Былы міністар унутраных спраў Шуневіч абураны «правальным» сэзонам паляваньня на рысь. Ён зьбіраўся забіць больш

Ігар Шуневіч

Чыноўнік спадзяваўся на большыя маштабы здабычы жывёліны, чый недатыкальны статус у Чырвонай кнізе рэжым Лукашэнкі нядаўна зьмяніў. Таксама Шуневіч накінуўся на прыродаахоўнікаў, якія крытыкавалі такія зьмены.

З 57 асобін рысі, адведзеных для паляўнічай здабычы ў мінулым сэзоне, упалявана ўсяго шэсьць (10,5%), паведаміў дзяржаўным СМІ старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР), былы міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч.

«З рысьсю сытуацыя неадназначная. Поўны правал сэзону. Дазволеныя спосабы — з падыходу і з засады, без загонных паляваньняў. У нас няма досьведу і ўмоў для паляваньня на рысь з сабакамі», — панаракаў Шуневіч, адзначыўшы, што забітыя жывёлы зьявіліся «хутчэй спадарожнай здабычай».

Ён падкрэсьліў, што «ўсе асьцярогі прыродаахоўнікаў пра ўплыў на папуляцыю аказаліся блефам, нагнятаньнем атмасфэры».

Рысь і кот, архіўны здымак

Акрамя таго, Шуневіч прызнаў, што «паляваньне на рысь ня стала фэномэнам нацыянальнага паляваньня».

Сэзон паляваньня на рысь працягваўся з 31 кастрычніка 2025 году па 31 студзеня 2026.

Урад дазволіў паляваньне на рысь у красавіку 2025 году, калі ўнёс зьмены ў пастанову «Аб пэўных пытаньнях паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі». Паніжэньне ахоўнага статусу рысіў Чырвонай кнізе Беларусі тады выклікала рэзкую крытыку беларускіх прыродазнаўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка экс-міністра ўнутраных спраў Шуневіча стала лепшай паляўнічай у Беларусі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пасьля 40-гадовай забароны ўпалявалі ўжо чацьвёртую рысь за месяц