывістаў. Вядома, гэта працуе, ты хочаш нейкім чынам іх абараніць, каб за тваю актыўнасьць не адказвалі іншыя людзі. Але звычайна ім дастаткова таго, што вось факты, што недзе там людзі сустрэліся. Я ня памятаю, каб былі нэгатыўныя ўплывы ад гэтых сустрэчаў, каб некага арыштавалі.
— Цяпер многія беларусы атрымліваюць электронныя паведамленьні з прапановамі вярнуцца і з прапановамі супрацы. Многія агучваюць гэта, робяць скрыншоты. Што б вы параілі, абапіраючыся на ваш досьвед, беларусам, якія сутыкаюцца з такімі прапановамі?
— Па-першае, захоўваць спакой, разумець, што хутчэй за ўсё гэта проста плянавая акцыя застрашэньня. Шлюць шмат каму, часта паведамленьні непэрсаналізаваныя, там можа быць толькі імя-прозьвішча. І калі няма рэакцыі, то, хутчэй за ўсё, і зь іхнага боку ня будзе нейкіх актыўных крокаў. Але трэба памятаць, што там ёсьць і больш сур’ёзныя, прафэсійныя супрацоўнікі, што яны могуць дзейнічаць іншымі шляхамі — пераходзіць ад паведамленьняў да спробаў зайсьці праз знаёмых, праз арганізацыі дыяспары, прыходзіць як валянтэры і здабываць інфармацыю. І тут парада быць па-добраму асьцярожным, спрабаваць рабіць вэрыфікацыю ўсіх новых людзей, дазнавацца, ці яго нехта ведае, што ён ня толькі гаворыць, але і робіць. Не дадаваць такіх у нейкія ўнутраныя чаты, не дзяліцца адчувальнай інфармацыяй, кантактамі, прозьвішчамі іншых людзей.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.