Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпершыню за 40 гадоў на паляваньні застрэлілі рысь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў (БТПР) паведамілі, што на тэрыторыі Барысаўскай паляўнічай гаспадарцы на паляваньні ўпершыню пасьля 40-гадовай забароны застрэлілі рысь.

Паляваньне на рысь дазволілі ў 2025 годзе праз нібыта павелічэньне папуляцыі. Перад гэтым улады панізілі чырвонакніжны статус рысі з другой да найменш ахоўванай чацьвёртай ступені і дазволілі паляваць «у асаблівым рэжыме». Цяпер на рысь можна паляваць зь 1 кастрычніка да 31 студзеня.

Згодна з рашэньнямі ўладаў, паляваньне на рысь дазволілі ў пяці раёнах Віцебскай, 14 раёнах Гомельскай, 8 раёнах Менскай і 2 раёнах Горадзенскай абласьцей. Паляваць можна з наразной або гладкаствольнай зброі, з сабакамі, на падставе спэцыяльных дазволаў. Кошт трафэя для грамадзян Беларусі і Эўразійскага эканамічнага саюзу складае 200 беларускіх рублёў, для іншаземцаў — 500 рублёў.

Сёлета таксама ўпершыню дазволілі паляваць на бурага мядзьведзя. Перад гэтым яго ахоўны статус таксама панізілі. На мядзьведзя можна было паляваць з з 1 ліпеня да 31 сьнежня.

Хто дамагаўся дазволу паляваць

Указ, які карэктуе правілы паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі, Аляксандар Лукашэнка падпісаў 18 лістапада 2024 году. Гэты ўказ дазволіў паляваньне на мядзьведзя і рысь у «асаблівым рэжыме», каб «кантралявана рэгуляваць іх колькасьць на падставе плянаў кіраваньня папуляцыямі, якія распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі».

Указ даў Міністэрству лясной гаспадаркі паўнамоцтвы на «вызначэньне пераліку патронаў (калібраў) наразной паляўнічай зброі, дазволеных для здабычы паляўнічых жывёлаў у залежнасьці ад віду і (або) узросту».

19 кастрычніка 2022 году старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў, былы міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч выказаў думку, што «з гледзішча прыродаахоўнай дзейнасьці Чырвоная кніга — рудымэнтарны інструмэнт».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG